Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА ПАСТЫРСКАЕ СЛУЖЭННЕ БІСКУПАЎ У КАСЦЁЛЕ
«CHRISTUS DOMINUS»

ІІ. БІСКУПЫ І АПОСТАЛЬСКАЯ СТАЛІЦА

РАЗДЗЕЛ ІІ - БІСКУПЫ МЯСЦОВЫХ КАСЦЁЛАЎ, АБО ДЫЯЦЭЗІЙ
І. ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНЫЯ БІСКУПЫ
ІІ. ВЫЗНАЧЭННЕ МЕЖАЎ ДЫЯЦЭЗІЙ
ІІІ. СУПРАЦОЎНІКІ ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНАГА БІСКУПА Ў ПАСТЫРСКІМ СЛУЖЭННІ

РАЗДЗЕЛ ІІІ - СУПРАЦОЎНІЦТВА БІСКУПАЎ ДЛЯ АГУЛЬНАГА ДАБРА НЕКАЛЬКІХ КАСЦЁЛАЎ
І. СІНОДЫ, САБОРЫ І АСАБЛІВА КАНФЕРЭНЦЫІ БІСКУПАЎ
ІІ. ВЫЗНАЧЭННЕ МЕЖАЎ КАСЦЁЛЬНЫХ ПРАВІНЦЫЙ І СТВАРЭННЕ КАСЦЁЛЬНЫХ РЭГІЁНАЎ
ІІІ. МІЖДЫЯЦЭЗІЯЛЬНАЯ ПАСЛУГА БІСКУПАЎ

АГУЛЬНАЕ ДАРУЧЭННЕ

УСТУП
1. Хрыстус Пан, Сын Бога жывога, прыйшоў збавіць свой народ ад грахоў1 і асвяціць усіх людзей. Як сам быў пасланы Айцом, так Ён паслаў сваіх Апосталаў2, якіх дзеля таго асвяціў, удзяліўшы ім Духа Святога, каб і яны праслаўлялі Айца на зямлі і збаўлялі людзей «дзеля будавання Хрыстовага цела» (Эф 4, 12), якім ёсць Касцёл.

2. У гэтым Хрыстовым Касцёле Рымскі Пантыфік як наступнік Пятра, якому Хрыстус даручыў пасвіць Яго авечак і ягнят, Божым устанаўленнем надзелены найвышэйшай, поўнай, непасрэднай, паўсюднай уладай у клопаце пра душы. Таму ён, пасланы як пастыр усіх вернікаў спрыяць агульнаму дабру як усяго Касцёла, так і мясцовых Касцёлаў, мае першынство звычайнай улады над усімі Касцёламі.

А самі біскупы, прызначаныя Духам Святым, займаюць месца Апосталаў як пастыры душ3 і разам з Найвышэйшым Пантыфікам і пад яго ўладай маюць місію ўвекавечваць справу Хрыста, вечнага Пастыра4. Сапраўды, Хрыстус дае Апосталам і іх пераемнікам наказ і ўладу навучаць усе народы, асвячаць людзей у праўдзе і пасвіць іх. Таму біскупы ласкай Духа Святога, які ім быў дадзены, сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, першасвятарамі і пастырамі5.

3. Біскупы, клапоцячыся пра ўсе Касцёлы, здзяйсняюць сваё біскупскае служэнне, атрыманае праз біскупскае пасвячэнне6, у адзінстве і пад уладай Найвышэйшага Пантыфіка ва ўсім, што датычыць навучання і пастырскага кіравання. Усе яны з’яднаныя ў адну Калегію, ці супольнасць, у адносінах да ўсяго Божага Касцёла.

Асобныя біскупы выконваюць гэтае служэнне ў пэўнай частцы статку Пана, якая ім даручана, клапоцячыся пра давераны ім мясцовы Касцёл. Аднак часам некаторыя біскупы могуць разам забяспечваць некаторыя агульныя патрэбы розных Касцёлаў. Таму гэты Святы Сабор, зважаючы на стан чалавечага грамадства, якое ў нашу эпоху ідзе да новага парадку рэчаў7, жадае вызначыць пастырскія абавязкі біскупаў найбольш падрабязна і дае наступныя прадпісанні.

РАЗДЗЕЛ І
БІСКУПЫ І ЎВЕСЬ КАСЦЁЛ

І. РОЛЯ БІСКУПАЎ ВА ЎСІМ КАСЦЁЛЕ

4. Біскупы з прычыны іх сакрамэнтальнага пасвячэння і ў іерархічным адзінстве з Галавой і членамі Калегіі з’яўляюцца правамоцна ўстаноўленымі членамі біскупскай супольнасці8. «Стан біскупаў, як пераемнасць Калегіі Апосталаў у навучанні і пастырскім кіраванні, больш за тое, як няспынны працяг апостальскай супольнасці ў часе, утварае разам са сваёй Галавой, Рымскім Пантыфікам, і толькі разам з ім, найвышэйшы суб’ект і паўнату ўлады над усім Касцёлам»9. Гэтая ўлада сапраўды «ўрачыста ажыццяўляецца на Сусветным Саборы»10, таму гэты Святы Сабор абвяшчае, што ўсе біскупы як члены Калегіі Біскупаў маюць права ўдзельнічаць у Сусветным Саборы.

«Тая ж калегіяльная ўлада можа ажыццяўляцца біскупамі свету разам з Папам, калі толькі Галава Калегіі заклікаў іх да калегіяльнага дзеяння ці, па меншай меры, зацвердзіў аднолькавую дзейнасць розных біскупаў або добраахвотна прыняў яе так, каб яна стала сапраўдным калегіяльным актам»11.

5. Біскупы, выбраныя з розных рэгіёнаў свету ў тым парадку і паводле тых прынцыпаў, якія ўстанавіў Рымскі Пантыфік, найбольш дзейсна дапамагаюць найвышэйшаму Пастыру Касцёла ў Радзе, якая мае назву Сінод Біскупаў12. Прадстаўляючы ўвесь каталіцкі епіскапат, ён з’яўляецца знакам таго, што ўсе біскупы ў іерархічным адзінстве ўдзельнічаюць у клопаце пра ўвесь Касцёл13.

6. Біскупы, як правамоцныя наступнікі Апосталаў і члены Калегіі Біскупаў, павінны быць заўсёды з’яднаныя паміж сабой і павінны клапаціцца пра ўсе Касцёлы. Паводле Божага ўстанаўлення і наказу апостальскага служэння кожны з іх разам з іншымі біскупамі адказвае за Касцёл14. Асаблівым чынам яны павінны клапаціцца пра тыя часткі свету, дзе Божае слова яшчэ не абвяшчалася, або тыя, дзе з-за недастатковай колькасці святароў вернікам пагражае небяспека адыходу ад практыкавання хрысціянскага жыцця і нават страта самой веры.

Таму біскупы няхай прыкладваюць намаганні, каб вернікі старанна падтрымлівалі і садзейнічалі справе евангелізацыі і апостальства. Акрамя таго, няхай імкнуцца рыхтаваць годных святароў, а таксама іх памочнікаў, як сярод кансэкраваных асоб, так і сярод свецкіх, для місійных тэрыторый і для рэгіёнаў, дзе існуе недахоп духавенства. Няхай дбаюць пра тое, каб па меры магчымасцяў некаторыя з іхніх святароў накіроўваліся на вышэйзгаданыя місійныя тэрыторыі ці дыяцэзіі, каб здзяйсняць там святое служэнне пастаянна ці, прынамсі, на працягу вызначанага перыяду.

У карыстанні касцёльнай маёмасцю біскупы павінны ўлічваць патрэбы не толькі сваіх дыяцэзій, але таксама іншых мясцовых Касцёлаў, бо яны таксама з’яўляюцца часткамі адзінага Хрыстовага Касцёла. Нарэшце, няхай імкнуцца паводле сваіх магчымасцяў аблегчыць няшчасці, якія закранаюць іншыя дыяцэзіі ці рэгіёны.

7. Асаблівым чынам няхай біскупы атуляюць сваёй братэрскай любоўю і дзейсным клопатам тых святых кіраўнікоў, якія церпяць несправядлівыя абвінавачванні і пераслед дзеля імя Хрыста, знаходзяцца ў турме ці пазбаўлены магчымасці здзяйсняць сваё служэнне. Няхай імкнуцца малітвай і справай аблегчыць і суняць пакуты сваіх сабратоў.

ІІ. БІСКУПЫ І АПОСТАЛЬСКАЯ СТАЛІЦА

8. а) Біскупам, як наступнікам Апосталаў, у даручаных ім дыяцэзіях належыць сама па сабе звычайная, уласная і непасрэдная ўлада, неабходная для здзяйснення іх пастырскага служэння. Аднак пры гэтым застаецца цалкам непарушнай тая ўлада, дзякуючы якой Рымскі Пантыфік паводле свайго служэння можа пакідаць некаторыя справы самому сабе ці іншай уладзе.

б) Кожны дыяцэзіяльны біскуп тым вернікам, над якімі здзяйсняе сваю ўладу згодна з правам, можа ў асобных выпадках даваць дыспенсу ад агульнага касцёльнага права кожны раз, калі палічыць, што гэта будзе спрыяць іх духоўнаму дабру, за выключэннем выпадкаў, калі найвышэйшая касцёльная ўлада спецыяльна не пакіне за сабой дадзены выпадак.

9. Здзяйсняючы сваю найвышэйшую, поўную і непасрэдную ўладу над усім Касцёлам, Рымскі Пантыфік карыстаецца паслугамі ведамстваў Рымскай Курыі, якія ад яго імя і моцай ягонай улады выконваюць свае абавязкі на карысць Касцёлаў і на служэнне святым пастырам.

Аднак Айцы Святога Сабору жадаюць, каб гэтыя ведамствы, якія да гэтай пары аказвалі надзвычай каштоўную дапамогу Рымскаму Пантыфіку і пастырам Касцёла, былі рэарганізаваны ў адпаведнасці з патрэбамі часу, краін і абрадаў, асабліва гэта датычыць іх колькасці, назваў, кампетэнцыі, уласцівых метадаў працы і каардынавання іх дзейнасці15. Таксама жадаюць, беручы пад увагу пастырскае служэнне біскупаў, каб больш дакладна былі вызначаны абавязкі легатаў Рымскага Пантыфіка.

10. Паколькі гэтыя ведамствы былі створаны дзеля дабра ўсяго Касцёла, пажадана, каб іх члены, служачыя, дарадцы, а таксама легаты Рымскага Пантыфіка як мага часцей выбіраліся з розных рэгіёнаў Касцёла, каб службы або цэнтральныя органы каталіцкага Касцёла выяўлялі сапраўды паўсюдны характар.

Выказвалася пажаданне, каб да членаў ведамстваў былі аднесены таксама некаторыя біскупы, асабліва дыяцэзіяльныя, якія маглі б найбольш поўна знаёміць Найвышэйшага Пантыфіка з думкамі, пажаданнямі і патрэбамі ўсіх Касцёлаў.

Нарэшце, Айцы Сабору лічаць, што будзе вельмі карысным, каб святыя ведамствы больш, чым у мінулым, прыслухоўваліся да поглядаў свецкіх, якія адзначаюцца цнотамі, ведамі і досведам, каб і яны здзяйснялі належную ім ролю ў касцёльных справах.


РАЗДЗЕЛ ІІ
БІСКУПЫ МЯСЦОВЫХ КАСЦЁЛАЎ, АБО ДЫЯЦЭЗІЙ

І. ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНЫЯ БІСКУПЫ

11. Дыяцэзія — гэта частка Божага народу, даручаная пастырскай апецы біскупа, якому дапамагае яго прэзбітэрый, каб яна, трываючы пры сваім пастыры і сабраная ім у Духу Святым праз Евангелле і Эўхарыстыю, утварыла мясцовы Касцёл, у якім праўдзіва прысутнічае і дзейнічае адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Хрыстовы Касцёл.

Асобныя біскупы, якім даручаны клопат пра мясцовы Касцёл, пасвяць сваіх авечак ад імя Пана і пад уладай Найвышэйшага Пантыфіка як іх ўласныя, звычайныя і непасрэдныя пастыры і здзяйсняюць дзеля іх дабра абавязак навучання, асвячэння і кіравання. Аднак біскупы павінны прызнаваць правы, якія паводле права належаць патрыярхам або іншым іерархічным уладам16.

Біскупы павінны здзяйсняць сваё апостальскае служэнне як сведкі Хрыста перад усімі людзьмі, клапаціцца не толькі пра тых, хто ўжо наследуе Князя пастыраў, але з усёй душой прысвячаць сябе таксама тым, хто нейкім чынам адышоў ад шляху праўды, і тым, хто яшчэ не ведае Евангелля Хрыста і Яго збаўчай міласэрнасці, пакуль усе яны не будуць урэшце паступаць «ва ўсёй дабраце, справядлівасці і праўдзе» (Эф 5, 9).

12. У выкананні свайго абавязку навучання няхай абвяшчаюць людзям Евангелле Хрыста, бо сярод галоўных абавязкаў біскупаў гэты з’яўляецца першым17. Няхай у моцы Духа заклікаюць людзей да веры ці ўмацоўваюць іх у жывой веры. Няхай тлумачаць ім ва ўсёй паўнаце таямніцу Хрыста, гэта значыць тыя праўды, няведанне якіх азначае няведанне самога Хрыста, а таксама аб’яўлены звыш шлях, які вядзе да праслаўлення Бога, а праз гэта і да вечнага шчасця18.

Акрамя таго, няхай тлумачаць, што зямныя справы і чалавечыя ўстановы паводле намеру Бога Стварыцеля таксама скіраваныя да збаўлення людзей, а таму могуць значна садзейнічаць будаванню Хрыстовага цела.

Няхай навучаюць таму, як трэба ставіцца, згодна з вучэннем Касцёла, да чалавечай асобы, яе свабоды і самога цялеснага жыцця; да сям’і, яе адзінства і трываласці, да нараджэння і выхавання патомства; да цывілізаванага грамадства, яго законаў і прафесій, працы і адпачынку, мастацтваў і тэхнічных вынаходстваў; да беднасці і дастатку матэрыяльных дабротаў. Урэшце, няхай прапануюць спосабы вырашэння найважнейшых пытанняў наконт валодання матэрыяльнымі дабротамі, іх павелічэння і справядлівага размеркавання, наконт спакою і вайны, а таксама братэрскага суіснавання ўсіх народаў19.

13. Біскупы павінны тлумачыць хрысціянскае вучэнне ў адпаведнасці з патрэбамі часу, каб даваць адказ на тыя цяжкасці і праблемы, якія найбольш непакояць людзей. Акрамя таго, няхай не толькі асабіста абараняюць гэтае вучэнне, але і вернікаў вучаць абараняць і пашыраць яго. Няхай гэтае вучэнне прадстаўляюць такім чынам, каб паказаць матчын клопат Касцёла пра ўсіх людзей — як вернікаў, так і няверуючых, атуляючы асаблівым клопатам найбольш бедных і слабых, да якіх былі пасланыя Панам абвяшчаць Евангелле.

Паколькі Касцёл павінен устанавіць дыялог з чалавечым грамадствам20, сярод якога жыве, біскупам у першую чаргу належыць абавязак ісці да людзей, прасіць дыялогу з імі і спрыяць яму. Але паколькі ў гэтым дыялогу збаўлення праўда ідзе заўсёды ў адзінстве з міласэрнасцю і разуменне з любоўю, неабходна, каб гэты дыялог адзначаўся не толькі яснасцю выказванняў, пакорай і спагадлівасцю, але таксама належнай разважлівасцю і ўзаемным даверам, які спрыяе сяброўству і яднае душы21.

Для пашырэння хрысціянскага вучэння няхай біскупы выкарыстоўваюць усе даступныя сёння сродкі: прапаведаванне і катэхетычнае навучанне, якія заўсёды займаюць першае месца; затым — выкладанне вучэння ў школах, акадэміях, на канферэнцыях і разнастайных сходах; і, нарэшце, публічныя выступленні з нагоды розных падзей у прэсе і ў розных сродках масавай камунікацыі, выкарыстанне якіх неабходна для абвяшчэння Хрыстовага Евангелля22.

14. Няхай дбаюць, каб не толькі для дзяцей і моладзі, але таксама для дарослых, старанна і рупліва вялася катэхізацыя, каб з дапамогай належнага навучання ажыўляць сярод людзей веру і рабіць яе свядомай і дзейснай; каб гэтае навучанне адбывалася ў парадку і метадам, дастасаваным да яго тэматыкі, разумовых і іншых здольнасцяў, да ўзросту і ўмоў жыцця аўдыторыі; каб грунтавалася на Святым Пісанні, на Традыцыі, Літургіі, навучанні Настаўніцкага Інстытута і жыцці Касцёла.

Больш за тое, няхай стараюцца, каб катэхеты былі належна падрыхтаваныя да свайго абавязку, глыбока абазнаныя ў вучэнні Касцёла, а таксама ў тэорыі і практыцы законаў псіхалогіі і педагагічных дысцыплін.

Няхай біскупы клапоцяцца пра аднаўленне катэхумэнату дарослых ці пра яго лепшую адаптацыю.

15. У выкананні свайго абавязку асвячэння няхай біскупы памятаюць, што былі выбраныя з людзей і для людзей былі прызначаны ва ўсім, што адносіцца да Бога, каб складаць дары і ахвяры за грахі. Сапраўды, біскупам належыць паўната сакрамэнту пасвячэння. Ад іх у здзяйсненні сваёй улады залежаць прэзбітэры, пасвячаныя на сапраўдных святароў Новага Запавету, каб быць разважлівымі супрацоўнікамі біскупскага стану, і дыяканы, якія ў адзінстве з біскупам і яго прэзбітэрыем устаноўлены на служэнне Божаму народу. Таму біскупы з’яўляюцца асноўнымі распарадчыкамі Божых таямніц і ў той жа час кіраўнікамі, ініцыятарамі і вартаўнікамі ўсяго літургічнага жыцця даверанага ім Касцёла23.

