Місія «Чыстае сэрца» запрашае на дабрачынны канцэрт у падтрымку хворых дзяцей |
Анонсы |
11.05.2016 13:43 |
Дабрачынная моладзевая місія «Чыстае сэрца» запрашае ўсіх жадаючых і неабыякавых людзей на фінальны канцэрт фестывалю «Таленты чыстых сэрцаў», які пройдзе 28 мая ў Цэнтральным Доме афіцэраў у Мінску. На ім гледачоў парадуюць таленавітыя дзеці-сіроты і дзеці з асаблівасцямі развіцця, а ахвяраваныя сродкі пойдуць на падарункі для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі.
Гала-канцэрт у Цэнтральным Доме афіцэраў пачнецца ў 12.30. У 11.30 пачне працу выстава выяўленчага мастацтва ўдзельнікаў конкурсу. Білеты на канцэрт можна атрымаць у валанцёраў місіі па нядзелях у касцёлах Мінска (архікатэдральны, Чырвоны, касцёл на Залатой Горцы) ці замовіць па тэлефоне: +375 29 657 23 57+375 29 657 23 57. Канцэрт пройдзе ў межах фестывалю «Таленты чыстых сэрцаў». Сёлета фестывалю спаўняецца пяць гадоў і цяпер ён набыў рэспубліканскі характар: у адборачных турах прымалі ўдзел дзеці з установаў Мінска, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Сам конкурс праходзіў у межах рэспубліканскага конкурсу «Вясёлкавы карагод» сярод не толькі музыкантаў і танцораў, але і мастакоў.
Па выніках адбораў лепшыя выканаўцы прымуць удзел у чатырохдзённым пленэры, дзе развіццю іх талентаў пасадзейнічаюць прафесіяналы сваёй справы. Пераможца фінальнага канцэрту атрымае грашовы прыз. Заключным акордам фестывалю стане дабрачынны канцэрт у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах перад Міжнародным днём абароны дзяцей. Місія «Чыстае сэрца» шчыра запрашае падтрымаць дзяцей, а таксама выказвае падзяку карыстальнікам Сatholic.by і тым неабыякавым людзям, якія склалі ахвяраванні на арэнду сцэны для правядзення канцэрту. Святлана Жылевіч |