Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасвячэнне біскупа


УВОДЗІНЫ

І. Значэнне пасвячэння

12. Моцаю біскупскага пасвячэння і праз іерархічную еднасць з Галавой і членамі Калегіі, выбраны становіцца членам біскупскай супольнасці.
Стан біскупаў мае пераемнасць ад апостальскай калегіі ў настаўніцтве і пастырскім кіраванні, і ў ім працягвае існаваць супольнасць Апосталаў11. Біскупы «як наступнікі Апосталаў атрымліваюць ад Пана, якому дадзена ўся ўлада на небе і на зямлі, місію навучання ўсіх народаў і абвяшчэння Евангелля кожнаму стварэнню, каб усе людзі праз веру, хрост і спаўненне запаведзяў дасягнулі збаўлення (пар. Мц 28, 18)»12. Калегія біскупаў, сабраная пад кіраўніцтвам адзінага галавы – Рымскага Пантыфіка, наступніка Пятра, выяўляе адзінства, разнастайнасць і ўсеагульнасць Хрыстовага статку13.

13. Асобныя біскупы, якія стаяць на чале мясцовых Касцёлаў, здзяйсняюць сваё пастырскае кіраванне над даручанаю ім часткаю народу Божага14; яны з’яўляюцца бачным пачаткам і падмуркам адзінства ў гэтых мясцовых Касцёлах, сфармаваных на падабенства ўсеагульнага Касцёла, у якіх існуе і з якіх складаецца каталіцкі Касцёл15.

14. Сярод галоўных абавязкаў біскупаў асабліва вылучаецца абвяшчэнне Евангелля, бо біскупы з’яўляюцца веснікамі веры, якія прыводзяць да Хрыста новых вучняў, і сапраўднымі настаўнікамі, якія абвяшчаюць даручанаму ім народу праўду, у якую належыць верыць і згодна з якой трэба жыць16. Праз служэнне слова яны перадаюць вернікам моц Бога дзеля іхняга збаўлення (пар. Рым 1, 16), а праз сакрамэнты асвячаюць верных: кіруюць удзяленнем хросту, з’яўляюцца першаснымі служыцелямі канфірмацыі, распарадчыкамі пасвячэнняў, кіраўнікамі пакаяльнай дысцыпліны. Надзеленыя паўнатою сакрамэнту пасвячэння, яны з’яўляюцца «эканомамі ласкі найвышэйшага святарства», асабліва ў Эўхарыстыі, якую самі ахвяруюць альбо дбаюць, каб яна ахвяроўвалася. Яны кіруюць кожнай правамоцнай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, бо ў кожнай супольнасці алтара, дзякуючы святому служэнню біскупа, выяўляецца сімвал любові і адзінства Містычнага цела17.

ІІ. Абавязкі і паслугі


15. Абавязак усіх верных – маліцца за абранне для іх біскупа і за абранага біскупа. Гэта павінна адбывацца асабліва ў агульнай малітве падчас Імшы і ў малітвах Нешпараў.
Паколькі біскуп устанаўліваецца для ўсяго мясцовага Касцёла, на яго пасвячэнне неабходна запрашаць духавенства ды іншых вернікаў, каб як мага больш іх ўдзельнічала ў цэлебрацыі.

16. Згодна са старажытнай традыцыяй разам з галоўным пасвячаючым біскупам у цэлебрацыі пасвячэння павінны ўдзельнічаць яшчэ прынамсі два біскупы. Таму вельмі пажадана, каб усе прысутныя біскупы бралі ўдзел ва ўзвядзенні новаабранага ў найвышэйшае святарскае служэнне18, ускладаючы на яго рукі, прамаўляючы вызначаную частку малітвы пасвячэння і вітаючы яго пацалункам.
Такім чынам у пасвячэнні кожнага біскупа выяўляецца калегіяльны характар біскупскага стану.
Згодна са звычаем мітрапаліт пасвячае біскупа суфрагана, а мясцовы біскуп – дапаможнага біскупа.
Галоўны пасвячаючы біскуп прамаўляе малітву пасвячэння, у якой благаслаўляе Бога і заклікае Духа Святога.

