Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Беларусі распачынаюцца ўрачыстасці да 100-га юбілею кс. інфулата Станіслава Кучынскага (абноўлена)
Анонсы
18.09.2014 10:40

З нагоды святкавання 100-годдзя ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага адбудуцца ўрачыстыя святыя Імшы ў Альковічах і Шэметава, якія ўзначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. 

  • 27 верасня — Святая Імша ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Альковічах у 12.00
  • 11 кастрычніка — Святая Імша ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі  ў Шэметава ў  11.00

Асоба кс. Станіслава Кучынскага займае сваё асаблівае месца ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Асноўная душпастырская дзейнасць святара прыйшлася на савецкія часы, вядомыя сваім негатыўным стаўленнем да рэлігіі.

Ксёндз Станіслаў скончыў Вілейскую гімназію і факультэт тэалогіі віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. У Вільні малады Станіслаў асабліва часта прыходзіў у Вострую Браму, да Маці Міласэрнасці, якую любіў усім сэрцам. Віленскі ўніверсітэт ён скончыў у 1939 годзе. Гэта быў апошні выпуск перад пачаткам Другой сусветнай вайны.

Прэзбітэрскае пасвячэнне Станіслаў Кучынскі прыняў 18 чэрвеня 1939 г. з рук арцыбіскупа Віленскага Рамуальда Ялбжыкоўскага, прыміцыйную святую Імшу цэлебраваў у родных Альковічах і напачатку быў скіраваны на служэнне ў парафію ў Свіры.

Там маладога святара заспела вайна: у заходнюю Беларусь прыйшлі «саветы». З-за пагрозы жыццю тагачасны дэкан Свірскі выехаў у Літву, і яго вікарый ксёндз Кучынскі застаўся адзін. Яго некалькі разоў шукалі шпегі з НКУС, і святар быў вымушаны цэлымі суткамі хавацца ў лодцы на Свірскім возеры.

Вайна і служэнне

У 1941 г. ксёндз Станіслаў Кучынскі быў прызначаны ў шэметаўскую парафію Маці Божай Нястомнай Дапамогі, а пастаянна пачаў там працаваць з 1942 г. Тутэйшыя парафіяне з кветкамі сустракалі маладога вікарыя, які прыехаў са Свіры на кані. Ксёндз Станіслаў арганізаваў у Шэметаве групу міністрантаў, якая неўзабаве складалася з 24 хлопцаў, займаўся парафіяльным хорам. Звычайныя святарскія абавязкі сталі сапраўдным подзвігам, калі ўлічыць, што ўсё гэта адбывалася ў часы страшнага ваеннага ліхалецця, калі святарскае служэнне часта было звязана са шматлікімі абмежаваннямі і нават з рызыкай для жыцця.

Аднойчы зімою 1944 г. у плябанію ў Шэметаве ўварваліся ўзброеныя людзі, якія называлі сябе «партызанамі». Яны ў мароз вывелі з плябаніі старога пробашча ксяндза Стэфана Раманоўскага і пачалі здымаць з яго боты. Не стрываўшы такога здзеку, пажылы святар памёр — спынілася сэрца. Тады бандыты абрабавалі плябанію і падпалілі яе.

Гэтыя жахлівыя весткі людзі прынеслі вікарыю ксяндзу Станіславу Кучынскаму ў вёску Конціненты, дзе той быў на калядзе. Святар вырашыў неадкладна вяртацца ў Шэметава, хоць гэта пагражала сустрэчай з лютымі бандытамі і было смяротна небяспечным. Каб у ім не пазналі святара, людзі далі ксяндзу Станіславу грубую сялянскую вопратку і, падвёзшы да могілак, пакінулі там. Далей да касцёла вікарый павінен быў ісці адзін.

Раздаўшы парафіянам рэчы памерлага ксяндза Раманоўскага, а міністрантам — кнігі, што засталіся з парафіяльнай бібліятэкі, ксёндз Станіслаў быў вымушаны перабрацца ў вёску Шэметава, дзе штодзённа цэлебраваў святую Імшу ў ператвораным у каплічку доме адной парафіянкі. Імшы ў шэметаўскім касцёле, аддаленым ад вёскі, тады адбываліся толькі па нядзелях.

Размова з Божым Провідам

Адразу пасля вайны ў жыцці пастыра шэметаўскай парафіі адбыўся сапраўдны цуд. Аднойчы ён прысеў на лаве каля дома, каб памаліцца. Падчас малітвы ксёндз раптам пачуў дзівосны голас: «Сыходзь адсюль!» Праз пэўны час, які святар правёў у шчырай малітве, голас паўтарыў наказ: «Сыходзь адсюль зараз жа!» Ксёндз Станіслаў зразумеў, што гэта голас звыш. Ён, не азіраючыся, сышоў з Шэметава, а неўзабаве ў плябаніі з’явіліся ўзброеныя людзі, якія шукалі святара і дапытваліся ў сястры, дзе ён. Такім чынам Божы Провід у чарговы раз уратаваў жыццё чалавеку, якога выбраў і прызначыў пастырам сваіх авечак.

З вялікімі намаганнямі парафіянам удалося адбудаваць плябанію, і жыццё паволі пачало наладжвацца. Вернікі бачылі самаахвярнасць свайго пастыра і, чым маглі, дапамагалі яму. Дарослыя прывозілі з лесу дровы на ацяпленне, міністранты прыходзілі дапамагаць пробашчу іх пілаваць, секчы і складаць. Падчас перапынкаў у працы ксёндз частаваў сваіх маленькіх памочнікаў і распавядаў ім шмат цікавага.

