Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Найстарэйшы святар Гродзенскай дыяцэзіі кс. прэлат Юзаф Трубовіч адзначыць сваё 90-годдзе
Анонсы
29.12.2015 10:23

1 студзеня ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч, найстарэйшы святар Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыць 90-ю гадавіну свайго нараджэння. У гэты дзень ксёндз прэлат будзе дзякаваць Богу за дар святарства і за ўсіх людзей, якіх Пан паставіў на яго жыццёвым шляху.

Урачыстая святая Імша, якую ўзначаліць юбіляр, будзе адпраўлена 1 студзеня а 19-й гадзіне ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Да супольнай малітвы запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Ксёндз прэлат нарадзіўся 1 студзеня 1926 года ў вёсцы Невярышкі на Браслаўшчыне, у сям’і Баляслава Трубовіча і Генуэфы з Міцкевічаў-Сташэўскіх. Яго бацька быў шаўцом, маці — хатняй гаспадыняй.

Гісторыя жыццёвай дарогі

Пакліканне да святарства ксёндз прэлат адкрыў вельмі рана, будучы яшчэ дзіцём. Сёння святар часта прыгадвае адзін момант, звязаны з распазнаннем паклікання. Ён служыў міністрантам у касцёле, і аднойчы арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, які прыехаў у касцёл на сакрамэнт канфірмацыі, спытаў, хто з хлопчыкаў хоча стаць святаром. Як узгадвае кс. Трубовіч, у той момант ён пасаромеўся падняць руку, але пасля моцна перажываў, бо вельмі хацеў стаць ксяндзом. Тады яму ледзьве было 12 гадоў.



З самага дзяцінства ён часта хадзіў у сваю парафіяльную святыню на Імшу. Касцёл для яго быў усім, бо менавіта з Богам ён хацеў будаваць сваю будучыню. Таму, калі настаў спрыяльны час, ён пайшоў за голасам Бога.

Скончыў духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 30 верасня 1956 г. у Рызе з рук біскупа Казіміра Дулбінскага. Пасля на працягу 20 гадоў служыў у Латвіі: спачатку як вікарый у Ліепаі, потым як пробашч парафіі ў Курмені, парафіях у Канкалі і Эрбергу.

У Беларусь прыбыў у 1977 г., па просьбе гродзенскіх вернікаў стаў служыць у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне (францішканскі касцёл).

У 1988 г. ксёндз Юзаф Трубовіч быў адазваны біскупам Юліянам Вайводсам у Рыгу працаваць прэфектам семінарыі. Адсюль вялікі клопат святара аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле і нястомная малітва, каб Бог паслаў новых працаўнікоў на сваё жніво. Ксёндз Трубовіч мае шмат выхаванцаў, якія сталі святарамі, і натхняе на тое, што новыя пакліканні нараджаюцца менавіта з ласкі самога Бога і дзякуючы малітве людзей.

Вяртанне ў Беларусь

Пасля чатырох гадоў працы ў рыжскай семінарыі святар вярнуўся ў Гродна, дзе затым сем гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя. З 1999 г. ксёндз Юзаф Трубовіч з’яўляецца рэзідэнтам пры гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.



Святар напісаў дзве кнігі, першую з якіх — «Шлях звычайнага жыцця» — выдаў у 2006 г. з нагоды 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння. У кнізе святар падзяліўся ўспамінамі з савецкіх часоў і ўражаннямі душпастырскага служэння.

Другая кніга пад назвай «Як наконт праўды і рэальнасці?» выпушчана ў 2013 г. выдавецтвам Гродзенскай дыяцэзіі, у ёй аўтар прыгадвае навучанне Касцёла ў пытаннях веры, перасцерагае перад дзеяннем шатана.

У верасні 2016 года кс. Трубовіч адзначыць і 60 гадоў святарства.

Кс. Юрый Марціновіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.