Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парадак хросту дзяцей |
УВОДЗІНЫ. І. ЗНАЧЭННЕ ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ 1. Пад словам «дзеці» ці «немаўляты» разумеюцца тыя, хто не можа вызнаць сваю веру, бо яшчэ не дасягнуў свядомага ўзросту. 2. Касцёл, які атрымаў місію евангелізацыі і хрышчэння, ужо з першых стагоддзяў хрысціў не толькі дарослых, але таксама і немаўлятаў. Бо словы Пана: «Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства»1, ён заўсёды разумеў такім чынам, што дзяцей нельга пазбаўляць хросту, паколькі іх хрысцяць у веры таго самага Касцёла, якую абвяшчаюць бацькі, хросныя ды іншыя прысутныя. Менавіта яны прадстаўляюць як мясцовы Касцёл, так і ўсю супольнасць святых і вернікаў — Касцёл, нашую Маці, якая ўся нараджае ўсіх і кожнага паасобку2. 3. Для дзейснасці сакрамэнту належыць, каб пасля гэтага дзеці выхоўваліся ў той веры, у якой яны ахрышчаныя. Падставай для гэтага будзе сам прыняты раней сакрамэнт. Бо хрысціянскае выхаванне, на якое маюць права дзеці, скіраванае менавіта на тое, каб паступова падвесці іх да спазнання Божага плана ў Хрысце такім чынам, каб урэшце яны самі маглі пацвердзіць веру, у якой былі ахрышчаныя. ІІ. ПАСЛУГІ І АБАВЯЗКІ ПРЫ ЎДЗЯЛЕННІ ХРОСТУ 4. Народ Божы, гэта значыць Касцёл, прадстаўлены мясцовай супольнасцю, мае вялікі ўдзел у хросце як дарослых, так і дзяцей. Бо немаўля і да хросту, і пасля яго мае права на любоў і дапамогу супольнасці. А ў самім абрадзе апрача таго, што пералічана ў № 7 Агульных Уводзінаў і што павінна быць выканана сабранымі вернікамі, супольнасць выконвае свой абавязак, выказваючы разам з цэлебрантам сваю згоду пасля вызнання веры бацькоў і хросных. Такім чынам яна паказвае, што вера, у якой прымаюць хрост дзеці, — гэта скарб не толькі адной сям’і, але ўсяго Хрыстовага Касцёла. 5. З парадку самога стварэння вынікае, што паслуга і абавязак бацькоў пры хросце важнейшыя за абавязак хросных. 1) Вельмі важна, каб перад хростам бацькі падрыхтаваліся да свядомага ўдзелу ў ім альбо кіруючыся ўласнай вераю, альбо з дапамогаю сяброў ці іншых членаў супольнасці, карыстаючыся адпаведнымі сродкамі, такімі, як кнігі, лісты і катэхізісы, прызначаныя для сем’яў. Пробашч павінен імкнуцца наведаць іх сам ці прасіць пра гэта іншых, а нават сабраць разам некалькі сем’яў ды падрыхтаваць іх пастырскімі навучаннямі і супольнай малітваю да абраду, які мае адбыцца. 2) Вельмі важна, каб бацькі прымаючага хрост дзіцяці бралі ўдзел у абрадзе, у якім іхняе дзіця адродзіцца з вады і Духа Святога. 3) Бацькі дзіцяці сапраўды маюць ва ўдзяленні хросту сваю асаблівую ролю. Бо яны не толькі слухаюць настаўленні цэлебранта і прамаўляюць малітву разам з усёй супольнасцю вернікаў, але выконваюць таксама літургічную паслугу, калі: а) публічна просяць ахрысціць дзіця; б) пасля цэлебранта робяць знак крыжа на чале дзіцяці; в) прамаўляюць адрачэнне ад сатаны і вызнанне веры; г) нясуць дзіця да хрысцільні (перадусім гэта належыць рабіць маці); д) трымаюць запаленую свечку; е) атрымліваюць спецыяльнае благаслаўленне, прызначанае для маці і бацькі. 4) У тым выпадку, калі хтосьці з іх не можа скласці вызнання веры, напр., таму, што не католік, ён можа маўчаць; патрабуецца толькі, каб, просячы хросту дзіцяці, ён меў намер ці, прынамсі, дазваляў выхоўваць дзіця ў веры, у якой быў удзелены хрост. 