«Вандрую па свеце, каб натхняць людзей»: 15 красавіка ў Мінску выступіць Нік Вуйчыч |
Анонсы |
01.04.2016 14:38 |
Беларускую сталіцу з лекцыяй «Жыццё без межаў» 15 красавіка наведае вядомы ў свеце прапаведнік Нік Вуйчыч. Гісторыя жыцця мужчыны здзіўляе і натхняе. Нік Вуйчыч нарадзіўся ў 1982 годзе ў сям’і сербскіх мігрантаў. Ад нараджэння Нік пакутуе на рэдкую спадчынную хваробу — сіндром тэтраамеліі, якая характарызуецца адсутнасцю ў чалавека рук і ног. Аднак няпростая хвароба не зламала мужчыну. Ён скончыў універсітэт, атрымаў двайную ступень бакалаўра камерцыі, ажаніўся і выхоўвае дваіх здаровых дзяцей. Нік Вуйчыч падарожнічае па свеце, каб дзяліцца досведам свайго жыцця з іншымі. «Мяне завуць Нік Вуйчыч. Мне трыццаць тры гады. Я нарадзіўся без рук і ног, але не скарджуся на лёс, — адзначае ён у сваёй першай кнізе. — Я вандрую па свеце, каб натхняць мільёны людзей. Я заклікаю ўсіх узброіцца верай, надзеяй, адвагай і пераадолець усе перашкоды, якія стаяць на шляху спаўнення мараў». |