У Ракаве адзначаць 100-ю гадавіну смерці кс. Яўстахія Карповіча |
Анонсы |
01.12.2015 10:04 |
6 снежня гэтага года прыпадае 100-я гадавіна смерці кс. Яўстахія
Карповіча, які служыў у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве з 1883 па
1915 год. Ксёндз Яўстахій Карповіч перажыў цяжкія часы пераследу Каталіцкага Касцёла з боку расійскіх уладаў. У гэты час не хапала святароў для працы з вернікамі. У навакольных парафіях альбо не было святароў, альбо яны не маглі выконваць свае абавязкі, і таму праца па падтрымцы веры ў тых, хто застаўся без пастырскай апекі, лягла на плечы кс. Яўстахія. Гэты святар ахвярна выконваў абавязкі абаронцы Хрыста, людзі ставіліся да яго з вялікай павагай і нягледзячы на пераслед засталіся вернымі Хрысту ў Каталіцкім Касцёле. Ксёндз Яўстахій Карповіч адзначаўся глыбокай верай, быў верным сынам Каталіцкага Касцёла і добрым прыкладам любові да сваёй Айчыны і народа. Сярод іншых абавязкаў, кс. Яўстахій Карповіч ў 1896 г. распачаў і давёў да канца працы па пабудове парафіяльнага дома, які і сёння служыць для арганізацыі лепшага душпастырства ў парафіі. Таксама ў 1904 годзе святар пачаў і за два гады завяршыў будаўніцтва сённяшняга велічнага парафіяльнага касцёла Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка. Усе жадаючыя сардэчна запрашаюцца да ўдзелу ў малітве за гэтага выдатнага святара Каталіцкага Касцёла. Праграма: 10.00 — урачыстая святая Імша ў касцёле Маці Божай Ружанцовай у Ракаве, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Пасля святой Імшы малітва на парафіяльных могілках каля магілы кс. Яўстахія Карповіча. Кс. Дзмітрый Барыла (АлГ) |