«Вечары для закаханых» будуць праводзіцца ў мінскай архікатэдры |
Анонсы |
04.04.2017 08:35 |
Запрашаюцца ўсе пары, якія толькі сустракаюцца, ужо вырашылі ажаніцца і якія нават пра гэта не думалі. «Вечары для закаханых» — цудоўная магчымасць распазнаць сваё пакліканне, паглыбіць свае адносіны, а, магчыма, і прыняць рашэнне на будучыню. У «Вечарах» могуць браць удзел пары закаханых незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. «Вечары для закаханых» — гэта 9 сустрэч, якія доўжацца 2-2,5 гадзіны і праводзяцца раз на тыдзень. У сустрэчах абавязковы ўдзел абодвух закаханых. «Вечары» праводзяцца сужэнскай парай і святаром, аніматарамі руху «Сужэнскія Сустрэчы». Асноўным метадам працы на «Вечарах» з’яўляецца праца закаханых толькі ўдваіх. Ёй папярэднічаюць прамовы і сведчанні сужэнскіх пар і святароў. Удзельнікі — у сваіх парах — маюць магчымасць глыбей пазнаць сябе, разабрацца ў сваіх чаканнях, вызначыцца з агульнай сістэмай каштоўнасцяў у жыцці, таксама яны вучацца, як вырашаць праблемы і як будаваць гармонію сваіх адносін. Удзельнікі стараюцца зразумець, у чым сутнасць таямніцы сакрамэнту сужэнства, адкрываюць месца веры ў сваім жыцці, знаёмяцца з вучэннем Касцёла пра сужэнства і сям’ю. «Вечары» прызначаны як для заручаных, так і для пар, якія сустракаюцца адно з адным без вызначанай даты вяселля, але сур’ёзна думаюць пра шлюб. У праграме «Вечароў» таксама могуць удзельнічаць пары закаханых, якія яшчэ не думалі пра сужэнства, але жадаюць паглыбіць свае веды пра сужэнства і сям’ю. Стварэнне сям’і — адказны працэс, звязаны з прыняццем сур’ёзных рашэнняў на ўсё жыццё. Праграма «Вечароў для закаханых» прапануе:
Вынікам «Вечароў» з’яўляюцца моцныя сем’і, дзе пануе любоў і згода, дзе сужэнцы слухаюць адно аднаго, дзеляцца сабою, разумеюць сваю другую палавіну і заўсёды гатовыя прабачаць. Кантактны нумар для запісу на «Вечары»: (VGr) |