17. На цэлебрацыі пасвячэння выбранаму асістуюць два прэзбітэры дыяцэзіі, для якой ён пасвячаецца: адзін з іх ад імя мясцовага Касцёла просіць галоўнага пасвячаючага біскупа ўдзяліць выбранаму пасвячэнне. Разам з біскупам, пасвячаным на гэтай цэлебрацыі, і з іншымі біскупамі гэтыя два прэзбітэры, і, наколькі магчыма, таксама іншыя прэзбітэры, асабліва з гэтай жа дыяцэзіі, канцэлебруюць эўхарыстычную літургію.

18.  Два дыяканы трымаюць над галавой выбранага кнігу Евангелля ў той час, калі прамаўляецца малітва пасвячэння.

ІІІ. Цэлебрацыя пасвячэння

19. Выбраны перад пасвячэннем павінен у адпаведны час удзельнічаць у рэкалекцыях.

20. Належыць, каб усе супольнасці дыяцэзіі, для якой пасвячаецца біскуп, былі адпаведным чынам падрыхтаваныя да цэлебрацыі пасвячэння.

21. Біскуп, які ставіцца на чале пэўнай дыяцэзіі, павінен прымаць пасвячэнне ў катэдральным касцёле. Дапаможныя біскупы, якія пасвячаюцца для служэння ў пэўнай дыяцэзіі, таксама павінны пасвячацца ў катэдральным касцёле альбо ў іншым больш значным касцёле дыяцэзіі.

22. Пасвячэнне біскупа павінна адбывацца з удзелам як мага большай колькасці верных у нядзелю ці ў свята, асабліва ў святы Апосталаў, калі толькі пастырскія меркаванні не схіляюць да выбару іншага дня. Але выключаюцца Пасхальны Трыдуум, Папяльцовая серада, увесь Вялікі тыдзень, а таксама Успамін усіх памерлых вернікаў.

23. Пасвячэнне адбываецца падчас урачыстай цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, пасля заканчэння літургіі слова перад эўхарыстычнай літургіяй.
Можа цэлебравацца абрадавая Імша Пры пасвячэнні духоўных асобаў, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, дзён актавы Пасхі і святаў Апосталаў. Калі прыпадаюць гэтыя дні, цэлебруецца Імша з дня з уласнымі чытаннямі. Аднак у іншыя дні, калі не цэлебруецца абрадавая Імша, адно з чытанняў можна ўзяць з тых, якія прапануюцца ў Лекцыянарыі для абрадавай Імшы.
Агульная малітва прапускаецца, бо замест яе прамаўляецца літанія.

24. Пасля Евангелля мясцовы Касцёл вуснамі аднаго са сваіх прэзбітэраў просіць галоўнага пасвячаючага біскупа пасвяціць выбранага. Выбраны перад біскупамі і ўсімі вернікамі выказвае жаданне выконваць свой абавязак згодна з воляю Хрыста і Касцёла ў еднасці з біскупскім станам пад уладаю наступніка святога апостала Пятра. У літаніі ўсе просяць Божай ласкі для выбранага.

25. Праз ускладанне рук біскупаў і малітву пасвячэння выбранаму ўдзяляецца дар Духа Святога для выканання  біскупскага абавязку. Наступныя словы з’яўляюцца істотнымі і неабходнымі для сапраўднасці чыну: «А цяпер спашлі на гэтага выбранага тую моц, якая паходзіць ад Цябе, – Духа Найвышэйшага, якога Ты даў Твайму ўмілаванаму Сыну Езусу Хрысту і якога Ён даў святым Апосталам, каб яны ў розных месцах устанавілі Касцёл як Тваю святыню на хвалу і няспыннае праслаўленне імя Твайго».
Галоўны пасвячаючы біскуп прамаўляе малітву пасвячэння ад імя ўсіх прысутных біскупаў; словы, якія адносяцца да сутнасці пасвячэння, прамаўляюць усе біскупы, якія разам з галоўным пасвячаючым біскупам ускладаюць рукі на выбранага. Гэтыя словы належыць прамаўляць так, каб выразна быў чутны голас галоўнага пасвячаючага біскупа, а іншыя біскупы гавораць іх сцішаным голасам.

