Фотавыстаўка Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем» адкрыецца ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены |
Анонсы |
10.06.2016 13:37 |
12 чэрвеня ў 12.30 у белай зале касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі маладога фотажурналіста Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем». Экспазіцыя прымеркавана да 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сярэбраны юбілей — сімвал і паказчык таго, што на працягу гэтага часу людзі захоўвалі ў сабе веру, надзею на адраджэнне і з Божай ласкай змаглі пранесці яе ў цяперашні час. На выстаўцы будуць прадстаўлены выявы пілігрымаў, сюжэты са шляху да Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай. За кожным пілігрымам стаяць свае неверагодныя жыццёвыя гісторыі і цуды. Подпісы да здымкаў — своеасаблівыя пасланні, якія дайшлі праз Святое Пісанне, праз прыклады жыцця хрысціян і святых, якія знайшлі гэтую дарогу і паказалі сувязь з Богам. Яны нагадваюць пра тыя праўды, прытрымліваючыся якіх, можна быць міласэрнымі да іншых. У адкрыцці выстаўкі прымуць удзел духоўныя асобы. Віктар Ведзень — фотажурналіст, студэнт журфака БДУ. Каля двух гадоў супрацоўнічае з Catholic.by як аўтар і фотакарэспандэнт. Выстаўка ў мінскім Чырвоным касцёле працягнецца да 27 чэрвеня. |