Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскай парафіі Божага Цела пройдзе святкаванне распачацця юбілейнага года 500-годдзя нараджэння св. Тэрэзы Авільскай
Анонсы
14.10.2014 14:56

Кармэліты босыя з парафіі Божага Цела ў Мінску запрашаюць на святкаванне распачацця юбілейнага года 500-годдзя нараджэння св. Тэрэзы Авільскай. 15 кастрычніка, ва ўспамін св. Тэрэзы, у 19.00 у парафіі адбудзецца ўрачыстая Імша, якую ўзначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Пасля Імшы а. Аркадзь Куляха OCD прадставіць даклад, прысвечаны св. Тэрэзе.

Тэрэза дэ Сэпэда-і-Аумада нарадзілася ў 1515 г. у Іспаніі, паходзіла са шляхецкай заможнай сям’і, якая жыла ў Авіле. Яшчэ ў дзяцінстве марыла аб мучаніцтве за веру. Калі ёй было 12 гадоў, памерла яе маці. Аб гэтым святая пісала ў сваёй біяграфіі: «Калі ў мяне памерла маці... я, разумеючы вялікасць страты, прыбягала ў сваім горы да абраза Маці Божай і, горка плачучы, маліла Яе, каб Яна была мне маці. Гэтая просьба, хоць і зробленая з дзіцячай прастатой, не была — як мне здаецца — дарэмнай».

У 20 гадоў Тэрэза ўступіла ў кляштар кармэлітанак у сваёй роднай Авіле. Пасля складання шлюбаў цяжка захварэла і на працягу года лячылася па-за кляштарам. Пасля вяртання ў кляштар адбывалася паглыбленне яе духоўнага жыцця. Будучы таленавітай і ўражлівай, яна адкрывае, што малітва — таямнічая брама, праз якую яна ўваходзіць ва «ўнутраны замак». Святая Тэрэза — містычка і візіянерка, а адначасова асоба вельмі практычнага розуму.

Святая здзейсніла рэформу свайго ордэна, заснаваўшы 32 кляштары. Частку жыцця правяла ў доўгіх падарожжах, у перамовах з духоўнымі і свецкімі ўладамі, у прамаўленні дакладаў, прысвечаных аднаўленню кансэкраванага жыцця. З дапамогай св. Яна ад Крыжа ўзялася таксама за рэформу супольнасці кармэлітаў. Новая галіна супольнасці атрымала назву кармэлітаў босых. Святая Тэрэза спалучала сузіранне з актыўнасцю і аскезай. Нягледзячы на перашкоды, рэалізавала сваё законнае пакліканне. Мела дар сардэчнай блізкасці з Богам. На аснове асабістага досведу напісала працы, якія сталі пярлінамі містычнай літаратуры, сярод іх найважнейшая — «Унутраны замак». З’яўляецца класікам іспанскай літаратуры.

Адышла ў вечнасць у 1582 г. Папа Павел V беатыфікаваў яе ў 1614 г., Грыгорый XV кананізаваў у 1622 г. У 1970 г. Павел VI абвясціў св. Тэрэзу доктарам Касцёла.

У іканаграфіі св. Тэрэза прадстаўлена ў хабіце кармэлітанкі, яе атрыбутамі з’яўляюцца анёл, які працінае яе сэрца стралой любові, голуб, крыж, пяро і кніга, страла, надпіс «Misericordias Domini in aeternumcantabo».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.