Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Майстар-клас для аніматараў «Сужэнскiх сустрэч» адбудзецца ў Баранавічах
Анонсы
14.10.2015 10:17

«Cужэнствы, якія перажываюць крызіс і прыязджаюць на "Сужэнскiя сустрэчы"» – пад такой назвай з 16 па 18 кастрычніка ў Баранавічах пройдзе майстар-клас для аніматараў сужэнскіх сустрэч.

Мерапрыемства правядуць заснавальнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» Ірэна і Ежы Гжыбоўскія.

Акрамя аніматараў з Беларусі, удзельнікамі будуць сужэнствы і святары з Латвіі, Літвы, Украіны грэка-каталіцкага і лацінскага абрадаў, а таксама аніматары праваслаўнай галіны «Сужэнскiх сустрэч» з Расіі.

Апошнім часам удзельнікамі рэкалекцый «Сужэнскiх сустрэч» усё часцей становяцца сужэнствы, якiя перажываюць сур'ёзныя крызісы. Часта менавіта ўдзел у рэкалекцыях становіцца для сужэнцаў  пачатковай кропкай выйсця з цяжкіх жыццёвых абставінаў.

Аніматары заўважаюць, што пасля наведвання «Сужэнскіх сустрэч» і паслярэкалекцыйных сустрэч пары шукаюць дапамогі таксама ў непасрэдным кантракце з імі, хочуць паразмаўляць, параіцца.

Як выслухаць так, каб людзі былі пачутыя, і пры гэтым не заняць толькі адзін бок у канфлікце? Як адрэагаваць, каб сваёй рэакцыяй не ацаніць, не зняважыць, не праявіць сваёй перавагі? Якія словы падабраць, каб дапамагчы, падтрымаць? Як слухаць сужэнцаў, якія сутыкнуліся са здрадай? Як дапамагчы справіцца з крыўдай і нянавісцю? Як зрабіць так, каб крызіс стаў шанцам для развіцця сужэнства, а не пачаткам шлюбаразводнага працэсу? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні будуць шукаць аніматары падчас майстар-класа.

Арганізатары спадзяюцца, што практычная накіраванасць майстар-класа дапаможа аніматарам лепш падрыхтаваць сябе да чаканняў, з якімі прыходзяць да іх сужэнцы, што перажываюць крызіс. 

Лiдары руху «Сужэнскіх сустрэч» у Беларусі Алена i Павел Кузьмiцкiя (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.