Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
19 снежня Бэтлеемскае Святло міру прыбудзе ў Беларусь (абноўлена)
Анонсы
17.12.2015 16:05

19 снежня ў Беларусь прыбудзе Бэтлеемскі агонь, ці Бэтлеемскае Святло міру. Першым горадам у Беларусі, які прыме Бэтлеемскі агонь, стане Гродна.

У Мінск агонь прыбудзе ў той жа дзень — урачыстае ўнясенне Бэтлеемскага Святла міру ў мінскую архікатэдру запланавана перад вечаровай Імшой на 18.30.

У Беларусь агонь даставяць з беларуска-польскай мяжы скаўты. На вітанне агню прыбудуць скаўты з розных месцаў Беларусі, каб адвезці яго ў свае святыні, адкуль парафіяне змогуць узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, каб ён нагадваў аб Уцелаўленні Божага Сына.

У Гродне, які першым прыме Бэтлеемскі агонь, у 12.00 у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя яго сустрэне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Адразу пасля перадачы Святла міру ў касцёле пачнецца святая Імша.

Вандроўка Бэтлеемскага агню кожны год праходзіць пад пэўным дэвізам. «Заўваж чалавека» — дэвіз сёлетняга падарожжа Святла міру.


Бэтлеемскае Святло міру ў мінскай архікатэдры, снежань 2014г.

Гісторыя пачынаецца ў Бэтлееме, які доўгія гады быў у цэнтры палітычных напружанняў, збройных канфліктаў і тэрарыстычных атак. Менавіта там больш за два тысячагоддзі таму нарадзіўся Езус Хрыстус. У Гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме гарыць вечны агонь. Ад яго штогод запальваецца адна маленькая свечка, полымя якой скаўты нясуць па ўсiм свеце.

Сам момант запальвання Святла міру ў Бэтлееме вельмі адметны. Для гэтага людзі імкнуцца на хвіліну засяродзіцца, стрымаць злосць і гнеў. У 29-гадовай гісторыі Бэтлеемскага Святла міру ў зменлівых палітычных умовах ніколі не здаралася, каб Святло не вырушыла з Бэтлеема ў свой шлях. Гэта робіць Святло знакам міру, сведчаннем узаемаразумення і сімвалам паяднання паміж народамі.



Гісторыя акцыі

Прывоз Бэтлеемскага Святла міру ўпершыню быў арганізаваны ў 1986 г. у Лінцы (Аўстрыя) як частка дабрачынных мерапрыемстваў на Божае Нараджэнне. Акцыя мела назву «Святло ў цемры». Год пазней апеку над гэтай акцыяй узялі аўстрыйскія скаўты.

Кожны год хлопец або дзяўчына бяруць Святло міру з Грота Нараджэння Пана ў Бэтлееме. Агонь траспартуецца ў Вену праз пасрэдніцтва авіяліній «Austrian Airlines». У Вене адбываецца экуменічная ўрачыстасць, падчас якой полымя перадаецца жыхарам горада і прадстаўнікам скаўтаў з многіх еўрапейскіх краін.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.