5) Пасля ўдзялення хросту бацькі, удзячныя Богу і верныя прынятаму абавязку, павінны прывесці дзіця да спазнання Бога, усыноўленым дзіцём якога яно стала, а таксама падрыхтаваць яго да прыняцця канфірмацыі і да ўдзелу ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Пробашч адпаведнымі сродкамі павінен дапамагаць ім у выкананні гэтага абавязку. 6. Для кожнага дзіцяці можна абраць хроснага і хросную, і яны абодва ўказваюцца ў парадку самога абраду словам «хросныя». 7. Апрача таго, што сказана пра звычайнага цэлебранта ў Агульных Уводзінах, неабходна адзначыць наступнае: 1) Пастыры абавязаныя рыхтаваць сем’і да хросту дзяцей і дапамагаць ім у выкананні абавязку выхавання, які вынікае з гэтага сакрамэнту. Біскупам належыць каардынаваць гэтыя пастырскія захады ў сваёй дыяцэзіі з дапамогаю дыяканаў і свецкіх асобаў. 2) Апрача таго, пастыры павінны клапаціцца, каб кожнае ўдзяленне хросту адбывалася з належнай годнасцю і, наколькі гэта магчыма, было дастасаванае да абставінаў і жаданняў сем’яў. Той, хто хрысціць, абавязаны выконваць абрад дакладна і пабожна, а таксама старацца быць ветлівым і зычлівым да ўсіх. ІІІ. ЧАС І МЕСЦА ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ 8. У тым, што датычыць часу ўдзялення хросту, перш за ўсё належыць дбаць пра збаўленне дзіцяці, каб яно не было пазбаўлена ласкі гэтага сакрамэнту; затым належыць браць пад увагу здароўе маці, каб яна сама, наколькі гэта магчыма, магла пры гэтым прысутнічаць. Нарэшце, калі толькі гэта не будзе перашкаджаць большаму дабру для дзіцяці, трэба браць пад увагу пастырскія патрэбы, г. зн. каб было дастаткова часу на падрыхтоўку бацькоў і на належную арганізацыю самога хросту дзеля лепшага выяўлення значэння самога абраду. Такім чынам: 1) Калі дзіцяці пагражае небяспека смерці, яго неадкладна трэба хрысціць, і гэта дазваляецца рабіць нават без згоды бацькоў і ў тым выпадку, калі бацькі немаўляці не католікі. Тады хрост удзяляецца такім чынам, як пададзена ніжэй (№ 21). 2) У іншых выпадках бацькі, ці, прынамсі адзін з іх, альбо той, хто правамоцна іх замяшчае, павінны даць згоду на хрост. Як мага раней і, калі ёсць магчымасць, яшчэ да нараджэння дзіцяці, яны паведамляюць пробашчу пра будучы хрост, каб можна было належным чынам падрыхтавацца да ўдзялення сакрамэнту. 3) Удзяленне хросту павінна адбывацца ў першыя тыдні пасля нараджэння дзіцяці. Калі ўвогуле няма надзеі на тое, што яно будзе выхаванае ў каталіцкай веры, хрост належыць адкласці згодна з наказамі партыкулярнага права (пар. № 25), паведаміўшы бацькам пра прычыну. 4) Пробашч, беручы пад увагу распараджэнні Канферэнцыі Біскупаў, прызначае час хросту дзяцей, калі толькі няма вышэйузгаданых абставінаў. 9. Каб паказаць пасхальную сутнасць хросту, рэкамендуецца ўдзяляць сакрамэнт у Пасхальную вігілію ці ў нядзелю, калі Касцёл успамінае ўваскрасенне Пана. У нядзелю хрост можна ўдзяляць таксама падчас Імшы, каб уся супольнасць магла браць удзел у абрадзе і каб выразней выяўлялася сувязь хросту і Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Аднак гэта не павінна адбывацца занадта часта. Нормы ўдзялення хросту ў Пасхальную вігілію альбо на нядзельнай Імшы падаюцца ніжэй. 10. Каб лепш выяўляць тое, што хрост — гэта сакрамэнт веры Касцёла, а таксама далучэння да народа Божага, звычайна яго належыць удзяляць у парафіяльным касцёле, у якім павінна быць хрысцільня. 