Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У чэрвені з Салігорска вырушае роварная пілігрымка ў Чэнстахову
Анонсы
29.04.2015 16:02
Роварная пілігрымка «Салігорск-Чэнстахова» вырушае 14 чэрвеня. «Для ўдзелу ў ёй трэба добры шасэйны ровар, шэнгенская віза ў пашпарце, трываласць фізічная і моцны дух», — пералічваюць арганізатары.
Пілігрымы-роварысты павінны будуць пераадолець 1000 кіламетраў, кожны дзень трэба будзе праязджаць не менш за 50 км, таму трэніроўкі да летняй вандроўкі ўжо распачаліся. Як паведамляюць арганізатары, штодзень удзельнікі збіраюцца разам, у залежнасці ад таго, у каго які графік працы, каб праязджаць каля 50 км. «Калі чалавек праязджае 50 км, а на наступны дзень адчувае сябе добра, то ён і 100 пераадолее за дзень», — кажа верніца парафіі Св. Францішка ў Салігорску і будучы пілігрым.

Шлях пілігрымкі наступны: Салігорск — Сіняўка — дзікае месца каля санаторыя «Сасновы бор» — Ружаны — Свіслач — Міхалова — Бельск-Падляскі — Ласіцэ — Воля-Альшэньска — Зволень — Шыдловец — Радошчыцэ — санктуарый св. Ганны — Чэнстахова. У першы дзень пілігрымы павінны будуць пераадолець 90 км шляху, у наступныя дні менш: па 58, 65.

Пілігрымы прыбудуць у Марыйны санктуарый 26 чэрвеня, адкуль у Беларусь будуць вяртацца на спецыяльным аўтобусе 28 чэрвеня.

На сённяшні дзень колькасць пілігрымаў, большасць якіх жыхары Салігорска, — 25 удзельнікаў. Прымаюць удзел таксама два чалавекі з Любані, адзін з Брэста і адзін з Мінска.

Таксама ў парафіі Св. Францішка ў Салігорску прымаюцца просьбы і інтэнцыі да Маці Божай, якія пілігрымы павязуць у Чэнстахову.

У гэтай пілігрымцы едуць не спартсмены, але людзі, якія спадзяюцца на Божую дапамогу, едуць з малітвай.

Узроставая катэгорыя ў сярэднім — 30-40 гадоў, хоць далучылася і моладзь. Самы старэйшы пілігрым 1958 года нараджэння, а самаму малодшаму — 12 гадоў

Ёсць магчымасць далучыцца да гэтай пілігрымкі для тых, хто мае візу, добры ровар і адпаведную падрыхтоўку. Аб удзеле арганізатары просяць паведаміць у найбліжэйшы час па наступных тэлефонах:

+375 29 762 18 97 (а. Сабеслаў Тамала OFM)
+375 29 779 75 54 (Валянціна)

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.