Дакументальны фільм пад назвай «Малітва на крыжы» распавядзе пра лёс біскупа Мінска і Магілёва, латыша Баляслава Слосканса (1893-1981).
Паказ кінастужкі, які адбудзецца пры падтрымцы пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі, пройдзе 26 мая ў 18.30 у мінскім кінатэатры «Перамога» (вул. Інтэрнацыянальная, 20) з удзелам рэжысёра карціны Дзітры Смілтэны.
Лёс біскупа Баляслава Слосканса яднае гістарычныя павароты Латвіі і Еўропы, адкрываючы знаёмыя ўсім каштоўнасці — дараванне, ісціну, любоў да радзімы і бліжняга.
Баляслаў Слосканс прайшоў 17 турмаў сталінскага рэжыму. Усё яго жыццё адпавядала ягонаму біскупскаму дэвізу: Hostia pro fratribus (ахвяра за братоў). «Дарагія бацькі, маліцеся за мяне, але рабіце гэта без трывогі і смутку. Дазвольце вашым сэрцам як мага больш адкрыцца на любоў. Я такі шчаслівы зараз, што навучыўся любіць усіх людзей, нават тых, хто, як здаецца, гэтай любові не годны. Яны і з'яўляюцца самымі няшчаснымі. Малю вас, не дайце ніякай празе помсты і пачуццю горычы пранікнуць у вашыя сэрцы», — пісаў біскуп бацькам з месцаў пазбаўлення волі.
З біяграфіі біскупа Баляслава Слосканса:
Баляслаў Слосканс нарадзіўся ў 1893 годзе ў Віцебскай губерні ў мястэчку Стырніене (сёння — Рэзекненскі раён Латвіі). Скончыў каталіцкую Петраградскую духоўную семінарыю ў 1916 годзе.
Указам Папы Пія XI 10 мая 1926 года ў Маскве ў святыні св. Людовіка французскі біскуп Мішэль д’Эрбіньі тайна ўдзяліў Баляславу Слоскансу біскупскае пасвячэнне і прызначыў Апостальскім адміністратарам Магілёўскай і Мінскай дыяцэзій.
14 верасня 1926 года біскуп Баляслаў Слосканс афіцыйна стаў ардынарыем Мінскай дыяцэзіі. Да новага служэння іерарх паставіўся з усёй адказнасцю, будучы адданы свайму прынцыпу: «Я раблю тое, што, як лічу, з’яўляецца маім абавязкам». 7 верасня 1927 года быў арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы і 13 студзеня 1928 года пастанаўленнем калегіі Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
У лютым 1928 г. адпраўлены ў Салавецкі лагер асаблівага прызначэння, дзе тайна ўдзяляў прэзбітэрскае пасвячэнне дыяканам усходняга абраду і здзяйсняў набажэнствы — спачатку дазволеныя, а пасля іх забароны — тайныя. Быў адпраўлены на востраў Анзер. 17 верасня 1930 г. быў вызвалены і вярнуўся ў Магілёў, але ў тым жа годзе зноў арыштаваны і пастанаўленнем асаблівай нарады калегіі АДПУ высланы на тры гады ў Паўночную Сібір, прабываў у турмах у Іркуцку, Краснаярску, Енісейску.
У студзені 1933 г. быў высланы з СССР у Латвію — фактычна абмяняны на асуджанага ў гэтай краіне камуністычнага агента Стахоўскага, які быў асуджаны ў Латвіі да васьмі гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж на карысць СССР. Абмен прайшоў 22 студзеня 1933 г. на памежным пункце Індра.
У 1933 годзе яго прыняў у Рыме Папа, з 5 красавіка 1933 г. быў асістэнтам Папскага трону. У 1933-41 гг. — прафесар Рыжскай каталіцкай семінарыі, тэалагічнага факультэта Латвійскай каталіцкай семінарыі і тэалагічнага факультэта Латвійскага ўніверсітэта. Падчас Другой сусветнай вайны быў арыштаваны гестапа і адпраўлены ў Германію ў лагер для ваеннапалонных у Шнайдэмюле. Пасляваенная дзейнасць Пасля вайны жыў у Бельгіі. З 1952 г. — Апостальскі візітатар беларускіх супольнасцяў у Еўропе, з 14 лютага 1953 г. у яго юрысдыкцыі знаходзіліся таксама беларускія эмігранты лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе, з 1955 г. — латышскія і эстонскія католікі ў эміграцыі.
Аказваў падтрымку беларускаму кампазітару Міколу Равенскаму, які на той час жыў у Бельгіі. Пры фінансавай падтрымцы біскупа Слосканса выдаваліся эмігранцкія беларускія рэлігійныя перыядычныя выданні.
Актыўна ўдзельнічаў у правядзенні ў Рыме ў 1960 г. з'езду беларускага духавенства візантыйска-славянскага абраду. Памёр у Бруселі, у 1993 г. яго парэшткі былі перанесены ў Латвію.
8 лістапада 2004 г. на працэсе беатыфікацыі адбыўся разгляд яго афіцыйнай біяграфіі. Усе члены багаслоўскай камісіі прагаласавалі за прызнанне жыцця і дзеянняў біскупа благаслаўлёнымі, а 20 снежня таго ж года Папа Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Баляслава Слосканса.
(IL)
|