Урачыстасці 60-годдзя святарства кс. прэлата Юзафа Трубовіча пройдуць у гродзенскай катэдры |
Анонсы
|
07.09.2016 22:33 |
30 верасня прыпадае 60-я гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння кс. прэлата Юзафа Трубовіча, найстарэйшaгa святарa Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі. З гэтай нагоды 1 кастрычніка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца ўрачыстая святая Імша, падчас якой юбіляр будзе дзякаваць Богу за дар паклікання.
Пачатак Імшы ў 12 гадзін. Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся 1 студзеня 1926 г. у вёсцы Невярышкі на Браслаўшчыне ў сям’і Баляслава Трубовіча і Генуэфы з Міцкевічаў-Сташэўскіх. Яго бацька быў шаўцом, маці — хатняй гаспадыняй.
Пакліканне да святарства адкрыў вельмі рана, будучы яшчэ дзіцём. Скончыў духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 30 верасня 1956 г. у Рызе з рук біскупа Казіміра Дулбінскага. Пасля на працягу 20 гадоў служыў у Латвіі: спачатку як вікарый у Ліепаі, потым як пробашч парафіі ў Курмені, парафіях у Канкалі і Эрбергу.
У Беларусь прыбыў у 1977 г., па просьбе гродзенскіх вернікаў стаў служыць у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне (францішканскі касцёл).
У 1988 г. ксёндз Юзаф Трубовіч быў адазваны біскупам Юліянам Вайводсам у Рыгу працаваць прэфектам семінарыі. Пасля чатырох гадоў працы ў рыжскай семінарыі святар вярнуўся ў Гродна, дзе затым сем гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя. З 1999 г. ксёндз Юзаф Трубовіч з’яўляецца рэзідэнтам пры гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святар напісаў дзве кнігі, першую з якіх — «Шлях звычайнага жыцця» — выдаў у 2006 г. з нагоды 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння. У кнізе святар падзяліўся ўспамінамі з савецкіх часоў і ўражаннямі душпастырскага служэння.
Другая кніга пад назвай «Як наконт праўды і рэальнасці?» выпушчана ў 2013 г. выдавецтвам Гродзенскай дыяцэзіі. У ёй аўтар прыгадвае навучанне Касцёла ў пытаннях веры, перасцерагае перад дзеяннем шатана.
Паводле grodnensis.by
(AG)
|