У Галерэі TUT.BY пройдзе лекцыя на тэму перакладаў Бібліі на беларускую мову |
Анонсы |
10.03.2017 11:28 |
11 сакавіка ў Галерэі TUT.BY у Мінску пройдзе лекцыя дактаранта
біблейскай тэалогіі кс. Сяргея Сурыновіча на тэму перакладаў Святога Пiсання на
беларускую мову. Пачатак сустрэчы, якая прымеркавана да 500-годдзя
Бібліі першадрукара Францыска Скарыны, у 15.00.
Дактарант біблістыкі, кандыдат навук агульнага мовазнаўства кс. Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі Браслаўскага раёна, зробіць гістарычны агляд шляхоў Слова, распавядзе, як Біблія «пасялілася» на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Слухачы падрабязна даведаюцца пра пераклад Скарыны, які быў зроблены з Вульгаты святога Гераніма, перакладзенай на чэшскую мову і таму цалкам супадаючы з заходняй каталіцкай традыцыяй. Даследчык распавядзе пра існуючыя поўныя пераклады Святога Пісання (Уладзіслава Чарняўскага, Янкі Станкевіча і Васіля Сёмухі), а таксама некалькі перакладаў Новага Запавету і некалькі дзясяткаў паасобных кніг Бібліі. Распавядзе, як выданнем біблійных кніг пазней займаліся Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, Канстанцін-Васіль Астрожскі, Стэфан Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Спірыдон Собаль, Максім Вашчанка і іншыя выдаўцы. Будзе адзначаны перыяд ад канца ХVІІІ стагоддзя і да 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калі біблійныя кнігі ў Беларусі наогул не друкаваліся і калі на працягу стагоддзяў не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову. Да свайго дакладу айцец Сяргей Сурыновіч падрыхтаваў мультымедыйнае прадстаўленне асобаў перакладчыкаў і перакладаў і выставу выданняў перакладаў Бібліі ХХ - ХХІ стагоддзяў са свайго ўласнага збору. Акрамя таго, у якасці мастацкага суправаджэння імпрэзы дакладчык абраў жывапісныя творы мастака Насты Бурко і музычныя кампазіцыі Наталлі Нікіцінай, якія выканае сама Наталля. Адрас: (VGr) |