Партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага выставяць у Купалаўскім музеі ў Мінску |
Анонсы |
14.09.2015 17:44 |
17 верасня ў Купалаўскім музеі ў Мінску адбудзецца адкрыццё міжнароднага выставачнага праекта — выстаўкі твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Літвы Пётры Сергіевіча (1900–1984) «Сын роднага краю» з фондаў Мастацкага музея Літвы і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Сярод выстаўленых прац можна будзе пабачыць партрэт святара Станіслава Глякоўскага, які некаторы час служыў у Чырвоным касцёле. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Жыццё і творчасць мастака Пётры Сергіевіча (1900-1984) цесна звязаны і з Беларуссю, і з Літвой. Мастак нарадзіўся на Браслаўшчыне, вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе адным з яго выкладчыкаў быў знакаміты Фердынанд Рушчыц. У савецкія часы працаваў у Вільнюсе і адначасова знаходзіў час для роспісу беларускіх касцёлаў. У 1920—1930-я гады Сергіевіч стварыў манументальныя паліхромныя размалёўкі ў касцёлах Гродна, Смаргоні, Солаў, Поразава, Жодзішак, Шарашова і інш. Унікальным было тое, што тыпажы для сваіх партрэтаў ён браў з простых парафіян, на падставе чаго была створана ўнікальная серыя «Беларускія народныя тыпы». Мастак падтрымліваў сувязь з многімі вядомымі святарамі, партрэты якіх маляваў (А. Станкевіча, С. Глякоўскага і інш.) Так, на выставе будзе прадстаўлены партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага (1896 - 1941), які некаторы час служыў у Чырвоным касцёле ў Мінску і трагічна загінуў у ваенны час. Выстаўка «Сын роднага краю» стане самай маштабнай персанальнай выстаўкай мастака ў Беларусі з 1978 года. Тады сталіца прымала апошнюю, яшчэ прыжыццёвую выстаўку аўтара. Сёння музей Янкі Купалы валодае адной з самых буйных у краіне калекцый з аўтографам «П.С.» – 13 палотнаў. Яркі, самабытны майстар, Пётра Сергіевіч горача любіў творчасць Янкі Купалы, матывы яго твораў выкарыстоўваў у сваіх жывапісных палотнах. Аб горадзе, які стаў для мастака родным, ён заўсёды казаў: «тут – беларускі дух». Сёння работы мастака аднолькава каштоўныя для двух народаў і сведчаннем гэтага з’яўляецца колькасць работ Петры Сергіевіча ў музейных зборах Літвы і Беларусі. Выстаўка «Сын роднага краю», сумесны праект Мастацкага музея Літвы і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прадставіць шматгранны талент Пётры Сергіевіча: выдатнага пейзажыста, партрэтыста, майстра гістарычнага жанру. Выстаўку можна наведаць да 15 кастрычніка. Паводле kupala-museum.by, (AYU) |