У нядзелю Божай Міласэрнасці, 3 красавіка, урачыстую святую Імшу ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай (Лошыца), дзе будуецца Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці, узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Эўхарыстыя пачнецца ў 15.00 у парафіяльнай капліцы на вуліцы Гашкевіча, 1.
Падчас Імшы арцыпастыр удзеліць сакрамэнт канфірмацыі, а таксама абвесціць Акт ахвяравання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Езусу Міласэрнаму. Разам памаліцца і даручыць архідыяцэзію Езусу Міласэрнаму Мітрапаліт і святары запрашаюць усіх жадаючых.
Свята Божай Міласэрнасці сёлета мае асаблівае значэнне: 8 снежня ў Каталіцкім Касцёле пачаўся абвешчаны Папам Францішкам Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці. Адно з найгалоўнейшых у гэтым годзе святаў – Божай Міласэрнасці – адбудзецца ў парафіі Маці Божай Ружанцовай невыпадкова. Тут, у мінскім мікрараёне Лошыца, пачалося будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці – першага і адзінага ў Беларусі. Ужо амаль скончана пракладанне падземных камунікацый, і зараз будаўніцтва санктуарыя выходзіць на ўзровень закладання фундаменту.
З 2010 г. у парафіяльнай капліцы знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці – копія абраза, напісанага са слоў святой сястры Фаўстыны і змешчанага ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Вільнюсе. Пачынаючы з 2010 года, штодзень а 15-й гадзіне перад абразом Божай Міласэрнасці ў лошыцкай парафіі Маці Божай Ружанцовай выстаўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт і чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці. З нагоды Юбілею Божай Міласэрнасці малітоўны Вяночак распаўсюджваецца праз інтэрнэт-трансляцыю на catholic.by, а таксама на парафіяльным інтэрнэт-сайце loshycacsma.by.
«Езус Хрыстус паведаміў благаслаўлёнай сястры Фаўстыне Кавальскай, што асаблівая ласка Пана Бога сыдзе на кожнага, хто будзе маліцца ў гадзіну Божай Міласэрнасці, гэта значыць а 15-й гадзіне кожнага дня. Таму натуральнай і асабліва значнай гэтая штодзённая гадзіна малітвы да Божай Міласэрнасці з’яўляецца ў нашай парафіі», — кажа пробашч кс. Генадзь Кухарэвіч.
Вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай на чале з пробашчам і вікарыем кс. Янам Юшкам запрашаюць усіх людзей добрай волі на штодзённую малітву ў парафіяльную капліцу перад абразом Божай Міласэрнасці ў 15.00. Тыя, хто не можа быць у гэты час у капліцы, маюць магчымасць далучыцца да малітвы праз інтэрнэт.
(AG)
|