Актывісты пралайф-арганізацыі «Human Life International» правядуць семінар у Беларусі па кансультаванні ў абартарыях |
Анонсы |
04.02.2016 18:01 |
6-12 лютага ў Беларусі з візітам будуць знаходзіцца госці, якія маюць багаты вопыт у сферы аховы здароўя і сям’і — кс. Шэнан Боке (ЗША) і Ёханэс Бухер (Аўстрыя). У межах бягучага візіту госці з «Human Life International» плануюць наведаць семінар па кансультаванні ў абартарыях 5-7 лютага ў Віцебску, арганізатарамі якога з’яўляюцца дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» і грамадская дабрачынная арганізацыя «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”». Вядучымі семінару стануць беларускія эксперты ў галіне абароны жыцця і, у прыватнасці, кансультавання ў абартарыях.
Таксама запланаваны сустрэчы з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB, а таксама навучэнцамі семінарый у Пінску і Гродне, валанцёрамі руху за жыццё ў Магілёве, Мінску, Віцебску і Гродне. «Human Life International» была створана ў 1972 годзе Полам Марксам, якому Папа Ян Павел ІІ асабіста сказаў пры сустрэчы: «Вы робіце самую важную працу на зямлі». Мэтай арганізацыі з’яўляецца абарона жыцця чалавека з моманту зачацця і абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, права ў першую чаргу на ўзроўні Каталіцкага Касцёла ў тых краінах, дзе па-ранейшаму забаронены аборты (напрыклад, Філіпіны, Мальта, краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі) і не існуе аднаполых шлюбаў (напрыклад, Польшча і Беларусь). У многім дзякуючы метадалагічнай падтрымцы «Human Life International» у Расіі ў пачатку 1990-х гадоў быў створаны праваслаўны медыка-асветніцкі цэнтр «Жыццё», які даў штуршок расійскаму пралайф-руху. У Беларусі дзякуючы такой жа падтрымцы «Human Life International» быў створаны дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», які даў пачатак аб’яднанню беларускіх арганізацый у руху Пралайф Беларусь. Кс. Шэнан Боке — каталіцкі святар, прэзідэнт буйнейшай у свеце пралайф-арганізацыі «Human Life International», якая мае свае філіялы ў многіх краінах свету. Ёханэс Бухер — каардынатар для Еўрапейскага рэгіёна гэтай арганізацыі. Дзякуючы Ёханэсу Бухеру ў 2008 годзе ў Беларусі пачалася сістэматычная малітва і кансультаванне ў абартарыях спачатку ў Магілёве і Віцебску, а затым і ў іншых гарадах. Апошні візіт прэзідэнта «Human Life International» у Беларусь адбыўся ў 2009 годзе. Інфармацыя для даведак: +375 29 36 01 715, +375 29 81 22 276, email: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript |