Адбудзецца пілігрымка і Імша за жыхароў Гродна і Ліпска, расстраляных на Фартах каля Навумавіч |
Анонсы
|
16.07.2015 12:16 |
У ліпені адзначаецца чарговая гадавіна трагічнай падзеі для Гродна і суседняга Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы). У гэтым месяцы ў 1943 г. па дарозе з Гродна ў напрамку Сапоцкіна гітлераўцамі была расстраляна вялікая група жыхароў Гродна і Ліпска, сярод якіх былі як свецкія вернікі, так і гродзенскія святары.
Сярод ахвяр была бл. Мар’яна Бярнацкая, якая прыняла мучаніцкую смерць, аддаючы жыццё за сваю цяжарную нявестку.
У сувязі з памяццю аб гэтых трагічных падзеях біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч запрашае вернікаў на месца пакарання 18 ліпеня ў 19.00, каб падчас святой Імшы разам маліцца ў інтэнцыі ахвяр, а таксама дзякаваць Богу за благаслаўлёную Мар’яну.
Таксама біскуп запрашае ўсіх да ўдзелу ў пешай пілігрымцы на месца пакарання, якая пачнецца ў парафіяльным касцёле ў Адамавічах 18 ліпеня ў 15.00. Пілігрымка прыбудзе на Форт №2 на святую Імшу ў 19.00.
“Мы будзем прасіць для ўсіх ласку моцнай веры і любові, якая перамагае чалавечую нянавісць, - адзначае біскуп Аляксандр Кашкевіч у запрашэнні. - Усіх удзельнікаў пешага паломніцтва і святой Імшы на Фартах каля Навумавіч ад усяго сэрца благаслаўляю”. Умовы ўдзелу ў пілігрымцы і святой Імшы на Фартах:
Пілігрымы збіраюцца на прыпынку каля магазіна “Баторы” (Гродна, пл. Савецкая) 18 ліпеня ў 14.00 і гарадскім аўтобусам прыязджаюць у Адамавічы. Адтуль у 15.00 яны вырушаць у пілігрымцы (8-9 км) праз вёскі Міцкевічы і Навумавічы на Форт №2.
Непаўналетнія пілігрымы павінны мець апекуноў.
Арганізатары просяць мець адпаведны абутак для пілігрымавання па пясчанай дарозе.
Для тых, хто не зможа пайсці пешшу з Адамавіч на Фарты, ёсць магчымасць выезду каля магазіна “Баторы” (Гродна, пл. Савецкая) 18 ліпеня ў 18.00 гарадскім аўтобусам на святую Імшу на Фартах каля Навумавіч, якая будзе цэлебравацца ў 19.00.
Пасля Імшы пілігрымы і ўсе астатнія вяртаюцца адным аўтобусам у горад.
Аплата за праезд аўтобусам з’яўляецца дабравольным ахвяраваннем. (AG)
|