Таму няхай рупліва працуюць, каб вернікі праз Эўхарыстыю больш глыбока пазнавалі і перажывалі Пасхальную таямніцу, каб утваралі адно цела, больш цесна з’яднанае ў адзінстве любові Хрыста24. «Настойлівыя ў малітве і ў служэнні слова» (Дз 6, 4), няхай прыкладваюць намаганні, каб усе давераныя іх апецы ядналіся ў малітве25, узрасталі ў ласцы праз атрыманыя сакрамэнты і былі вернымі сведкамі Пана.

Як настаўнікі дасканаласці няхай дапамагаюць узрастаць у святасці сваім святарам, кансэкраваным асобам і свецкім паводле асаблівага паклікання кожнага26, памятаючы, аднак, што абавязаны даваць ім прыклад святасці сваёй любоўю, пакораю і прастатой жыцця. Павінны весці давераныя ім Касцёлы да такой ступені святасці, каб яны цалкам выяўлялі сэнс і значэнне паўсюднага Касцёла Хрыста. Таму няхай найбольш імкнуцца спрыяць росту святарскіх і манаскіх пакліканняў, асабліва пакліканняў да місіянерства.

16. У выкананні свайго абавязку айцоў і пастыраў няхай біскупы будуць сярод сваіх як слугі27, як добрыя пастыры, якія ведаюць сваіх авечак і якіх ведаюць авечкі, як сапраўдныя айцы, якія ставяцца да ўсіх у духу любові і з удзячнасцю. Няхай збіраюць сваю аўчарню і даюць ёй такую фармацыю, каб усе, усведамляючы свае абавязкі, жылі і дзейнічалі ў адзінстве любові.

Каб паспяхова дасягнуць гэтай мэты, няхай біскупы, «гатовыя да кожнай добрай справы» (2 Цім 2, 21) і «вытрымліваючы ўсё на карысць выбраных» (2 Цім 2, 10), суадносяць сваё жыццё з патрабаваннямі часу.

Святароў, якія часткова бяруць на сябе абавязкі і клопаты біскупаў і штодзённа выконваюць іх з вялікай стараннасцю, няхай біскупы заўсёды атачаюць асаблівай любоўю і лічаць іх сынамі і сябрамі28, няхай ахвотна выслухоўваюць іх і ставяцца да іх з даверам і добразычлівасцю дзеля пашырэння пастырскай дзейнасці ва ўсіх дыяцэзіях.

Няхай клапоцяцца пра іх духоўны, інтэлектуальны і матэрыяльны стан, каб яны маглі свята і праведна жыць і выконваць сваю паслугу верна і плённа. З гэтай мэтай няхай спрыяюць тым установам і арганізоўваць такія спецыяльныя сходы, на якіх святары час ад часу маглі б сустракацца як для аднаўлення свайго жыцця падчас больш доўгіх духоўных практыкаванняў, так і для паглыблення эклезіяльных ведаў, асабліва Святога Пісання і тэалогіі, найбольш важных сацыяльных праблем і новых метадаў пастырскай дзейнасці. Няхай з дзейснай міласэрнасцю дапамагаюць тым святарам, якія знаходзяцца ў якой-небудзь небяспецы ці якія ў чым-небудзь парушылі свой абавязак.

Каб як найлепш клапаціцца пра дабро кожнага верніка, паводле неабходнасці кожнага, няхай біскупы імкнуцца глыбока зразумець іх патрэбы і сацыяльныя ўмовы жыцця з дапамогай усіх прыдатных сродкаў, асабліва сацыялагічных даследаванняў. Няхай будуць уважлівыя да кожнага чалавека: любога ўзросту, становішча, нацыянальнасці — ці гэта будуць мясцовыя жыхары, ці прыхадні, ці вандроўнікі. У выкананні гэтай пастырскай дзейнасці няхай біскупы захоўваюць за сваімі вернікамі належны ім удзел у справах Касцёла, прызнаючы іх права і абавязак актыўна супрацоўнічаць у будаванні Містычнага цела Хрыста.

Няхай атуляюць любоўю адлучаных братоў і заахвочваюць вернікаў ставіцца да іх з вялікай чалавечнасцю і міласэрнасцю, спрыяючы такім чынам экуменізму паводле разумення Касцёла29. Няхай адкрываюць свае сэрцы таксама неахрышчаным, каб і для іх заяснела любоў Хрыста, сведкамі якой перад усімі з’яўляюцца біскупы.

17. Трэба падтрымліваць розныя формы апостальства і імкнуцца да належнай скаардынаванасці і глыбокай узаемасувязі ўсіх спраў апостальства пад кіраўніцтвам біскупа ва ўсёй дыяцэзіі і яе частках. Так усе ініцыятывы і ўстановы — катэхетычныя, місійныя, дабрачынныя, грамадскія, сямейныя, адукацыйныя ці кожная іншая пастырская праца будуць адзначацца зладжанасцю, праз што выразней выявіцца еднасць дыяцэзіі.

Няхай няспынна заклікаюць усіх вернікаў паводле іх магчымасцяў і здольнасцяў здзяйсняць абавязак апостальства; няхай нагадваюць ім пра ўдзел і падтрыманне розных спраў апостальства свецкіх і асабліва «Каталіцкай Акцыі» (Actio Catholica). Акрамя таго, няхай развіваюць і дапамагаюць асацыяцыям, якія непасрэдна ці ўскосна ставяць перад сабой звышпрыродныя мэты: пошук больш дасканалага жыцця, пашырэнне Евангелля Хрыста сярод усіх людзей, распаўсюджванне хрысціянскага вучэння і развіццё публічнага культу, дасягненне сацыяльных мэт або здзяйсненне спраў міласэрнасці і любові.

Такія формы апостальства павінны быць прыстасаваны да патрэб нашых дзён з улікам розных патрэб людзей, не толькі духоўных і маральных, але таксама сацыяльных, дэмаграфічных і эканамічных. У дзейсным і плённым дасягненні гэтай мэты значна дапамагаюць настойліва рэкамендаваныя сацыяльныя і рэлігійныя даследаванні, зробленыя з дапамогай устаноў пастаральнай сацыялогіі.

18. Неабходна асабліва апекавацца тымі вернікамі, якія з прычыны ўмоў жыцця не могуць карыстацца звычайнай парафіяльнай паслугай пробашчаў ці пазбаўлены ўсялякай падтрымкі: гэта шматлікія эмігранты, выгнаннікі, бежанцы, маракі, працаўнікі авіятранспарту, вандроўнікі і іншыя падобныя катэгорыі. Неабходна таксама развіваць адпаведныя пастырскія метады для падтрымкі духоўнага жыцця тых, хто часова выязджае на адпачынак у другія рэгіёны.

Канферэнцыі Біскупаў, асабліва нацыянальныя, няхай удзяляюць пільную ўвагу найбольш актуальным праблемам вышэйназваных катэгорый асоб і прыдатнымі сродкамі і дырэктывамі, суадносячы мэты і магчымасці, адпаведна забяспечваюць іх сваёй рэлігійнай падтрымкай, памятаючы найперш пра распараджэнні, якія ўжо дадзены ці будуць дадзены Апостальскай Сталіцай30, і прыстасоўваючы іх належным чынам да розных сітуацый, часу, месца і асоб.

19. У выкананні свайго апостальскага служэння, якое мае на мэце збаўленне душ, біскупы карыстаюцца поўнай і дасканалай свабодай і незалежнасцю ад усялякай грамадзянскай улады. Таму нельга непасрэдна ці ўскосна перашкаджаць здзяйсненню іх касцёльнага служэння і забараняць ім мець магчымасць свабодных зносін з Апостальскай Сталіцай, з іншымі касцёльнымі ўладамі і са сваімі падуладнымі.

Канешне, святыя пастыры, прысвячаючы сябе духоўнаму дабру сваёй аўчарні, спрыяюць таксама сацыяльнаму і грамадзянскаму прагрэсу і дабрабыту і з гэтай мэтай узгадняюць, адпаведна іх служэнню і як належыць біскупам, сваю дзейнасць з дзейнасцю грамадзянскіх улад, прывучаючы вернікаў да паслухмянасці справядлівым законам і павагі да законна ўстаноўленай улады.

20. Паколькі апостальскае служэнне біскупаў устаноўлена Хрыстом Панам і мае духоўную і звышпрыродную мэту, гэты Святы Сусветны Сабор заяўляе, што прызначаць і выбіраць біскупаў з’яўляецца ўласным, асаблівым і выключным правам кампетэнтнай касцёльнай улады.

Для належнага захавання свабоды Касцёла, а таксама для больш паспяховага і лягчэйшага садзейнічання дабру веруючых, Святы Сабор жадае, каб у будучым грамадзянскія ўлады не мелі ніякіх правоў і прывілеяў у выбіранні, прызначэнні, рэкамендацыі ці вылучэнні кандыдатаў на пасаду біскупа.

Выражаючы грамадзянскім уладам удзячнасць і павагу за пашану да Касцёла, Сабор скіроўвае да іх гарачую просьбу дабравольна адмовіцца ад вышэйзгаданых правоў і прывілеяў, якімі ў выніку пагаднення ці традыцыі яны ўсё яшчэ валодаюць, папярэдне ўзгадніўшы гэта з Апостальскай Сталіцай.

21. Паколькі пастырскае служэнне біскупаў надзвычай важнае і адказнае, настойліва рэкамендуецца дыяцэзіяльным біскупам і тым, хто да іх юрыдычна прыроўнены, каб яны дабравольна ці па просьбе кампетэнтных улад падалі ў адстаўку, калі з прычыны старасці або іншых сур’ёзных прычын маюць цяжкасці ў выкананні абавязкаў. Кампетэнтная ўлада са свайго боку, прымаючы адстаўку, павінна забяспечыць такім асобам належнае ўтрыманне, а таксама прызнаваць іх асаблівыя правы.

ІІ. ВЫЗНАЧЭННЕ МЕЖАЎ ДЫЯЦЭЗІЙ

22. Для дасягнення дыяцэзіяй яе мэтаў неабходна, каб у Божым народзе, які да яе належыць, выразна выяўлялася сутнасць Касцёла; каб біскупы маглі паспяхова спаўняць у дыяцэзіі свае пастырскія абавязкі; нарэшце, каб можна было як мага дасканалей служыць збаўленню Божага народу.

Гэта патрабуе не толькі належнага ўстанаўлення тэрытарыяльных межаў дыяцэзій, але таксама рацыянальнага размеркавання духавенства і даброт, адпаведна патрабаванням апостальства.

Гэта ўсё служыць на карысць не толькі духоўным і зацікаўленым вернікам, але ўсяму каталіцкаму Касцёлу.

Таму Святы Сабор наказвае, што дзеля дабра душ неабходна як мага хутчэй разважліва перагледзець межы дыяцэзій, дзелячы іх, раз’ядноўваючы ці аб’ядноўваючы, змяняючы іх межы ці пераносячы біскупскія сталіцы ў больш прыдатныя месцы ці, урэшце, калі гаворка ідзе пра дыяцэзіі, у склад якіх уваходзяць вялікія гарады, размяшчаючы іх у новым унутраным парадку.

23. Пры змяненні дыяцэзіяльных межаў найперш павінна быць забяспечана, падобна жывому целу, арганічная еднасць кожнай дыяцэзіі ў тым, што датычыць асоб, пасад і ўстаноў. У кожным канкрэтным выпадку трэба, старанна ўзважыўшы ўсе абставіны, улічваць наступныя найбольш агульныя крытэрыі:

1) Пры ўстанаўленні межаў дыяцэзіі неабходна па магчымасці памятаць пра разнастайны склад Божага народу, бо гэта можа пасадзейнічаць большай эфектыўнасці пастырскага служэння. У той жа час трэба па магчымасці захаваць дэмаграфічныя групы гэтага народу разам з грамадзянскімі службамі і грамадскімі ўстановамі, якія ствараюць іх арганічную структуру. З гэтай прычыны тэрыторыя кожнай дыяцэзіі павінна быць неразрыўнай.

Пры неабходнасці трэба ўлічваць межы адміністрацыйных адзінак, а таксама асаблівыя ўмовы асоб і месцаў, напр., псіхалагічныя, экалагічныя, геаграфічныя і гістарычныя.

2) Абсяг тэрыторыі дыяцэзіі і колькасць яе жыхароў павінны быць такімі, каб з аднаго боку біскуп, хоць і пры дапамозе іншых, мог асабіста выконваць пантыфікальнае служэнне і належным чынам здзяйсняць пастырскія візітацыі, адпаведна кіраваць усімі справамі апостальства і каардынаваць іх, а перадусім — ведаць святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх, якія нейкім чынам удзельнічаюць у дыяцэзіяльнай дзейнасці; з іншага боку, каб біскуп і духоўныя мелі даволі шырокае і належнае поле дзейнасці і маглі ўсе свае сілы аддаць служэнню, памятаючы пра патрэбы паўсюднага Касцёла.

3) Урэшце, каб у дыяцэзіі магла паспяхова здзяйсняцца справа збаўлення, трэба кіравацца правілам: у кожнай дыяцэзіі павінна быць дастаткова духоўных, і па колькасці, і па прыгоднасці, каб належным чынам пасвіць Божы народ; павінна быць дастаткова ведамстваў, устаноў і арганізацый, уласцівых кожнаму мясцоваму Касцёлу, неабходнасць якіх, як для правільнага кіравання, так і для здзяйснення апостальства пацвердзіла практыка; і ўрэшце, павінны быць у распараджэнні ці, прынамсі, разважліва прадугледжаныя неабходныя рэсурсы дзеля ўтрымання асоб і дыяцэзіяльных устаноў.

Таму там, дзе ёсць вернікі розных абрадаў, біскуп павінен паклапаціцца пра задавальненне іх духоўных патрэб: праз святароў і парафіі таго ж абраду або праз біскупскага вікарыя, надзеленага неабходнай уладай, а калі ўзнікне патрэба — нават уведзенага ў біскупскі стан; ці асабіста, як ардынарый розных абрадаў. Але калі на думку Апостальскай Сталіцы гэта з розных прычын будзе немагчымым, неабходна ўстанавіць уласную іерархію для кожнага абраду31.

У падобных абставінах пра іншамоўных вернікаў неабходна паклапаціцца ці праз святароў, ці праз парафіі, якія карыстаюцца іх мовай, ці праз біскупскага вікарыя, які добра ведае гэтую мову, і ўведзены, калі неабходна, у біскупскі стан, ці іншым найбольш дарэчным чынам.

24. Што датычыць ажыццяўлення змен і новаўвядзенняў у дыяцэзіях, пра якія ішла гаворка ў №№ 22-23, будзе мэтазгодным, каб пры захаванні дысцыпліны Усходніх Касцёлаў кожная правамоцная Канферэнцыя Біскупаў разглядала гэтыя справы для сваёй тэрыторыі, карыстаючыся, калі палічыць дарэчным, дапамогай спецыяльнай Біскупскай Камісіі і заўсёды выслухоўваючы біскупаў зацікаўленых правінцый ці рэгіёнаў, і нарэшце, каб прадстаўляла свае меркаванні і пажаданні Апостальскай Сталіцы.

ІІІ. СУПРАЦОЎНІКІ ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНАГА БІСКУПА Ў ПАСТЫРСКІМ СЛУЖЭННІ

1) Біскупы-каад’ютары і дапаможныя біскупы

25. У кіраванні дыяцэзіяй неабходна клапаціцца пра пастырскае служэнне біскупаў так, каб яго вышэйшай мэтай было дабро аўчарні Пана. Каб лепш дасягнуць гэтай мэты, нярэдка неабходна ўстанаўліваць дапаможных біскупаў, бо дыяцэзіяльны біскуп, як з-за празмерных абшараў дыяцэзій ці вялізнай колькасці жыхароў, так і з прычыны асаблівых абставін апостальства ці іншых разнастайных прычын не можа асабіста выконваць усе абавязкі свайго служэння так, як таго патрабуе дабро душ. Часам асаблівыя ўмовы нават патрабуюць, каб для дапамогі дыяцэзіяльнаму біскупу быў устаноўлены біскуп-каад’ютар. Біскупы-каад’ютары, як і дапаможныя біскупы, павінны быць надзелены адпаведнай уладай, каб пры захаванні адзінства дыяцэзіяльнага кіравання і ўлады дыяцэзіяльнага біскупа іх дзейнасць была больш эфектыўнай, а іх біскупская годнасць не парушалася.

Апроч гэтага, біскупы-каад’ютары і дапаможныя біскупы, паколькі пакліканы ўдзельнічаць у клопатах дыяцэзіяльнага біскупа, павінны выконваць свае абавязкі так, каб ва ўсіх справах дзейнічаць у поўнай згодзе з ім. Павінны заўсёды аказваць паслухмянасць і павагу дыяцэзіяльнаму біскупу, а ён са свайго боку павінен любіць іх як братоў і цаніць іх.

26. Калі гэта неабходна для дабра душ, няхай дыяцэзіяльны біскуп не вагаецца прасіць кампетэнтныя ўлады аб адным ці некалькіх дапаможных біскупах, якія ўстанаўліваюцца для дыяцэзіі без права пераемнасці.

Калі гэта не прадпісана ў намінацыйным лісце, няхай дыяцэзіяльны біскуп прызначае гэтага дапаможнага ці дапаможных біскупаў генеральнымі вікарыямі ці прынамсі біскупскімі вікарыямі, залежнымі толькі ад яго ўлады, і ахвотна раіцца з імі ў вырашэнні больш важных праблем, асабліва пастырскага характару.

Калі кампетэнтнай уладай не ўстаноўлена інакш, пасля смерці дыяцэзіяльнага біскупа паўнамоцтвы дапаможных біскупаў не спыняюцца. Нават пажадана, каб падчас вакансіі біскупскай катэдры, калі сур’ёзныя прычыны не прамаўляюць за іншым, абавязак кіраваць дыяцэзіяй быў даручаны дапаможнаму біскупу, а калі іх больш за аднаго, то аднаму з іх. Біскуп-каад’ютар, гэта значыць той, які прызначаны з правам пераемнасці дыяцэзіяльнага біскупа, павінен заўсёды мець статус генеральнага вікарыя. Кампетэнтныя ўлады ў асаблівых выпадках могуць надаць яму больш шырокія паўнамоцтвы. Дзеля большага цяперашняга і будучага дабра дыяцэзіі біскуп і яго каад’ютар не павінны занядбоўваць узаемных кансультацый па найбольш важных пытаннях.

2) Курыя і дыяцэзіяльныя рады

27. У дыяцэзіяльнай курыі галоўнай з’яўляецца пасада генеральнага вікарыя. Але кожны раз, калі таго патрабуе зладжанае кіраванне дыяцэзіяй, біскуп можа прызначыць аднаго ці больш біскупскіх вікарыяў, якія згодна з правам у пэўнай частцы дыяцэзіі, у вызначанай сферы дзейнасці або адносна вернікаў нейкага абраду карыстаюцца той жа самай уладай, якую агульнае права дае генеральнаму вікарыю.

Да супрацоўнікаў біскупа ў кіраванні дыяцэзіяй адносяцца таксама прэзбітэры, якія ўтвараюць яе сенат або раду, напр., катэдральны капітул, групу кансультараў ці іншыя рады згодна абставінам і асаблівасцям розных месцаў. Гэтыя ўстановы, асабліва катэдральныя капітулы, пры неабходнасці трэба рэарганізаваць адпаведна патрабаванням нашага часу.

Святары і свецкія, якія ўваходзяць у склад курыі, павінны добра ўсведамляць, што яны дапамагаюць пастырскаму служэнню біскупа.

Дыяцэзіяльная курыя павінна быць уладкавана такім чынам, каб яна была прыдатным інструментам не толькі для кіравання дыяцэзіяй, але таксама для ажыццяўлення справы апостальства.

Вельмі пажадана, каб у кожнай дыяцэзіі была створана пастырская рада на чале з дыяцэзіяльным біскупам, у склад якой увайшлі б духоўныя, кансэкраваныя асобы і спецыяльна выбраныя свецкія. Заданне гэтай рады заключаецца ў даследаванні і вывучэнні ўсяго, што датычыць пастырскіх спраў, каб зрабіць практычныя высновы па гэтых пытаннях.

3) Дыяцэзіяльнае духавенства

28. Усе прэзбітэры, як дыяцэзіяльныя, так і манаскія, удзельнічаюць разам з біскупам у адзіным святарстве Хрыста і выконваюць яго. Яны з’яўляюцца ўстаноўленымі супрацоўнікамі біскупскага стану. У здзяйсненні святога служэння галоўная роля належыць дыяцэзіяльным святарам, бо яны інкардынаваны ў мясцовы Касцёл ці залічаны да яго, таму цалкам прысвячаюць сябе служэнню яму, каб пасвіць адну частку статку Пана. Яны ствараюць адзін прэзбітэрый і адну сям’ю, айцом якой з’яўляецца біскуп. Каб лепш і больш справядліва размяркоўваць святыя абавязкі паміж сваімі святарамі, біскуп павінен карыстацца неабходнай свабодай у вызначэнні абавязкаў і бэнэфіцыяў. З гэтай прычыны ўсе правы і прывілеі, якія нейкім чынам абмяжоўваюць гэтую свабоду, адгэтуль скасоўваюцца.

Адносіны паміж біскупам і дыяцэзіяльнымі святарамі павінны засноўвацца галоўным чынам на звышпрыроднай любові, каб адзінства намераў святароў і біскупа рабіла больш плённай іх пастырскую дзейнасць. Дзеля далейшага развіцця служэння на карысць душам пажадана, каб біскуп ахвотна выклікаў святароў да размовы, таксама разам з іншымі, асабліва для абмеркавання пастырскіх спраў, аднак не толькі выпадкова, але, наколькі магчыма, у вызначаныя тэрміны.

Акрамя таго, усе дыяцэзіяльныя святары павінны быць з’яднаныя паміж сабой і салідарныя ў клопаце пра духоўнае дабро ўсёй дыяцэзіі. Яны таксама павінны памятаць, што матэрыяльныя даброты, атрыманыя імі за выкананне служэння на касцёльнай пасадзе, цесна звязаны са святой паслугай. Таму няхай святары па меры магчымасцяў велікадушна дапамагаюць дыяцэзіі ў яе матэрыяльных патрэбах паводле распараджэнняў біскупа.

29. Бліжэйшымі супрацоўнікамі біскупа з’яўляюцца таксама тыя святары, якім ён давярае пастырскія абавязкі або справы апостальства, што выходзяць за межы парафіі, гэта значыць распаўсюджваюцца або на пэўную частку дыяцэзіяльнай тэрыторыі, або на спецыяльныя групы вернікаў, або на асаблівую форму дзейнасці.

Значную дапамогу аказваюць таксама тыя святары, якім біскуп даручае розныя абавязкі апостальства, як у школах, так і ў іншых навучальных установах ці аб’яднаннях. Святары, якія працуюць ва ўстановах, дзейнасць якіх выходзіць за межы дыяцэзіі, здзяйсняюць хвалебныя справы апостальства і таму даручаны найперш асабліваму клопату таго біскупа, на тэрыторыі якога яны знаходзяцца.

30. Аднак галоўнымі супрацоўнікамі біскупа з’яўляюцца пробашчы, бо ім як непасрэдным пастырам даручана апека над душамі вызначанай часткі дыяцэзіі пад уладай таго ж самага біскупа.

1) У здзяйсненні сваёй місіі пробашчы са сваімі памочнікамі павінны выконваць абавязак навучання і кіравання такім чынам, каб вернікі і парафіяльныя супольнасці сапраўды адчувалі сябе членамі не толькі дыяцэзіі, але таксама паўсюднага Касцёла. Таму няхай супрацоўнічаюць з іншымі пробашчамі, а таксама са святарамі (напр., рэгіянальнымі вікарыямі, дэканамі), якія выконваюць вызначанае пастырскае служэнне на дадзенай тэрыторыі ці адносяцца да арганізацый, дзейнасць якіх выходзіць за межы парафіі, каб пастырская апека ў дыяцэзіі адзначалася адзінствам і большай эфектыўнасцю.

Акрамя таго, клопат пра душы павінен натхняцца місійным духам, каб ён належным чынам ахопліваў усіх жыхароў парафіі. Калі нейкія групы асоб недаступны пробашчам, то няхай яны звяртаюцца за дапамогай да іншых, нават да свецкіх, каб тыя дапамаглі ім у справах апостальства.

Каб больш эфектыўна здзяйсняць клопат пра душы, настойліва рэкамендуецца супольнае жыццё святароў, асабліва прызначаных у адну парафію, бо гэта садзейнічае апостальскай дзейнасці і дае вернікам прыклад любові і еднасці.

2) Што датычыць паслугі навучання, пробашчы павінны прапаведаваць Божае слова ўсім вернікам, каб яны, узмоцненыя ў веры, надзеі і любові, узрасталі ў Хрысце, а хрысціянская супольнасць давала сведчанне любові, даручанае Панам32. Праз катэхетычнае навучанне, адпаведнае ўзросту кожнага, яны павінны весці вернікаў да поўнага пазнання таямніцы збаўлення. У выкладанні гэтага навучання няхай карыстаюцца не толькі дапамогай кансэкраваных асоб, але і супрацоўніцтвам свецкіх, засноўваючы таксама брацтва хрысціянскага вучэння.

Здзяйсняючы паслугу асвячэння, няхай мэтай пробашчаў будзе св. Імша як цэнтр і вяршыня ўсяго жыцця хрысціянскай супольнасці. Няхай таксама рупяцца, каб вернікі насычалі сваё духоўнае жыццё, годна і часта прыступаючы да святых сакрамэнтаў, свядома і актыўна ўдзельнічаючы ў Літургіі. Памятаючы, што сакрамэнт пакаяння з’яўляецца найвялікшай дапамогай у хрысціянскім жыцці, няхай пробашчы будуць заўсёды гатовыя ахвотна выслухоўваць споведзь вернікаў, клічучы, пры неабходнасці, на дапамогу таксама іншых святароў, якія добра ведаюць розныя мовы.