11. Прыняўшы да ведама меркаванне мясцовага пробашча, мясцовы ардынарый можа дазволіць ці распарадзіцца, каб хрысцільня была таксама і ў іншым касцёле ці капліцы ў межах той жа парафіі. Звычайна пробашч мае права ўдзяляць хрост і ў гэтых месцах. Калі той, хто прымае хрост, з-за адлегласці ды іншых абставінаў не можа прыбыць ці быць прынесены без сур’ёзных перашкодаў, хрост можа і павінен быць удзелены ў бліжэйшым касцёле ці капліцы, альбо нават у іншым адпаведным месцы, з захаваннем таго, што вызначана адносна часу і структуры абраду (пар. №№ 8-9; 15-22). 12. Апрача выпадку неабходнасці хрост не трэба ўдзяляць у прыватных дамах, калі толькі гэтага не дазволіць мясцовы ардынарый з важнай прычыны. 13. Калі толькі інакш не пастановіць біскуп (пар. № 11), нельга ўдзяляць хрост у шпіталях, хіба толькі ў выпадку неабходнасці ці калі да гэтага схіляе іншая пастырская патрэба. Але пра гэта заўсёды належыць паведаміць пробашчу і адпаведна падрыхтаваць бацькоў. 14. Калі адбываецца літургія слова, пажадана адносіць дзяцей у асобнае памяшканне. Аднак неабходна клапаціцца, каб маці ці хросныя маці ўдзельнічалі ў літургіі слова; для гэтага належыць даручыць дзяцей іншым жанчынам. ІV. СТРУКТУРА АБРАДУ ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ А. Парадак хросту, які ўдзяляецца звычайным цэлебрантам 15. Незалежна ад таго, ці трэба хрысціць адно, некалькі альбо нават шмат дзяцей і калі не пагражае небяспека смерці, цэлебранту належыць выканаць поўны абрад, так, як падаецца тут. 16. Абрад пачынаецца з прыняцця дзяцей, у чым выяўляецца жаданне бацькоў і хросных, якія хочуць, каб дзіця было ахрышчана, і намер Касцёла, які жадае ўдзяліць сакрамэнт хросту. Выяўляецца гэта праз знак крыжа, які цэлебрант і бацькі робяць на чале дзіцяці. 17. Літургія Божага слова скіраваная на тое, каб перад удзяленнем сакрамэнту абудзіць веру бацькоў, хросных і ўсіх прысутных, а супольнаю малітваю выпрасіць плён сакрамэнту. Літургія слова складаецца з чытання аднаго ці некалькіх урыўкаў са Святога Пісання; гаміліі, пасля якой можа пэўны час захоўвацца маўчанне; малітвы вернікаў, якая павінна заканчвацца малітваю ў форме экзарцызму. Яна рыхтуе да намашчэння алеем катэхуменаў ці да ўскладання рук. 18. Само ўдзяленне сакрамэнту 1) непасрэдна падрыхтоўваецца: а) урачыстаю малітваю цэлебранта, які, заклікаючы Бога і ўспамінаючы Яго план збаўлення, альбо асвячае хрысцільную ваду, альбо ўспамінае ўжо здзейсненае асвячэнне; б) адрачэннем бацькоў і хросных ад сатаны і вызнаннем веры, якое пацвярджаюць цэлебрант і супольнасць, а таксама апошнім пытаннем, скіраваным да бацькоў і хросных; 2) здзяйсняецца праз абмыванне вадою, якое можа адбывацца праз акунанне ці праз паліванне, згодна з мясцовымі звычаямі, а таксама закліканнем Найсвяцейшай Тройцы; 3) дапаўняецца яно намашчэннем хрызмам, што азначае прыняцце ахрышчаным каралеўскага святарства і далучэнне яго да супольнасці Божага народа; а заканчваецца абрадамі ўскладання белага адзення, уручэння запаленай свечкі і абрадам «Эффата» (апошні можа быць прапушчаны). 