Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
14 снежня ў Ракаве ўзгадаюць спачылага кс. Яна Такарскага SDB
Анонсы
11.12.2014 13:05

Урачыстая святая Імша памяці кс. Яна Такарскага SDB, салезіяніна і былога пробашча парафіі, пройдзе 14 снежня ў Ракаве. У гэтым годзе прыпадае 40-я гадавіна з дня смерці ракаўскага пастыра.

Мясцовая парафія і ўся салезіянская супольнаcць у Беларусі прагнуць ушанаваць памяць аб верным сыне св. Яна Боско і запрашаюць да ўдзелу ва ўрачыстай святой Імшы.

Урачыстасць распачнецца Імшой а 10-й гадзіне, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

На ўрачыстасць прыбудуць прадстаўнікі розных салезіянскіх пляцовак. Святая Імша стане падзякай Богу за ахвярнага пастыра і субрата.

Біяграфія кс. Яна Такарскага

Ян Такарскі нарадзіўся ў Польшчы ў вёсцы Мехавіцы 12 красавіка 1900 года. У 25 гадоў ён звяртаецца да салезіянаў з просьбай аб прыняцці яго ў супольнасць. Навіцыят будучы святар правёў у Чэрвінску над Віслай. Гады вучобы ў семінарыі Яна Такарскага былі пазначаны чорным знакам Другой Сусветнай вайны. З-за няўпэўненасці на Віленшчыне салезіянаў «перакідвалі» з дому ў дом. Паўсюль было небяспечна. Заключны курс тэалогіі Ян Такарскі вывучаў ужо ў літоўскім Сальдуціскіс каля Свянцянаў.

Субдыяканат ён атрымаў 21 снежня 1941 года з рук Мітрапаліта Віленскага біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, а 22 снежня таго ж года — дыяканат. 16 сакавіка дыякан Ян Такарскі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, якое было ўдзелена яму Мітрапалітам у прыватнай капліцы ў Вільні.

Пасля атрымання святарскага сану кс. Ян застаўся працаваць у Вільні, дапамагаючы пры салезіянскім касцёле св. Стэфана. Атрымаўшы дазвол ад манаскіх уладаў, кс. Такарскі накіроўваецца на Міншчыну, а дакладна ў Гарадзею Нясвіжскага раёна. Пасля вызвалення ў 1944 г. Маладзечаншчыны Чырвонай арміяй кс. Ян едзе ў асірацелую парафію ў вёсцы Дубрава. З Дубравы святар таксама прыязджаў у парафіі Св. Юрыя ў Пяршаях і Маці Божай Ружанцовай у Ракаве.

20 лістапада 1948 года кс. Яна Такарскага з Дубравы асудзілі на 10 гадоў турмы і вывезлі ў Віцебск. Адтуль салезіянін быў вывезены ў савецкі лагер у мясцовасць Інта (200 км ад Варкуты).

Вызваленне і служэнне

У 1949 годзе яго перавозяць у мясцовасць Обіс, дзе змяшчаюць у турэмную камеру з 30 вязнямі. Там кс. Ян прабываў да 1951 года, бо ў гэтым годзе яму патрэбна было вярнуцца ў Маладзечна на паўторны суд. Прысуд быў наступным: «Кара смерці заменена на 25 гадоў прыбывання ў лагеры». Прычына такога жорсткага прысуду гучала наступным чынам: «Упарты ў веры: вучыў дзяцей рэлігіі, а, не змогшы пераканаць, прывабліваў іх цукеркамі».

Усяго кс. Такарскі адсядзеў 6 гадоў і 8 месяцаў. У лагерах пагоршылася яго здароўе, ён захварэў на цукровы дыябет, які прыносіў вялікае цярпенне аж да дня смерці. У 1954 годзе па амністыі кс. Яна вызваляюць, і ён адразу прыязджае ў Беларусь.

Касцёл у Дубраве за час прабывання кс. Такарскага ў лагеры быў зачынены. Не маючы куды вяртацца ў Дубраве, кс. Ян цэлы год жыў у плябаніі кс. Юзафа Марсангера, пробашча парафіі Унебаўзяцця Панны Марыі ў Красным (Маладзечанскі раён). Ксёндз Такарскі патаемна адпраўляў Імшы (бо яшчэ не меў дазвалення ўладаў) у ваколіцах Краснага і Валожына. Пазней едзе ў Ракаў (Валожынскі раён), дзе атуляе апекай могілкавую капліцу св. Ганны.

Маленькая капліца не магла змясціць вялікія натоўпы людзей, якія, нібы пілігрымы, прыязджалі ў Ракаў. На тыя часы ў Мінску былі зачынены ўсе касцёлы, таму вялікі наплыў вернікаў са сталіцы прыязджаў да кс. Яна.

Як я магу пакінуць маю аўчарню?

Праз пэўны час кс. Ян пачынае цяжка хварэць. Вялікія высілкі душпастырскай працы, гады сібірскіх лагераў, барацьба з камуністычнымі ўладамі зрабілі сваё. Настаяцелі прапануюць яму выехаць у Польшчу, дзе ён у спакоі змог бы падлячыцца. Ксёндз Такарскі адказвае ў лісце: «Як я магу пакінуць маю аўчарню? (…) Працы і хлеба мне хапае, кавалак неба гэтым заслужу… Спаўняю свой абавязак, які абяцаў перад Маці нашай Кангрэгацыі… Пры гробе нашага айца, ксяндза Боско, прашу памятаць пра выгнанніка, які далёка ад сям’і пхае “тачку жыцця”».

Дыябет, сардэчныя недамаганні і проста ператамленне з’ядалі кс. Такарскага. 29 лістапада 1974 года кс. Ян накіроўваўся да капліцы, каб адправіць набажэнства. Да святыні не дайшоў — страціў прытомнасць па дарозе. На машыне хуткай дапамогі святара вязуць у мінскі шпіталь, дзе адразу робяць яму аперацыю. Аперацыя прайшла добра, кс. Ян крыху ачуняў.

8 снежня ў шпіталь прыехаў кс. Ян Адамовіч, які ўдзяліў ракаўскаму пастыру намашчэнне хворых. Ксёндз Ян Такарскі адышоў у вечнасць 15 снежня 1974 года.

Кс. Віктар Гайдукевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.