Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Нарачы на 76-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння кардынала Казіміра Свёнтка адбудзецца Імша і адарацыя “Сакрэт майго святарства”
Анонсы
07.04.2015 11:26

8 красавіка прыпадае 76-я гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. З гэтай нагоды ў 18.30 у касцёле св. Андрэя, апостала, у Нарачы будзе цэлебравацца святая Імша за кардынала, а перад гэтым моладзь парафіі правядзе адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту “Сакрэт майго святарства”, падчас якой будуць гучаць успаміны кардынала Казіміра Свёнтка пра сваё пакліканне.

На адной з сустрэч са святарамі Ян Павел ІІ сказаў такія словы: «Галоўная місія святарства заключаецца ў Эўхарыстыі. Ваша і мая самасвядомасць раз і назаўсёды вызначана ў цэлебрацыі Эўхарыстыі». Калі я задумаўся над гэтымі словамі і над тым, што для мяне стаіць на першым плане ў святарстве і што адыгрывае ў ім галоўную ролю, то прыйшоў да высновы, што гэта, відавочна, Эўхарыстыя, святая Імша — святая Камунія і святая эўхарыстычная адарацыя... Прашу мне паверыць: я знешне ўтаймоўваю сябе, каб гэтага не было відаць, але на працягу сямідзесяці гадоў, калі я цэлебрую святую Імшу і пры вымаўленні словаў кансэкрацыі бяру ў рукі Гостыю і келіх, кожны раз у мяне дрыжыць голас, дрыжаць рукі... Бог Айцец дае нам прабачэнне, і чалавецтва збаўляецца. Бяда была б свету, калі б не было святой Імшы! Падчас святой Імшы мне як святару першаму дадзена карыстацца ахвярнымі дарамі, пераўтворанымі ў Цела і Кроў Езуса Хрыста. Які прывілей! А як жа міла адараваць «Вязня Любові» (гэта маё любімае азначэнне), прысутнага ў Касцёле ў табэрнакулюме! Падчас адарацыі я не размаўляю, у мяне проста няма словаў... Я кленчу, гляджу на табэрнакулюм — і са мною на свой Боскі лад размаўляе Езус Хрыстус. <...> Я перакананы, што, калі настане канец майго жыцця, гэта будзе апошні акт падобнай сустрэчы з Богам...
 
У пэўнай ступені сакрэтам майго святарства з’яўляецца маё стаўленне да матэрыяльных справаў. Маё жыццё з дзяцінства, а таксама ў школьныя і юнацкія гады праходзіла ў беднасці. А часта — у крайнім убостве, бо не хапала нават хлеба. Умовы майго існавання падчас дзесяці гадоў зняволення ў савецкіх вязніцах і карных лагерах яшчэ больш сфармавалі ўва мне негатыўнае стаўленне да дабрабыту і выгодаў. Пасля вяртання з ГУЛАГу я адразу ўнёс гэты жыццёвы досвед у стыль свайго бытавання і зусім адмовіўся ад дабрабыту і выгодаў у сваім штодзённым жыцці. Для вызвалення ад усялякага матэрыяльнага цяжару я пасяліўся ў невялікім драўляным доме ў Пінску, адмовіўшыся ад пастаяннага пражывання — ужо як біскуп — у пабудаваных мною элегантных рэзідэнцыях арцыбіскупа Мітрапаліта ў Мінску і Апостальскага Адміністратара ў Пінску. Усялякія жыллёвыя патрабаванні і пераборлівасць у ежы я аднёс бы да сваіх уласных цяжкіх грахоў, памятаючы лагерныя баракі і славутую баланду. У якасці кампенсацыі ад Бога за пэўныя адрачэнні я меў і маю магчымасць захапляцца прыгажосцю прыроды Палесся. <...>

Выйдзі на ўзлесак, на балота... Пераначуй у стозе сена... Няхай цябе пакусаюць камары... Я жыў гэтым дзясяткі гадоў... Выправы з сабакам Асам на лодцы, начлегі каля ракі... Юшка з чыгунка... А такавання глушцоў не заменіць ніякі самы ўрачысты канцэрт! <...>

Чалавек часта слухае гукі прыроды, але не чуе іх, не адчувае... У прыродзе ёсць столькі з’яваў, якія знаходзяцца каля нас, праходзяць праз нас, але мы іх не адчуваем, не разумеем і не можам выкарыстаць... Навука даследуе, пазнае прыроду, але мы ніколі не спазнаем яе да канца, ніколі не зраўняемся з Богам... Інакш бы Бог перастаў быць Богам... Мы сталі б бажкамі... Тады б усё рухнула, як карткавы дамок...

«І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16) — гэта галоўная аксіёма нашай хрысціянскай веры, асноўны змест Добрай Навіны — Евангелля Хрыста. У сучасным свеце, напоўненым эгаізмам, злосцю, нянавісцю, матэрыяльным разлікам, ужо не стае месца для сапраўднай любові, а значыць і для дабрыні, сардэчнасці, зычлівасці, згоды, міласэрнасці... Сумныя словы святога Францішка пра тое, што «любоў нелюбімая ў гэтым свеце», на жаль, сёння асабліва актуальныя. Менавіта Касцёл, а ў ім святары павінны ўсё больш рупліва абвяшчаць і пашыраць цывілізацыю любові, якая чэрпаецца з Найсвяцейшага Сэрца Езуса, «палымнеючага вогнішча міласці».

«Любові да Маці Божай яшчэ ў дзяцінстве мяне навучыла мая мама. Потым гэтая любоў узмацнілася ў Марыянскай Садаліцыі, якая была створана ў 20–30-я гады мінулага стагоддзя, калі культ Маці Божай пачаў асабліва пашырацца!» <...>

Культ Марыі — адна з галоўных рэлігійных практыкаў у маім духоўным жыцці. А наглядным знакам маёй любові да Маці Божай з’яўляецца выбраны мною дэвіз для біскупскага герба: «Маці Міласэрнасці». <...>

«Вось іду, каб выканаць волю Тваю» (Гбр 10, 7). Хачу падкрэсліць, што ў гэтым выказванні ўжыты цяперашні час. Святарскае пакліканне не можа быць толькі з’яваю мінулага, гэта пастаянны заклік, угрунтаваны ў глыбіннай сутнасці святарства, якое назаўсёды з’яднала мяне з Хрыстом. «Іду...» — гэта значыць — увесь час, ажно да смерці... «Sacerdos in aeternum». Святарства ахоплівае мяне цалкам, яно ахоплівае ўсё маё жыццё, усю маю дзейнасць — я ёсць «alter Christus». Кожны святар, «якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей» (Гбр 5, 1). Я патрэбны людзям, і не на «паўстаўкі», як найміт. Калі час ад часу можа здавацца, што я не патрэбны, то гэта значыць, што я павінен даваць больш выразнае святарскае сведчанне, і толькі тады я пераканаюся, як моцна патрэбна свету гэтае святарскае сведчанне.

Сёння вернікам патрэбны святар, але іх давер узнікае і ўзрастае тады, калі яны бачаць, што яго асабістае жыццё адпавядае святарскаму служэнню...


Паводле naracz.na.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.