19. Пасля закліку святара, як прадвесце далейшага ўдзелу ў Эўхарыстыі, перад алтаром прамаўляецца малітва Панская. У ёй Божыя дзеці моляцца да Айца, які ёсць ў небе. Затым, каб усе напоўніліся Божаю ласкаю, бацькі і ўсе прысутныя атрымліваюць благаслаўленне. Б. Скарочаны парадак хросту 20. У скарочаны парадак хросту, прызначаны для катэхетаў3, уваходзяць абрад прыняцця дзяцей, літургія Божага слова альбо настаўленне цэлебранта і малітва вернікаў. Перад хрысцільняю цэлебрант прамаўляе малітву, каб заклікаць Бога і нагадаць гісторыю збаўлення ў яе сувязі з хростам. Пасля хросту прапускаецца намашчэнне хрызмам, а прамаўляецца адпаведная формула і ўвесь абрад завяршаецца як звычайна. Такім чынам, прапускаюцца экзарцызм і намашчэнне алеем катэхуменаў, намашчэнне хрызмам і абрад «Эффата». 21. Скарочаны парадак хросту дзіцяці, якому пагражае небяспека смерці, пры адсутнасці звычайнага цэлебранта падаецца ў двух варыянтах: 1) Пры кананні ці пагрозе смерці, калі вымушае час, цэлебрант4, прапускаючы іншае, палівае вадой, якая можа быць не асвячанай, але натуральнай, на галаву дзіцяці, прамаўляючы звычайную формулу5. 2) Аднак, калі паводле пераканаўчага меркавання, часу яшчэ дастаткова, а сярод сабраных вернікаў ёсць хтосьці, хто здольны правесці кароткую малітву, належыць здзейсніць наступны абрад: цэлебрант прамаўляе настаўленне, а таксама адбываецца кароткая агульная малітва, вызнанне веры бацькоў ці аднаго хроснага і паліванне вадой са звычайнымі словамі. Калі ж прысутныя недастаткова дасведчаныя, цэлебрант, прамовіўшы гучным голасам вызнанне веры, хрысціць паводле абраду, які ўжываецца пры пагрозе смерці. 22. Пры пагрозе смерці таксама святар і дыякан могуць пры неабходнасці ўжыць скарочаны парадак. Пробашч альбо іншы святар, які валодае такім правам, калі мае пры сабе святое хрызма і яшчэ застаецца час, павінен не прамінуць удзяліць пасля хросту сакрамэнт канфірмацыі, прапускаючы ў гэтым выпадку намашчэнне хрызмам пасля хросту. V. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЬ КАНФЕРЭНЦЫІ БІСКУПАЎ І БІСКУПЫ 23. Апрача дастасаванняў, прадугледжаных у Агульных уводзінах (№№ 30-33), у абрадзе хросту дзяцей дапускаюцца іншыя ўзгадненні, якія вызначаюць Канферэнцыі Біскупаў. 24. Як падаецца ў самім Рымскім Рытуале, па рашэнні гэтых канферэнцый можа быць устаноўлена наступнае: 1) Згодна з мясцовымі звычаямі, запытанне пра імя дзіцяці, якое прымае хрост, можна задаваць у розных формах, у залежнасці ад таго, ці імя ўжо дадзенае, ці будзе давацца падчас хросту. 2) Намашчэнне алеем катэхуменаў можна прапусціць. 3) Формула адрачэння ад зла можа быць скарочанаю ці пашыранаю (№№ 57, 94, 121). 4) Калі тых, хто прымае хрост, вельмі шмат, намашчэнне хрызмам можна прапусціць (№ 125). 5) Можна захаваць абрад «Эффата». 25. Паколькі ў многіх краінах бацькі часам бываюць не падрыхтаваныя да абраду хросту альбо просяць ахрысціць сваіх дзяцей, але пасля не выхоўваюць іх па-хрысціянску, так што тыя нават губляюць веру, то не дастаткова павучаць бацькоў і запытваць іх пра веру толькі падчас самога абраду. Таму Канферэнцыі Біскупаў у дапамогу пробашчам могуць выдаваць пастырскія інструкцыі, у якіх вызначаўся б даўжэйшы тэрмін падрыхтоўкі перад удзяленнем сакрамэнту. 26. Апрача таго, біскупам для сваіх дыяцэзій належыць прыняць рашэнне, ці могуць катэхеты адвольна звяртацца з прамоваю пасля біблійных чытанняў, ці павінны чытаць падрыхтаваны тэкст. VІ. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЬ ЦЭЛЕБРАНТЫ ХРОСТУ 27. Важна, каб на сходах бацькоў, якія рыхтуюцца да хросту дзяцей, навучанне абапіралася на малітвы і абрады. Можна выкарыстоўваць для гэтага розныя элементы, якія прадугледжаныя ў парадку хросту для літургіі Божага слова. 