У выкананні свайго пастырскага абавязку няхай пробашчы стараюцца пазнаць свой статак. Як слугі ўсіх сваіх авечак няхай імкнуцца развіваць хрысціянскае жыццё кожнага верніка, ці то ў сем’ях, ці то ў аб’яднаннях, галоўным чынам прысвечаных апостальству, ці то ва ўсёй парафіяльнай супольнасці. Таму яны павінны наведваць дамы і школы згодна з патрабаваннямі іх пастырскага абавязку; старанна клапаціцца пра падлеткаў і моладзь; акружаць айцоўскай любоўю бедных і хворых; асаблівым чынам клапаціцца пра працоўных і заахвочваць вернікаў садзейнічаць справам апостальства.

3) Парафіяльныя вікарыі, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі пробашча, кожны дзень аказваюць каштоўную і дзейсную  дапамогу ў выкананні пастырскага абавязку пад уладай пробашча. Таму няхай паміж пробашчам і яго вікарыямі заўсёды будуць братэрскія адносіны, узаемная любоў і павага. Няхай яны падтрымліваюць адзін аднаго парадай, дапамогай і прыкладам і разам няхай выконваюць парафіяльную працу ў адзінстве намераў і супольнымі намаганнямі.

31. Калі біскуп хоча ацаніць здольнасці святара ў кіраванні парафіяй, няхай бярэ пад увагу не толькі яго веды, але таксама пабожнасць, апостальскую руплівасць, іншыя здольнасці і якасці, неабходныя для добрага здзяйснення клопату пра душы.

Паколькі асноўнай мэтай парафіяльнага служэння з’яўляецца дабро душ, то для таго, каб біскуп мог без перашкод і паспяхова здзяйсняць прызначэнні на парафіяльныя пасады, трэба, захоўваючы непарушнымі правы кансэкраваных асоб, скасаваць усе правы прадстаўлення, прызначэння, рэзервавання, а таксама закон конкурсу, агульны і мясцовы, там, дзе ён існуе. У сваіх парафіях пробашчы павінны карыстацца такой стабільнасцю служэння, якой патрабуе дабро душ. Таму павінна быць скасавана ўсялякае адрозненне паміж пробашчамі, якія падлягаюць і не падлягаюць перамяшчэнню з пасады. Неабходна таксама перагледзець і спрасціць працэдуру перамяшчэння і звальнення пробашчаў, каб біскуп, захоўваючы натуральную і кананічную справядлівасць, мог больш паспяхова клапаціцца пра дабро душ.

Пробашчы, якія з прычыны старасці ці з іншай сур’ёзнай прычыны больш не могуць плённа выконваць сваю паслугу, няхай дабравольна ці на заклік біскупа адмовяцца ад сваёй пасады. Біскуп са свайго боку павінен паклапаціцца пра іх належнае ўтрыманне.

32. Нарэшце, збаўленне душ павінна быць адзінай прычынай, на падставе якой будзе вырашацца ці ўзаконьвацца стварэнне ці скасаванне парафій, або іншыя падобныя змены, якія належаць да кампетэнцыі біскупа.

4) Кансэкраваныя асобы

33. Усім кансэкраваным асобам, да якіх ніжэй прыраўноўваюцца і члены іншых інстытутаў, якія вызнаюць евангельскія парады, паводле асабістага паклікання кожнага належыць абавязак стараннай і руплівай працы дзеля будавання і ўмацавання Містычнага цела Хрыста і дзеля дабра мясцовых Касцёлаў.

Гэтых мэтаў яны павінны дасягаць галоўным чынам малітвай, справамі пакаяння і прыкладам свайго жыцця. Таму гэты Святы Сабор настойліва заклікае іх выхоўваць у сабе павагу і імкненне да гэтага. Але ў той жа час яны павінны ўсё больш рупліва ўдзельнічаць у справах знешняга апостальства, улічваючы ўласцівы кожнаму інстытуту характар.

34. Святары-манахі, пасвячаныя дзеля прэзбітэрскага служэння, каб таксама быць стараннымі супрацоўнікамі біскупскага стану, сёння, калі павялічыліся патрэбы душ, яшчэ больш могуць дапамагаць біскупам. Пад уладай святых пастыраў яны ўдзельнічаюць у клопаце пра душы і ў справах апостальства, таму ў нейкім сэнсе яны сапраўды належаць да дыяцэзіяльнага духавенства.

Таксама і іншыя кансэкраваныя асобы, як мужчыны, так і жанчыны, якія паводле асаблівых матываў належаць да дыяцэзіяльнай сям’і, аказваюць значную дапамогу святой іерархіі, а ва ўзрастаючых патрэбах апостальства могуць і павінны аказваць яе ў яшчэ большай ступені.

35. Аднак, каб справы апостальства ў кожнай дыяцэзіі заўсёды здзяйсняліся ў згодзе і каб захоўвалася непарушнае адзінства дыяцэзіяльнага жыцця, устанаўліваюцца наступныя фундаментальныя прынцыпы:

1) Усе кансэкраваныя асобы павінны лічыць біскупаў наступнікамі Апосталаў і заўсёды акружаць іх павагай і пашанай. Акрамя таго, калі іх згодна з законам заклікаюць да спраў апостальства, яны павінны выконваць свой абавязак такім чынам, каб стаць памочнікамі біскупа33. Больш за тое, кансэкраваныя асобы павінны рашуча і верна падтрымліваць просьбы і жаданні біскупаў, беручы на сябе ўсё большую адказнасць у справе збаўлення душ, захоўваючы асаблівасці кожнага інстытута, якія, калі неабходна, трэба прыстасаваць да вышэйзгаданых мэт згодна з прынцыпамі гэтага саборнага дэкрэта. Улічваючы найперш неадкладныя патрэбы душ і недахоп дыяцэзіяльнага духавенства, манаскія інстытуты, прызначаныя выключна да кантэмпляцыйнага жыцця, могуць запрашацца біскупамі да супрацоўніцтва ў розных пастырскіх паслугах, беручы, аднак, пад увагу асаблівасці кожнага інстытута. У сваю чаргу настаяцелі манаскіх супольнасцяў, наколькі могуць, няхай стымулююць сваіх падуладных да такога супрацоўніцтва, каб яны прымалі, нават часова, кіраўніцтва парафіяй.

2) Кансэкраваныя асобы, адданыя знешняму апостальству, няхай захоўваюць дух свайго інстытута і застаюцца вернымі свайму статуту і паслухмянымі сваім настаяцелям. Няхай біскупы няспынна нагадваюць кансэкраваным асобам пра гэты іх абавязак.

3) Выключэнне, паводле якога кансэкраваныя асобы пераходзяць у падпарадкаванне Найвышэйшага Пантыфіка ці іншай касцёльнай улады і выключаюцца з-пад юрысдыкцыі біскупаў, галоўным чынам адносіцца да ўнутранага парадку інстытутаў, каб усё ў іх было лепш упарадкавана і ўзгоднена і спрыяла развіццю і ўдасканаленню манаскага жыцця34. Тое ж самае выключэнне дазваляе Найвышэйшаму Пантыфіку распараджацца кансэкраванымі асобамі на карысць паўсюднаму Касцёлу35, а іншым кампетэнтным уладам — на карысць Касцёла, падпарадкаванага іх юрысдыкцыі. Аднак такое выключэнне не перашкаджае, каб кансэкраваныя асобы ў кожнай дыяцэзіі былі падпарадкаваны юрысдыкцыі біскупаў згодна праву, як таго патрабуе пастырская паслуга ці адпаведная арганізацыя служэння на карысць душ36.

4) Усе кансэкраваныя асобы, выключаныя ці не, падпарадкоўваюцца ўладзе мясцовых ардынарыяў ва ўсім, што датычыць публічнага здзяйснення Божага культу пры захаванні абрадаў, клопату пра душы, прапаведавання, рэлігійнага і маральнага выхавання вернікаў, асабліва моладзі, катэхетычнай адукацыі і літургічнай фармацыі, аўтарытэту іх духоўнага статусу і, нарэшце, розных спраў у здзяйсненні святога апостальства. Каталіцкія школы кансэкраваных асоб таксама падпарадкоўваюцца мясцоваму ардынарыю ў тым, што датычыць іх агульнага парадку і нагляду за імі, не парушаючы, аднак, права кансэкраваных асоб на кіраванне імі. Таксама і кансэкраваныя асобы абавязаны захоўваць усе прадпісанні, правамоцна ўстаноўленыя для ўсіх Саборамі ці Канферэнцыямі Біскупаў.