26. Ускладанне кнігі Евангелля на галаву прымаючага пасвячэнне падчас малітвы пасвячэння, а таксама ўручэнне кнігі пасвячанаму азначае вернае абвяшчэнне слова Божага як галоўнага абавязку біскупа. Намашчэнне галавы азначае асаблівы ўдзел біскупа ў святарстве Хрыста. Уручэнне персценя сімвалізуе вернасць біскупа Касцёлу – абранніцы Бога; ускладанне мітры – імкненне да святасці; уручэнне пастарала – абавязак кіравання даручаным яму Касцёлам.
Пацалунак, які прымае пасвячаны ад галоўнага пасвячаючага біскупа і ад усіх біскупаў, з’яўляецца нібы пячаццю, што зацвярджае яго прыняцце ў Калегію біскупаў.

27. Вельмі пажадана, каб біскуп, калі ён прымае пасвячэнне на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі, кіраваў канцэлебрацыяй эўхарыстычнай літургіі. Калі ж пасвячэнне адбываецца ў іншай дыяцэзіі, кіруе канцэлебрацыяй галоўны пасвячаючы біскуп. У гэтым выпадку першае месца сярод канцэлебрантаў займае новапасвячаны біскуп.

IV. Што неабходна падрыхтаваць


28. Акрамя таго, што неабходна для цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, належыць падрыхтаваць:
а) кнігу з абрадамі пасвячэння;
б) тэксты малітвы пасвячэння для пасвячаючых біскупаў;
в) палатняны грэміял;
г) святое хрызма;
д) усё, што патрэбна для абмывання рук;
е) персцень, пастарал, мітру для выбранага і, калі неабходна, палій. Гэтыя адзнакі, за выключэннем палія, не трэба папярэдне асвячаць, паколькі яны ўручаюцца ў самім абрадзе пасвячэння.

29. Апрача катэдры галоўнага пасвячаючага біскупа належыць падрыхтаваць месцы для пасвячаючых біскупаў, для выбранага і для прэзбітэраў наступным чынам:
а) падчас літургіі слова галоўны пасвячаючы біскуп сядзіць на катэдры, іншыя пасвячаючыя біскупы – каля катэдры, з двух бакоў; выбраны – у адпаведным месцы ў прэзбітэрыі сярод прэзбітэраў, якія яму асістуюць;
б) пасвячэнне звычайна адбываецца перад катэдрай; аднак, калі для ўдзелу верных узнікае такая неабходнасць, месцы для галоўнага пасвячаючага біскупа ды іншых пасвячаючых біскупаў рыхтуюцца перад алтаром альбо ў іншым, больш зручным месцы; для выбранага і асістуючых яму прэзбітэраў месцы размяшчаюцца так, каб верныя добра бачылі літургічнае дзеянне.

30. Галоўны пасвячаючы біскуп, а таксама біскупы і канцэлебруючыя прэзбітэры апранаюць літургічнае адзенне, патрэбнае для цэлебрацыі Імшы.
Галоўны пасвячаючы біскуп можа пад арнат апрануць далматыку.
Выбраны апранае ўсе святарскія шаты, а таксама нагрудны крыж і далматыку.
Пасвячаючыя біскупы, якія не канцэлебруюць, апранаюць альбу, нагрудны крыж, стулу і, у залежнасці ад абставінаў, капу і мітру. Прэзбітэры, якія асістуюць выбранаму, калі не канцэлебруюць, апранаюць альбу і капу.
Колер літургічнага адзення павінен адпавядаць Імшы, якая цэлебруецца, альбо быць белым. Можна ўжываць таксама святочнае альбо больш урачыстае адзенне.

й

  1. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 22.
  2. Тамсама, № 24.
  3. Пар. тамсама, № 22.
  4. Пар. тамсама, № 23.
  5. Пар. тамсама.
  6. Пар. тамсама, № 25.
  7. Пар. тамсама, № 26.
  8. Пар. тамсама, № 22.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.