10-12 сакавіка Орша прыме рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» |
Анонсы |
15.02.2017 12:57 |
«Сужэнскія сустрэчы» праводзяць рэкалекцыі-ўікенды па аднаўленні і паглыбленні сужэнскай еднасці і любові. Бліжэйшы ўікенд адбудзецца 10-12 сакавіка ў Оршы ў парафіі Св. Юзафа па вул. Савецкай, 6. Рэкалекцыі пачынаюцца ў пятніцу ў 18.00, а заканчваюцца ў нядзелю каля 15.00. Арганізатары забяспечваюць начлег і пасілак. Неабходны ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме. Рэкалекцыі праводзяць аніматары — айцец-дамініканін з Віцебска і сужэнскія пары. У чым мэта такіх сустрэч? Мэта «Сужэнскіх сустрэч» — паглыбіць шлюбныя адносіны, дапамагчы мужу і жонцы лепш і глыбей разумець адно аднаго і асэнсаваць таямніцу іх шлюбу. Сужэнствам прапануецца такая форма дыялогу, якая, з аднаго боку, дазваляе мужу і жонцы глыбей пазнаць адно аднаго, а з другога — у выпадку непаразуменняў — дапаможа выходзіць з канфліктных сітуацый. Сужэнскія пары і святары — аніматары руху — праз уласный досвед рыхтуюць удзельнікаў да самастойнай працы, гэта значыць да правядзення дыялогу. Гэту працу муж і жонка праводзяць выключна ўдваіх. Уласная праца ўдзельнiкаў з’яўляецца вельмi iнтымнай i таму абавязкова застаецца таямнiцай. Сямейная пара можа за час правядзення рэкалекцый аднавіць свежасць узаемных пачуццяў, абнавіць ці нанова адбудаваць сваё адзінства. Праграма заснавана на сучасных ведах з галін псіхалогіі, камунікацыі і тэалогіі сям’i і складзена такім чынам, каб дазволіць кожнай пары паглядзець на сваё жыццё ў духу любові. На «Сужэнскія Сустрэчы» прыходзяць людзі ў розным узросце, з розным досведам сямейнага жыцця, з розным узроўнем ведаў і рознай ступенню пабожнасці. Важна памятаць, што ад адносінаў мужа і жонкі ў вялікай ступені залежаць адносіны бацькоў з дзецьмі, са сваякамі, з іншымі людзьмі. Больш падрябязную інфармацыю глядзіце на сайце http://suvstrechi.by/ |