Савецкая ўлада, што канчаткова ўсталявалася пасля вайны, выгнала ксяндза Станіслава з адноўленай людзьмі плябаніі. Святар застаўся без даху над галавой. Уначы вернікі перавезлі кнігі і асабістыя рэчы ксяндза ў вёску Сурвілы. Пражыўшы там пэўны час, ксёндз Станіслаў перабраўся ў Міціненты, дзе яму дала прытулак у сваім доме адна шматдзетная сям’я.

Штодзённа ў любое надвор’е святар хадзіў у касцёл, каб цэлебраваць святую Імшу. Зрэдку яго падвозілі, але часцей за ўсё шлях з дома ў касцёл і назад ксёндз Станіслаў пераадольваў пешкі, бо каня трымаць яму забаранілі. Ён рэгулярна цэлебраваў Імшу таксама ў Канстанцінаве і час ад часу ў Будславе. Каб даставіць туды святара, людзі прыдумалі своеасаблівую «эстафету»: трактарысты з розных калгасаў употай ад кіраўніцтва правозілі ксяндза Станіслава з аднаго калгаса ў другі, там перасаджвалі на наступны трактар, і так ксёндз дабіраўся да месца прызначэння.

Выпрабаванне савецкай сістэмай

Жыццё ў Шэметаве стала крыху лягчэйшым, калі пробашч пасяліўся ў дамку, які дазволілі пабудаваць побач з касцёлам, непадалёк ад плябаніі, у той час занятай рыбгасам. Шэметаўскі ксёндз жыў тут разам са сваімі сёстрамі, якія дапамагалі яму па гаспадарцы. Жыў ён вельмі сціпла, чым мог, дапамагаў усім, хто меў у гэтым патрэбу: пагарэльцам, самотным, вязням. Бедным жанчынам ён мог аддаць нават выходны абутак роднай сястры. Але на першым месцы ў яго жыцці заўсёды была святарская паслуга, з якою ён быў гатовы прыйсці ў любы час дня і ночы, куды б яго ні паклікалі. Па першай просьбе ён сядаў на матацыкл і ехаў да хворых ці да паміраючага.

Нягледзячы на жорсткі пераслед, касцёл у Шэметаве ніколі не зачыняўся і там заўсёды можна было знайсці святара, які адкрыта або патаемна здзяйсняў сакрамэнты: спавядаў, хрысціў, благаслаўляў сужэнствы, удзяляў дзецям Першую святую Камунію, канфірмаваў.

Калі дзецям улады спрабавалі забараніць хадзіць у касцёл, ксёндз пускаў іх у святыню праз сакрыстыю, каб маленькія парафіяне таксама маглі ўдзельнічаць у Імшы. У 1961 г., калі памёр дэкан Свірскі, шэметаўскі пробашч быў прызначаны на яго месца, хоць касцёл у Свіры быў зачынены. У часы, калі на нашых землях адсутнічала каталіцкая іерархія, ксёндз Станіслаў Кучынскі быў Генеральным вікарыем часткі былой Віленскай архідыяцэзіі — на Міншчыне і на Віцебшчыне.

Актыўная дзейнасць ксяндза Станіслава Кучынскага моцна раздражняла антырэлігійныя савецкія ўлады. Святара часта выклікалі на размовы ў Мядзел, Мінск і нават у Маскву, гадзінамі трымалі ў кабінетах, спрабуючы абразамі і пагрозамі прымусіць спыніць яго адданае служэнне і выехаць з Шэметава.

Часам для таго, каб быць у мядзельскім райвыканкаме ў прызначаную гадзіну, ксяндзу даводзілася з вечара выязджаць на трактары ў раённы цэнтр і там цэлую ноч дзесьці чакаць адкрыцця ўстановы. Двойчы ў ксяндза Станіслава забіралі дазвол на здзяйсненне святарскай дзейнасці, так званую (на расейскай мове) «справку»: у 1961 г. на паўгады, а ў наступным годзе — на 3 летнія месяцы.

Cтаніслаў Кучынскі — першы рэктар духоўнай семінарыі ў Гродне

Жыццё ксяндза пробашча Станіслава Кучынскага яшчэ раз крута змянілася ў 1990 г., калі Апостальскі адміністратар для католікаў Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч адкрыў у Гродне першую ў нашай краіне пасля вайны семінарыю. Ксяндза Станіслава як сапраўднага пастыра, з якога маглі браць прыклад семінарысты, паклікалі туды, каб ён заняў пасаду рэктара гэтай навучальнай установы.

За вялікія заслугі перад Богам і Касцёлам Святы Айцец Ян Павел ІІ, з якім ксёндз Станіслаў Кучынскі сустракаўся падчас візіту Вялікага Папы ў Польшчу, надаў яму годнасць інфулата.

У апошнія гады жыцця ксёндз Станіслаў па-ранейшаму, нягледзячы на цярпенні, штодзённа цэлебраваў святую Імшу: або ў суправаджэнні семінарыста, які дапамагаў яму падысці да алтара, або з адным-двума семінарыстамі ў сваім пакоі. Нягледзячы на тое, што гэтая Імша магла доўжыцца некалькі гадзін, кожны семінарыст з задавальненнем згаджаўся асіставаць ксяндзу Станіславу.

Пра сваіх шэметаўскіх парафіян добры пастыр таксама не забываўся і, пакуль дазваляла здароўе, час ад часу прыязджаў да іх у Шэметава. Калі 8 мая 1996 года ён адышоў у вечнасць, яны таксама, амаль усе, прыехалі апошні раз развітацца з ім.

Ксёндз інфулат Станіслаў Кучынскі пахаваны каля касцёла ў родных Альковічах, але памяць пра яго жыве і ў Гродне і, перш за ўсё, у шэметаўскай парафіі, дзе яго вялікае святарскае жыццё назаўсёды застанецца ў памяці пакаленняў.

(JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.