16. Цэлебрацыя Імшы, як дзеянне Хрыста і іерархічна ўпарадкаванага народа Божага, — гэта цэнтр усяго хрысціянскага жыцця як паўсюднага, так і мясцовага Касцёла, а таксама асобных вернікаў22. У Імшы дасягае сваёй вяршыні дзеянне Бога, якім Ён асвячае свет у Хрысце, і культ, у якім людзі пакланяюцца Айцу, ушаноўваючы Яго праз Хрыста, Сына Божага ў Духу Святым23. У ёй на працягу года так ушаноўваюцца таямніцы адкуплення, што яны пэўным чынам становяцца прысутнымі24. Іншыя сакральныя дзеянні і ўсе справы хрысціянскага жыцця звязаны з Імшою, з яе выплываюць і да яе кіруюцца25.
17. Таму вельмі важна так наладзіць цэлебрацыю Імшы альбо Вячэры Пана, каб духоўныя служыцелі і верныя, беручы ў ёй удзел адпаведна свайму становішчу, здабылі больш тых пладоў26, дзеля атрымання якіх Хрыстус Пан устанавіў эўхарыстычную ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві і даверыў яе Касцёлу, умілаванай абранніцы сваёй, як успамін пра сваю муку і змёртвыхпаўстанне27.
18. Гэтага можна дасягнуць, калі, беручы пад увагу сутнасць і іншыя ўласцівасці кожнага літургічнага сходу, уся Імша будзе цэлебравацца такім чынам, каб прывесці верных да свядомага, чыннага і поўнага ўдзелу ў ёй душою і целам, з палымянаю верай, надзеяй і любоўю; да ўдзелу, якога прагне Касцёл, патрабуе сама сутнасць літургічнага дзеяння, і на які моцаю хросту мае права і абавязак хрысціянскі народ28.
19. Хоць прысутнасць верных і іх чынны ўдзел, што больш яскрава выяўляюць супольную (эклезіяльную) сутнасць літургічнага дзеяння29, не заўсёды могуць быць у наяўнасці, цэлебрацыя Эўхарыстыі заўсёды захоўвае сваю дзейснасць і годнасць, бо гэта — дзеянне Хрыста і Касцёла, у якім святар спаўняе свой галоўны абавязак і заўсёды дзейнічае дзеля збаўлення душаў. Яму належыць штодзённа, наколькі гэта магчыма, складаць эўхарыстычную ахвяру30.
20. Паколькі цэлебрацыя Эўхарыстыі, як і ўся літургія, здзяйсняецца праз пачуццёва ўспрымальныя знакі, якімі жывіцца, мацуецца і выяўляецца вера31, неабходна найбольш клапаціцца пра адбор і ўпарадкаванне тых формаў і элементаў, прапанаваных Касцёлам, якія, беручы пад увагу асаблівасці асобаў і месцаў, мацней спрыялі б чыннаму і поўнаму ўдзелу і лепш адпавядалі духоўнай карысці верных.
21. Гэтыя Уводзіны маюць на мэце падаць агульныя прынцыпы належнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і даць выклад правілаў, паводле якіх укладаюцца асобныя формы цэлебрацыі32.
22. Вельмі вялікае значэнне мае цэлебрацыя Імшы ў партыкулярным Касцёле. Дыяцэзіяльны біскуп, першы служыцель Божых таямніцаў у даручаным яму партыкулярным Касцёле накіроўвае, развівае і ахоўвае ўсё літургічнае жыццё33. У цэлебрацыях, якія адбываюцца пад яго кіраўніцтвам і асабліва ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, якую здзяйсняе ён сам пры ўдзеле прэзбітэраў, дыяканаў і народа, выяўляецца таямніца Касцёла. Таму такія ўрачыстыя Імшы павінны быць узорам для ўсёй дыяцэзіі. Яго абавязак — клапаціцца пра тое, каб прэзбітэры, дыяканы і свецкія вернікі Хрыстовыя глыбей спасцігалі сапраўдны сэнс абрадаў і літургічных тэкстаў і праз гэта заахвочваліся да чыннай і плённай цэлебрацыі Эўхарыстыі. Дзеля гэтага яму належыць дбаць пра тое, каб узрастала годнасць саміх цэлебрацый. Яе ўзняццю ў значнай ступені спрыяе хараство сакральнага месца, музыкі і мастацкага аздаблення.
23. Дзеля таго, каб цэлебрацыя паўней адпавядала прадпісанням і духу святой Літургіі і каб павялічвалася яе пастырская дзейснасць, у гэтых Агульных уводзінах і ў Парадку Імшы падаюцца некаторыя ўдасканаленні і дастасаванні.
24. Гэтыя дастасаванні пераважна датычаць выбару некаторых абрадаў ці тэкстаў, гэта значыць спеваў, чытанняў, малітваў, заклікаў і жэстаў, якія больш адпавядаюць патрэбам, падрыхтаванасці і характару ўдзельнікаў і права выбару якіх даецца цэлебруючаму святару. Але святар павінен памятаць, што ён — служыцель святой Літургіі і яму нельга адвольна нешта дадаваць, выключаць ці змяняць у цэлебрацыі Імшы34.
25. Акрамя гэтага, у Імшале ў адпаведным месцы падаюцца некаторыя дастасаванні, якія згодна з Канстытуцыяй пра святую Літургію адносяцца да кампетэнцыі дыяцэзіяльнага біскупа ці Канферэнцыі Біскупаў35 (пар. ніжэй №№ 387, 388-393).
26. Што датычыць больш грунтоўных зменаў і адаптацый, якія стасуюцца да традыцый і характару народаў і краінаў і якія паводле карысці альбо патрэбы неабходна ўводзіць згодна са зместам 40-га арт. Канстытуцыі пра святую Літургію, то належыць захоўваць тое, што падаецца ў Інструкцыі «Пра Рымскую Літургію і інкультурацыю»36 і ніжэй (№№ 395-399). ф- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41; Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 11; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, nn. 2, 5, 6; Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 30; Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, n. 15; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, nn. 3e, 6: A.A.S. 59 (1967) pp. 542, 544-545.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 10.
- Пар. там жа, n. 102.
- Пар. там жа, n. 10; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 14, 19, 26, 28, 30.
- Пар. там жа, n. 47.
- Пар. там жа, n. 14.
- Пар. там жа, n. 41.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 13; Codex Iuris Canonici, can. 904.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. Ii, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 59.
- Што датычыць асаблівых формул цэлебрацыі Імшы, належыць захоўваць прадпісанні: пар. для Імшаў у асаблівых супольнасцях: S. Congr. Pro Cultu Divino, Instr. Actio pastoralis, diei 15 maii 1969: A.A.S. 61 (1969) pp. 806-811; для Імшаў з удзелам дзяцей: Directorium de Missis cum pueris, diei 1 novembris 1973: A.A.S. 66 (1974) pp. 30-46; пра спосаб аб’яднання з Імшой літургічнай гадзіны: Institutio generalis de Liturgia Horarum, nn. 93-98; пра спосаб аб’яднання з Імшой благаслаўлення і каранацыі выяваў Найсвяцейшай Панны Марыі: Rituale Romanum, De Benedictionibus, Praenotanda n. 28; Ordo coronandi imaginem beatae Mariae Virginis, nn. 10 et 14.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 15; пар. таксама Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 22.
- Пар. таксама Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 38, 40; Paulus VI, Const. Ap. Missale Romanum, вышэй.
- Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994: A.A.S. 87 (1995) pp. 288-314.
|