«Каталіцкі пілігрым» запрашае ў Аглону |
Анонсы |
22.07.2016 15:19 |
З 14 па 16 жніўня адбудзецца пілігрымка ў Аглону (Латвiя) з удзелам ва ўрачыстасцi Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Арганізоўвае пілігрымку група для падарожнікаў «Каталіцкі пілігрым». У Аглону за благаслаўленнем адпраўляюцца не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій, у тым ліку тыя, чыёй адзінай сувяззю з Касцёлам застаецца Аглона. У Латвіі Аглона аб’яўлена святым месцам міжнароднага значэння, а ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — дзяржаўным святам. Задоўга перад святочнымі датамі шлях у Аглону цэлымі днямі адмяраюць пешшу паломнікі з розных канцоў Латвіі. Аглонская базыліка кожны год збірае ўсё больш людзей, якія вераць, што менавіта там 14 і 15 жніўня на іх сыйдзе благаслаўленне. Аглонскі касцёл быў кансэкраваны ў 1751 г. Касцёл і кляштар заснавалі манахі-дамінікане паміж азёрамі Цірышу і Эглес. Першыя будынкі рабіліся з дрэва, але ўжо ў 1768-1780 гг. на іх месцы ўзвялі мураваныя. Сённяшні будынак зроблены ў стылі барока. Арган, спавядальня, лавы, бакавыя алтары ў касцёле захаваліся з XVIII-ХІХ стст. З Вільнюса (Літва) дамінікане прывезлі ў касцёл знакаміты цудатворны абраз Маці Божай Аглонскай, створаны ў XVII ст. У крыпце храма размешчаны пахаванні: там пахаваны першы латвійскі кардынал Юльянс Вайводс, а таксама дзве духоўныя асобы з Латгаліі: Апостальскі адміністратар Мінскі і Магілёўскі біскуп Баляслаў Слосканс, працэс беатыфікацыі якога пачаўся ў красавіку 2000 года, і Язэп Ранцанс. У верасні 1993 года Аглону наведаў і асвяціў базыліку Папа Ян Павел II. У праграме пілігрымкі таксама наведванне Брамаў Божай Міласэрнасці, адчыненых у санктуарыi Маці Божай Валадаркi азёраў у Браславе, наведванне Старога Вільнюса, Роса — аднаго з найстарэйшых і каштоўных у гісторыка-культурным плане некропаляў Літвы, Вострай брамы — аднаго з найважнейшых помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільнюса, аб'екта рэлігійнага паломніцтва і свецкага турызму, якi ўяўляе сабой адзіную захаваную браму гарадской сцяны. Пілігрымы будуць мець магчымасць пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці — Апякункі Беларусі і Літвы, памаліцца перад абразом Езуса Мiласэрнага. Кошт пiлiгрымкi: 100 € + 30 BYN (пры адсутнасці візы), 100 € + 10 BYN (пры наяўнасці візы). Віза бясплатная. У кошт увахoдзiць: праезд аўтобусам, суправаджэнне святара, тэматычныя экскурсii згодна з праграмай, медыцынская страхоўка, пражыванне ў дамах пiлiгрымаў, 2 вячэры, 2 сняданкі. Даведкі і запіс у пілігрымку па тэлефонах:
(MV), (AG) |