5) Няхай падтрымліваецца ўпарадкаванае супрацоўніцтва як паміж рознымі манаскімі інстытутамі, так і паміж дыяцэзіяльным духавенствам. Акрамя таго, няхай усе ініцыятывы і справы апостальства будуць паміж імі добра скаардынаваныя, а гэта залежыць найперш ад звышпрыроднага настрою розумаў і сэрцаў, якія вынікаюць з любові і грунтуюцца на ёй. Клопат пра гэтую каардынацыю ва ўсім Касцёле належыць Апостальскай Сталіцы; у асобных дыяцэзіях — святым пастырам; Патрыярхальным Сінодам і Канферэнцыям Біскупаў — на іх тэрыторыі. Што датычыць спраў апостальства, здзейсненых кансэкраванымі асобамі, біскупы ці Канферэнцыя Біскупаў з аднаго боку і настаяцелі манаскіх супольнасцяў або Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў з другога, няхай ажыццяўляюць свае праекты, папярэдне ўзгадніўшы іх паміж сабой.

6) Каб паспрыяць згодным і плённым адносінам паміж біскупамі і кансэкраванымі асобамі, няхай біскупы і настаяцелі збіраюцца перыядычна, а нават часцей, калі будзе неабходным, каб абмеркаваць агульныя справы апостальства на іх тэрыторыях.

РАЗДЗЕЛ ІІІ
СУПРАЦОЎНІЦТВА БІСКУПАЎ ДЛЯ АГУЛЬНАГА ДАБРА НЕКАЛЬКІХ КАСЦЁЛАЎ

І. СІНОДЫ, САБОРЫ І АСАБЛІВА КАНФЕРЭНЦЫІ БІСКУПАЎ

36. З першых стагоддзяў існавання Касцёла біскупы ўзначальваюць мясцовыя Касцёлы ў адзінстве братняй любові і, ахопленыя клопатам пра паўсюдную місію, даручаную Апосталам, яднаюць свае высілкі і намеры, каб стымуляваць агульнае дабро і дабро асобных Касцёлаў. З гэтай мэтай былі ўстаноўлены Сіноды, Саборы правінцый ці, нарэшце, пленарныя Саборы, на якіх біскупы выпрацоўваюць агульныя нормы ў навучанні праўдам веры і ў рэгуляванні касцёльнай дысцыпліны.

Цяпер гэты Святы Сусветны Сабор горача жадае, каб годныя пашаны інстытуты Сінодаў і Сабораў набылі новую моц дзеля забеспячэння больш адпаведнага і больш дзейснага ўзрастання веры і захавання дысцыпліны ў розных Касцёлах адпаведна абставінам часу.

37. Біскупам часта цяжка, асабліва ў наш час, належна і плённа выконваць свае абавязкі без усё больш цеснага і гарманічнага супрацоўніцтва з іншымі біскупамі. Паколькі Канферэнцыі Біскупаў, ужо створаныя сярод мноства народаў, далі значныя доказы плённага апостальства, гэты Святы Сабор лічыць, што будзе найбольш карысна, каб ва ўсім свеце біскупы адной і той жа краіны ці рэгіёна перыядычна збіраліся для абмену вопытам і поглядамі, каб будаваць святую гармонію сілаў дзеля агульнага дабра Касцёлаў. Таму гэты Сабор адносна Канферэнцый Біскупаў пастанаўляе наступнае:

38. 1) Канферэнцыя Біскупаў — гэта пэўная група, у якой святыя пастыры кожнай краіны ці тэрыторыі выконваюць сумесна свае пастырскія абавязкі дзеля павелічэння дабра, якое Касцёл прапануе людзям, асабліва ў тых формах апостальства, якія адпавядаюць іх абставінам.

2) Да Канферэнцыі Біскупаў належаць усе мясцовыя ардынарыі кожнага абраду, за выключэннем генеральных вікарыяў, біскупы-каад’ютары, дапаможныя біскупы і іншыя тытулярныя біскупы, якія здзяйсняюць спецыяльныя абавязкі, даручаныя ім Апостальскай Сталіцай ці Канферэнцыямі Біскупаў. Іншыя тытулярныя біскупы, а таксама легаты Рымскага Пантыфіка, беручы пад увагу асаблівае служэнне, якое яны выконваюць на пэўнай тэрыторыі, не з’яўляюцца паводле права членамі Канферэнцыі.

Вырашальны голас у Канферэнцыі належыць мясцовым ардынарыям і каад’ютарам. Дапаможным біскупам і іншым біскупам, якія маюць права ўдзельнічаць у Канферэнцыі, належыць, паводле статута Канферэнцыі, вырашальны або дарадчы голас.

3) Кожная Канферэнцыя Біскупаў складае свае статуты, якія неабходна прадставіць на разгляд Апостальскай Сталіцы; у іх павінны быць устаноўлены іншыя органы, якія лепш адпавядаюць мэце Канферэнцыі, напр., пастаянная Рада Біскупаў, Біскупскія Камісіі і Генеральны Сакратарыят.

4) Калі рашэнні Канферэнцыі Біскупаў былі прыняты законна, прынамсі 2/3 галасоў біскупаў, якія ўваходзяць у склад Канферэнцыі з правам вырашальнага голасу, і калі гэтыя рашэнні былі прызнаныя Апостальскай Сталіцай, яны маюць юрыдычную абавязковую моц, але ў тых выпадках, калі гэта прадпісана агульным правам ці было ўстаноўлена асаблівым прадпісаннем Апостальскай Сталіцы, дадзеным па ўласнай ініцыятыве ці па просьбе самой Канферэнцыі.

5) Калі таго патрабуюць асаблівыя абставіны, біскупы некалькіх краін са згоды Апостальскай Сталіцы могуць стварыць адзіную Канферэнцыю.

Неабходна спрыяць таксама адносінам паміж Канферэнцыямі розных краін, каб стымуляваць і забяспечыць яшчэ большае дабро.

6) Настойліва рэкамендуецца, каб біскупы Усходніх Касцёлаў на сваіх Сінодах умацоўвалі дысцыпліну сваіх Касцёлаў і ўсё больш спрыялі плённай дзейнасці дзеля рэлігійнага дабра, памятаючы пра агульнае дабро ўсёй тэрыторыі, дзе існуе некалькі Касцёлаў розных абрадаў. Для гэтага ім неабходна раіцца на сустрэчах прадстаўнікоў розных абрадаў наконт норм, устаноўленых кампетэнтнымі ўладамі.

ІІ. ВЫЗНАЧЭННЕ МЕЖАЎ КАСЦЁЛЬНЫХ ПРАВІНЦЫЙ І СТВАРЭННЕ КАСЦЁЛЬНЫХ РЭГІЁНАЎ

39. Дабро душ патрабуе адпаведнага вызначэння межаў не толькі дыяцэзій, але таксама касцёльных правінцый; больш за тое, дабро душ дыктуе неабходнасць утварэння касцёльных рэгіёнаў, каб лепш клапаціцца пра грамадскія і мясцовыя патрэбы і каб зрабіць больш лёгкімі і плённымі кантакты біскупаў паміж сабой, з мітрапалітамі і іншымі біскупамі той жа краіны, як таксама адносіны біскупаў з дзяржаўнымі ўладамі.

40. Каб дасягнуць згаданых мэтаў, гэты Святы Сабор наказвае наступнае:

1) Межы касцёльных правінцый трэба належным чынам перагледзець, а правы і прывілеі мітрапалітаў акрэсліць новымі адпаведнымі нормамі.

2) Трэба лічыць правілам тое, што ўсе дыяцэзіі і іншыя тэрытарыяльныя акругі, якія прыроўнены паводле права да дыяцэзій, адносіліся да адной і той жа касцёльнай правінцыі. Таму дыяцэзіі, якія на дадзены момант непасрэдна падпарадкаваны Апостальскай Сталіцы і не аб’яднаны з іншымі дыяцэзіямі, павінны, па магчымасці, скласці адно цэлае або далучыцца да той касцёльнай правінцыі, якая будзе бліжэй ці якая будзе падыходзіць для гэтага, і падпарадкоўвацца мітрапалітальнаму праву арцыбіскупа згодна з нормамі агульнага права.

3) Там, дзе будзе карысным, няхай правінцыі аб’ядноўваюцца ў касцёльныя рэгіёны, якім неабходна надаць юрыдычнае ўпарадкаванне.

41. Было б дарэчы, каб кампетэнтныя Канферэнцыі Біскупаў разгледзелі пытанні наконт межаў правінцый ці стварэння рэгіёнаў згодна з нормамі, ужо ўстаноўленымі ў №№ 24 і 25 адносна вызначэння межаў дыяцэзій, і прадставілі свае прапановы і меркаванні Апостальскай Сталіцы.

ІІІ. МІЖДЫЯЦЭЗІЯЛЬНАЯ ПАСЛУГА БІСКУПАЎ

42. Паколькі пастырскія меркаванні ўсё больш патрабуюць, каб некаторыя пастырскія абавязкі здзяйсняліся пад адзіным наглядам і кіраўніцтвам, дзеля служэння ўсім або некалькім дыяцэзіям нейкага рэгіёна ці краіны, мэтазгодна будзе ўстанавіць некаторыя пасады, якія маглі б заняць біскупы.
Сёння гэты Святы Сабор раіць, каб паміж пралатамі ці біскупамі, якія выконваюць гэтыя службовыя абавязкі, дыяцэзіяльнымі біскупамі і Канферэнцыямі Біскупаў заўсёды панавала адзінства намераў і аднадушная згода дзеля пастырскай дзейнасці; умовы для гэтага павінны быць вызначаны агульным правам.