28. Калі хрост удзяляецца дзецям у Пасхальную вігілію, абрад павінен адбывацца наступным чынам: 1) Перад цэлебрацыяй Пасхальнай вігіліі ў адпаведным месцы і ў вызначаны час адбываецца абрад прыняцця дзяцей, які заканчваецца малітвай-экзарцызмам і намашчэннем алеем катэхуменаў. Літургію слова можна прапусціць. 2) Сам сакрамэнт адбываецца (№№ 56-58, 60-63) пасля асвячэння вады, як падаецца ў літургічных прадпісаннях для Пасхальнай вігіліі. 3) Прапускаецца пацвярджэнне вызнання веры бацькоў цэлебрантам і супольнасцю (№ 59), уручэнне запаленай свечкі (№ 65) і абрад «Эффата». 4) Прапускаецца заканчэнне абраду (№№ 67-71). 29. Калі хрост удзяляецца падчас нядзельнай Імшы, цэлебруецца Імша гэтага дня. У нядзелі перыяду Нараджэння Пана і Звычайнага перыяду можна выкарыстаць фармуляр Імшы пры ўдзяленні хросту дзецям. Абрады адбываюцца наступным чынам: 1) Абрад прыняцця дзяцей (№№ 33-43) адбываецца на пачатку Імшы, у якой з гэтай прычыны прапускаюцца вітанне сабранага народа і чын пакаяння. 2) У літургіі слова: а) Чытанні бяруцца з нядзельнай Імшы. У перыяд Нараджэння Пана і ў звычайны перыяд яны могуць быць узятыя таксама з Лекцыянарыя для абрадавых Імшаў альбо з тэкстаў, якія падаюцца ў гэтай кнізе (№ 44; Дадатак, №№ 1-30). Калі забаронены абрадавыя Імшы, адно чытанне можна ўзяць з тэкстаў, прадугледжаных для хросту дзяцей, але беручы пад увагу іх пастырскае значэнне і характар літургічнага дня. б) У гаміліі неабходна абапірацца на святыя тэксты і пры гэтым браць пад увагу ўдзяленне хросту. в) Сімвал веры не прамаўляецца, паколькі яго замяняе вызнанне веры, якое чыніць уся супольнасць перад хростам. г) Агульная малітва бярэцца з тых, якія змешчаныя ў Парадку хросту (№№ 47-48), на заканчэнне якой, перад просьбай заступніцтва святых, дадаецца просьба за паўсюдны Касцёл і за патрэбы ўсяго свету. 3) Затым ідзе малітва-экзарцызм і намашчэнне, а таксама іншыя абрады, апісаныя ў Парадку хросту (№№ 49-66). 4) Пасля ўдзялення хросту Імша працягваецца, як звычайна, г. зн. пачынаючы з ахвяравання. 5) Для благаслаўлення на заканчэнне Імшы святар можа ўжыць адну з формулаў, якія прапануюцца для абраду хросту (№ 70). 30. Калі хрост удзяляецца падчас Імшы ў будні, парадак яго ўвогуле такі ж, як і ў нядзелю, а для літургіі слова можна ўзяць чытанні з тых, якія прапануюцца для абраду хросту (№№ 44, 186-215). 31. Згодна з нормаю, пададзенай у № 34 Агульных Уводзінаў, цэлебрант мае права ўводзіць у абрад некаторыя дастасаванні, якіх вымагаюць самі абставіны, напрыклад: 1) калі маці дзіцяці памерла пры родах, гэта неабходна ўзяць пад увагу ва ўступным слове (№№ 36, 75), у агульнай малітве (№№ 47, 84) і ў заключным благаслаўленні (№№ 70, 105); 2) у дыялогу з бацькамі (№№ 37-38, 76-77) неабходна зважаць на іх адказ. Калі яны не сказалі: Хросту, а: Веры, ці: Ласкі Хрыста, ці: Уваходу ў Касцёл, альбо: Вечнага жыцця, то цэлебрант не павінен пачынаць наступнага выказвання са словаў: Просячы хросту для дзяцей, але адпаведна: Просячы веры ці: Просячы ласкі Хрыста, ды інш; 3) Парадак прынясення ў касцёл ужо ахрышчанага дзіцяці (№№ 205-225), быў укладзены толькі на выпадак, калі дзіця было ахрышчанае пры небяспецы смерці. Але яго можна таксама дастасаваць і да іншых выпадкаў, напр., калі дзеці былі ахрышчаныя ў час рэлігійнага пераследу альбо часовай нязгоды паміж бацькамі. q
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.