Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
12 мая ў Ляскоўцы распачнецца ўікенд «Сужэнскіх сустрэч»
Анонсы
19.04.2017 15:48

«Сужэнскія сустрэчы» праводзяць рэкалекцыі-ўікенды па аднаўленні і паглыбленні сужэнскай еднасці і любові.

Бліжэйшы ўікенд адбудзецца 12-14 мая 2017  года і будзе праходзіць у Цэнтры «Карытас» у вёсцы Ляскоўка каля Бараўлян (Мінскі раён). Рэкалекцыі пачынаюцца ў пятніцу ў 18.00, а заканчваюцца ў нядзелю каля 15.00. Арганізатары забяспечваюць начлег і пасілак. Неабходны ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

«Сужэнскія сустрэчы» — гэта рэкалекцыйны рух, мэта якога ў паглыбленні шлюбных адносін, дапамозе мужу і жонцы лепш і глыбей зразумець адно аднаго і асэнсаваць таямніцу іх шлюбу.

Сужэнствам прапануецца такая форма дыялогу, якая, з аднаго боку, дазваляе мужу і жонцы глыбей пазнаць адно аднаго, а з другога — у выпадку непаразуменняў — дапаможа выходзіць з канфліктных сітуацый.

Навошта ехаць на ўікенд?

Каб сустрэцца адзін з адным і з Богам, трэба больш слухаць, чым казаць, больш дзяліцца, чым спрачацца, больш разумець, чым ацэньваць, а ў першую чаргу — прабачаць.

Сужэнскія пары і святары — аніматары руху — праз уласны досвед рыхтуюць удзельнікаў да самастойнай працы, гэта значыць да правядзення дыялогу. Гэту працу муж і жонка праводзяць выключна ўдваіх. Уласная праца ўдзельнiкаў з’яўляецца вельмi асабістай i таму абавязкова застаецца таямнiцай.

Сямейная пара можа за час рэкалекцый аднавіць «свежасць» узаемных пачуццяў, абнавіць ці нанова адбудаваць сваё адзінства. Сужэнцы пасля ўікенда звычайна ў стане лепш вырашаць свае праблемы. Праграма складзена такім чынам, што дазваляе кожнай пары паглядзець на сваё жыццё ў духу любові, і заснавана на сучасных ведах з вобласці псіхалогіі, камунікацыі і тэалогіі сям’i.

Хто можа прыняць удзел у сустрэчах?

На «Сужэнскія сустрэчы» прыходзяць людзі ў розным узросце, з розным досведам сямейнага жыцця, з розным узроўнем ведаў і ступенню пабожнасці, з розным узроўнем перажывання пачуццяў, якія злучаюць ці падзяляюць сужэнцаў. На ўікенд могуць прыехаць як т. зв. умоўна «добрыя мужы і жонкі», так і тыя, хто мае сур’ёзныя канфлікты, можа нават на этапе думак пра развод.

Кантактныя нумары для запісу на рэкалекцыі:

Ганна Баярчук +375 -29-772-91-66
Павел Баярчук +375-44-745-22-93

(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.