Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для мужчын пройдуць у Тракелях
Анонсы
30.07.2016 22:02

12-14 жніўня ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях пройдзе штогадовы трохдзённы цыкл канферэнцый, якія арганізуе каталіцкая супольнасць «Мужчыны святога Юзафа». Тэмай сёлетняга цыклу канферэнцый будуць словы з Евангелля паводле Лукі (7, 14): «Хлопча, кажу табе, устань!»

«Сардэчна запрашаю ад імя групы “Мужчыны св. Юзафа” на дні перажывання ў малітве, у дыялогу, у прысутнасці з Панам, — кажа душпастыр супольнасці кс. Віктар Ханько. — Гэта ўжо не першая наша мужчынская сустрэча ў Тракелях, у сэрцы нашай Божай Маці, каля Яе цудатворнага абраза.

Напэўна, кожны святар часам скардзіцца, што мала мужчын ходзіць у касцёл. І гэта праблема многіх парафій. На такіх нашых сустрэчах мы, канешне, просім Пана, каб Ён дакранаўся да мужчынскіх сэрцаў: сэрцаў бацькаў, мужоў, хлопцаў.

Прапаную ў гэтым годзе перажыць гэтыя дні ў рознабаковай евангелізацыі мужчын, напрыклад, калі мы будзем разважаць над выбарам Абрагама. Прапаную мужчынам зрабіць такі выбар таксама, і таксама ў дзікіх, палявых умовах, калі нам, канешне, не перашкодзіць надвор’е, каб мы не былі закрыты рознымі “рамкамі”, часам і рэлігійнымі, каб умець пачуць Пана. Паспрабуем зрабіць у “лясных умовах” крыж сваёй сям’і, і гэта будзе разважанне над грахамі, якія раняць як нас саміх, так і нашы сем’і. Таксама паразважаем над мужчынскім служэннем сёння, а менавіта як сёння мужчына можа дапамагчы сваёй парафіі, сваёй сям’і, як у сённяшнім свеце казаць пра сваю веру.

Я веру і спадзяюся, што ўсе гэтыя дні будуць праходзіць у мужчынскім дыялогу, напэўна, будуць і пытанні, якія адначасова будуць нас раскрываць і дапамагаць іншым падзяліцца сваімі жыццёвымі праблемамі».

Праграма

12 жніўня

  • 18.00 – прыезд, вячэра
  • 19.00 – канферэнцыя «Мой сын, які мае духа нематы» (Мк 9, 14-29)
  • 20.00 – прагляд фільма

13 жніўня

  • 7.30 – ранішняя малітва
  • 8.00 – сняданак
  • 9.00 – канферэнцыя «Абрагам ахвяруе свайго сына» (Быц 22, 1-19)
  • 10.00 – малітва аб аздараўленні адносін у сям’і
  • 12.00 – канферэнцыя «Мужчынскае служэнне сёння»
  • 13.30 – абед
  • 14.30 – 15.15 – малітва ў цішыні, споведзь
  • 16.00 – канферэнцыя «Каб быў вынік»
  • 18.00 – святая Імша
  • 19.30 – вячэра
  • 20.30 – гутарка

14 жніўня

  • 7.30 – малітва
  • 8.00 – сняданак
  • 9.00 – заключная канферэнцыя і сведчанні
  • 10.30 – святая Імша

Выезд з Гродна ў 16.00 ад фарнага касцёла. Запіс па тэлефоне:

+375 29 278 69 02 Павел
+375 33 621 66 56 Віталій

Кошт паездкі, з улікам праезду, начлегу і абедаў — 25.00 ВYN.

Калі няма магчымасці ўдзельнічаць у рэкалекцыях тры дні, можна прыняць удзел у асобных пунктах праграмы ў зручны для сябе час.

З сабой па магчымасці мець: Біблію, малітоўнік, сшытак, ручку.

Паводле msj.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.