43. Паколькі духоўная дапамога вайскоўцам з прычыны асаблівых умоў іх жыцця патрабуе выключнага клопату, у кожнай краіне па магчымасці трэба стварыць Вайсковы вікарыят. Як вікарый, так і капеланы няхай аддана прысвячаюць сябе гэтаму цяжкаму служэнню ў аднадушнай згодзе з дыяцэзіяльнымі біскупамі37. Таму дыяцэзіяльныя біскупы няхай прадстаўляюць вайсковаму вікарыю дастатковую колькасць святароў, здольных да такога цяжкага служэння, і падтрымліваюць ініцыятывы, скіраваныя на духоўнае дабро вайскоўцаў38.


АГУЛЬНАЕ ДАРУЧЭННЕ

44. Дадзены Святы Сабор наказвае, каб пры разглядзе Кодэкса Кананічнага Права былі ўведзены адпаведныя законы згодна з прынцыпам, устаноўленым у гэтым дэкрэце, з улікам заўваг, зробленых Камісіямі і Айцамі Сабору.

Гэты Святы Сабор таксама наказвае скласці агульныя пастырскія дырэктывы як для біскупаў, так і для пробашчаў, каб прадставіць ім нормы і метады, больш адпаведныя і зручныя для выканання іх пастырскіх абавязкаў.

Належыць таксама скласці спецыяльныя дырэктывы як для пастырскай апекі над спецыяльнымі групамі вернікаў, беручы пад увагу розныя сітуацыі асобных краін і рэгіёнаў, так і для катэхетычнага навучання людзей, у якім гаварылася б не толькі пра асноўныя прынцыпы гэтага навучання, але таксама пра кірунак і распрацоўку кніг, звязаных з гэтым прадметам. У стварэнні гэтых дырэктыў трэба таксама ўлічваць заўвагі, зробленыя Камісіямі і Айцамі Сабору.

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.

Рым, у св. Пятра, 28 кастрычніка, 1965г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)


Дакумент пра біскупаў і пра іх пастырскае служэнне быў вылучаны ў асобны тэкст з дакумента пра Касцёл. Значна зменены ў выніку дыскусій пра сакрамэнтальнасць і калегіяльнасць біскупства, ён быў абнародаваны на чацвёртай сесіі 28 кастрычніка 1965 года. Першы Ватыканскі Сабор паглыбіў вучэнне пра першынство Папы, Другі Ватыканскі Сабор прадставіў больш глыбокае тэалагічнае разуменне біскупства, прызнаючы ў ім сакрамэнтальнасць і калегіяльнасць. Кожны біскуп, які знаходзіцца ў супольнасці з Папам, — гэта гарантыя існавання і місіі Касцёла. Сінод Біскупаў, устаноўлены Паўлам VІ, выяўляе гэты клопат пра ўвесь Божы народ. Кожны біскуп мясцовага Касцёла выконвае сваё асаблівае навучанне і служэнне ў супрацоўніцтве з генеральным вікарыем і дапаможнымі біскупамі, якім ён можа давяраць розныя абавязкі. На асабістым узроўні біскупы атрымліваюць і забяспечваюць узаемападтрымку і каардынуюць сваю пастырскую дзейнасць на тэрыторыі пры дапамозе Канферэнцый Біскупаў.

q

  1. Пар. 1, 21.
  2. Пар. Ян 20, 21
  3. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. I, de Ecclesia Christi, Pastor aeternus, cap. 3, DENZ. 828 (3061).
  4. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. I, de Ecclesia Christi, Prooem., DENZ. 821 (3050).
  5. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, cap. III, nn. 21, 24, 25: AAS 57 (1965), pp. 24-25, 29-31.
  6. Пар. CONC VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, cap. III, n. 21: AAS 57 (1965), pp. 24-25.
  7. Пар. IOANNES XXIII, Const. Apost. Humanae salutis, 25 dec. 1961: AAS 54 (1962), p. 6.
  8. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, cap. III, n. 22: AAS 57 (1965), pp. 25-27.
  9. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, тамсама.
  10. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, тамсама.
  11. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, тамсама.
  12. Пар. PAULUS VI, Motu proprio Apostolica Sollicitudo, 15 sept. 1965: AAS 57 (1965), pp. 775-780.
  13. Пар. CONC. VAT II, Const. dogm. de Ecclesia, cap. III, n. 23: AAS 57 (1965), pp. 27-28.
  14. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Fidei donum, 21 apr. 1957: AAS 49 (1957), p. 237; пар. таксама: BENEDICTUS XV, Epist. Ap. Maximum illud, 30 nov 1919; AAS 11 (1919), p. 440; PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum Ecclesiae, 28 febr. 1926: AAS 18 (1926), p. 68ss.
  15. Пар. PAULUS VI, Allocutio ad Em.mos Patres Cardinales, Exc.mos Praesules, Rev.mos Praelatos ceterosque Romanae Curiae Officiales, 21 sept. 1963: AAS 55 (1963), p. 793ss.
  16. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de Ecclesiis Orientalibus Catholicis, Orientalium Ecclesiarum, nn. 7-11: AAS 57 (1965), pp. 79-80
  17. Пар. CONC. TRID., Sess. V, Decr. De reform., c. 2, MANSI 33, 30; Sess. XXIV, Decr. De reform., c. 4, MANSI 33, 159; CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, cap. III, n. 25: AAS 57 (1965), p. 29ss.
  18. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, cap. III, n. 25: AAS 57 (1965), pp. 29-31.
  19. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963, passim: AAS 55 (1963), pp. 257-304.
  20. Пар. PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam Suam, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), p. 639.
  21. Пар. PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam Suam, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), pp. 644-645
  22. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de instrumentis communicationis socialis, Inter mirifica, AAS 56 (1964), pp. 145-153.
  23. Пар. CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, AAS 56 (1964), p. 97ss.; PAULUS VI, Motu proprio Sacram Liturgiam, 25 ian. 1964: AAS 56 (1964), p. 139ss.
  24. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mediator Dei, 20 nov. 1947: AAS 39 (1947), p. 521ss.; PAULUS VI, Litt. Encycl. Mysterium Fidei, 3 sep. 1965: AAS 57 (1965), pp. 753-774.
  25. Пар. Дз 1, 14 і 2, 46.
  26. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, cap. VI, n. 44-45: AAS 57 (1965), pp. 50-52.
  27. Пар. Лк 22, 26-27.
  28. Пар. Ян 15, 15.
  29. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio: AAS 57 (1965), pp. 90-107.
  30. Пар. S. PIUS X, Motu Proprio Iampridem, 19 mart. 1914: AAS 6 (1914), p. 173ss.; PIUS XII, Const. Ap. Exsul Familia, 1 aug. 1952: AAS 44(1952), p. 649ss.; Leges Operis Apostolatus Maris, auctoritate Pii XII conditae, 21 nov. 1957: AAS 50 (1958), pp. 375-383.
  31. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de Ecclesiis Orientalibus Catholicis, Orientalium Ecclesiarum, n. 4: AAS 57 (1965), p. 77.
  32. Пар. Ян 13, 35.
  33. Пар. PIUS XII, Allocutio, 8 dec. 1950: AAS 43 (1951), p. 28; PAULUS VI, Allocutio, 23 maii 1964: AAS 56 (1964), p. 571.
  34. Пар. LEO XIII, Const. Ap. Romanos Pontifices, 8 maii 1881: Acta Leonis XIII, vol. II (1882), p. 234ss.
  35. Пар. PAULUS VI, Allocutio, 23 maii 1964: AAS 56 ( 1964), pp. 570-571.
  36. Пар. PIUS XII, Allocutio, 8 dec. 1950: 1. c.
  37. Пар. S. C. CONSISTORIALIS: Instructio de Vicariis Castrensibus, 23 apr. 1951: AAS 43 (1951), pp. 562-565; Formula servanda in relatione de statu Vicariatus Castrensis conficienda, 20 oct. 1956: AAS 49 (1957), pp. 150-163; Decr. De Sacrorum Liminum Visitatione a Vicariis Castrensibus peragenda, 28 febr. 1959: AAS 51 (1959), pp. 272-74; Decr. Facultas audiendi confessiones militum Cappellanis extenditur, 27 nov. 1960: AAS 53 (1961), pp. 49-50. Пар. таксама S. C. DE RELIGIOSIS: Instructio de Cappellanis militum religiosis, 2 febr. 1955: AAS 47 (1955), pp. 93-97.
  38. Пар. S. C. CONSISTORIALIS: Epistula ad Em. mos PP. DD. Cardinales atque Exc.mos PP. DD. Archiepiscopos, Episcopos ceterosque Ordinarios Hispanicae Ditionis, 21 iun. 1951: AAS 43 (1951), p. 566.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.