Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДАГМАТЫЧНАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ
ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ
«DEI VERBUM»


РАЗДЗЕЛ І - ПРА САМО АБ’ЯЎЛЕННЕ

РАЗДЗЕЛ ІІ - ПЕРАДАВАННЕ БОЖАГА АБ’ЯЎЛЕННЯ

РАЗДЗЕЛ ІІІ - БОЖАЕ НАТХНЕННЕ СВЯТОГА ПІСАННЯ І ЯГО ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ

РАЗДЗЕЛ ІV - СТАРЫ ЗАПАВЕТ

РАЗДЗЕЛ V - НОВЫ ЗАПАВЕТ

РАЗДЗЕЛ VІ - СВЯТОЕ ПІСАННЕ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА


1. Пабожна слухаючы і верна абвяшчаючы Божае Слова, Святы Сабор кіруецца словамі св. Яна, які кажа: «Абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом» (1 Ян 1, 2-3). Таму ўслед за Трыдэнцкім і Першым Ватыканскім Саборам ён хоча прадставіць сапраўднае вучэнне пра Божае Аб’яўленне і яго перадаванне, каб увесь свет паверыў навіне збаўлення і дзякуючы веры меў надзею, а дзякуючы надзеі — любіў1.

РАЗДЗЕЛ І
ПРА САМО АБ’ЯЎЛЕННЕ

2. Спадабалася Богу ў сваёй дабрыні і мудрасці аб’явіць сябе і адкрыць таямніцу сваёй волі (пар. Эф 1, 9), каб людзі праз Хрыста, уцелаўлёнае Слова, атрымалі ў Духу Святым доступ да Айца і ўдзел у боскай натуры (пар. Эф 2, 18; 2 П 1, 4 ). У гэтым Аб’яўленні нябачны Бог (пар. Клс 1, 15; 1 Цім 1, 17) у сваёй бязмернай любові звяртаецца да людзей, як да сяброў (пар. Зых 33, 11; Ян 15, 14-15), і гаворыць з імі (пар. Бар 3, 38), каб запрасіць да супольнасці з Ім і прыняць да яе. Эканомія Аб’яўлення адбываецца ў справах і словах, знітаваных цеснай унутранай сувяззю так, што справы, учыненыя Богам у гісторыі збаўлення, паказваюць і ўмацоўваюць вучэнне і справы, абазначаныя словамі, а словы ў сваю чаргу абвяшчаюць справы і асвятляюць таямніцу, заключаную ў іх. З дапамогай гэтага Аб’яўлення праўда пра Бога і збаўленне людзей ззяе перад намі ў Хрысце, які ёсць адначасова Пасрэднікам і паўнатою ўсяго Аб’яўлення2.

3. Бог, які праз Слова ўсё стварае (пар. Ян 1, 3) і захоўвае, дае чалавецтву вечнае сведчанне пра сябе ў створаных рэчах (пар. Рым 1, 19-20) і, жадаючы адкрыць шлях да нябеснага збаўлення, Ён ужо на пачатку аб’явіў сябе прабацькам. Пасля іх грэхападзення Бог, паабяцаўшы адкупленне, абудзіў у іх надзею на збаўленне (пар. Быц 3, 15) і няспынна клапоціцца пра чалавечы род, каб даць вечнае жыццё ўсім, хто з цярплівасцю ў добрай справе шукае збаўлення (пар. Рым 2, 6-7). У свой час Ён паклікаў Абрагама, каб вывесці ад яго вялікі народ (пар. Быц 12, 2-3), які пасля патрыярхаў праз Майсея і прарокаў навучыў вызнаваць Яго як Бога жывога і праўдзівага, прадбачлівага Айца і справядлівага Суддзю, чакаць абяцанага Збаўцу, і так цягам вякоў рыхтаваў дарогу для Евангелля.

4. Пасля таго як Бог шмат разоў і па-рознаму гаварыў праз прарокаў, «у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1-2). Паслаў свайго Сына, спрадвечнае Слова, якое асвятляе ўсіх людзей, каб Ён пасяліўся сярод людзей і расказаў ім Божыя таямніцы (пар. Ян 1, 1-18). Таму Езус Хрыстус як уцелаўлёнае Слова і «чалавек, пасланы да людзей»3, «гаворыць Божыя словы» (Ян 3, 34) і здзяйсняе справу збаўлення, якую даручыў Яму Айцец (пар. Ян 5, 36; 17, 4). Таму той, бачачы якога можна бачыць і Айца (пар. Ян 14, 9), усёй сваёй прысутнасцю і аб’яўленнем, словамі і справамі, знакамі і цудамі, асабліва сваёй смерцю і слаўным уваскрасеннем, паслаўшы, нарэшце, Духа праўды, здзяйсняе канчатковае Аб’яўленне і пацвярджае боскім сведчаннем, што Бог ёсць з намі, каб вызваліць нас са змроку граху і смерці і ўваскрасіць для вечнага жыцця.

Таму хрысціянская эканомія як новы і канчатковы запавет ніколі не праміне і перад слаўным прыйсцем нашага Пана Езуса Хрыста ўжо не трэба чакаць ніякага новага публічнага Аб’яўлення (пар. 1 Цім 6, 14 і Ціт 2, 13).

5. Перад Богам, які аб’яўляецца, трэба захоўваць паслухмянасць веры (пар. Рым 16, 26; пар. Рым 1, 5; 2 Кар 10, 5-6), праз якую чалавек цалкам дабравольна даручае сябе Яму, выказваючы «поўнае падпарадкаванне розуму і волі Богу, які аб’яўляецца»4, і добраахвотна прымае дадзенае Ім Аб’яўленне. Каб дасягнуць такой веры, неабходна апераджальная і падмацавальная Божая ласка і ўнутраная падтрымка Духа Святога, які ўзрушвае і скіроўвае сэрца да Бога, адкрывае вочы розуму і дае «асалоду ўсім, хто прымае праўду і верыць у яе»5. Каб паглыбіць разуменне Аб’яўлення, той жа Дух Святы няспынна ўдасканальвае веру з дапамогай сваіх дароў.

6. Праз боскае аб’яўленне Бог пажадаў паказаць і перадаць самога сябе, а таксама вечныя пастановы сваёй волі адносна чалавечага збаўлення «дзеля ўдзелу ў Божых дабротах, якія ва ўсіх адносінах перавышаюць усялякае чалавечае разуменне»6.

Святы Сабор сцвярджае, што «Бог, пачатак і канец сусвету, напэўна можа быць пазнаны прыроджаным святлом людскога розуму на падставе створанай рэчаіснасці» (пар. Рым 1, 20). Сабор вучыць, што дзякуючы Божаму Аб’яўленню «тое, што ў Божай рэчаіснасці само па сабе даступна для чалавечага розуму, можа быць пазнана ўсімі з лёгкасцю, з цвёрдай перакананасцю і без ніякага дамешку памылкі нават у сённяшнім стане чалавецтва»7.

РАЗДЗЕЛ ІІ
ПЕРАДАВАННЕ БОЖАГА АБ’ЯЎЛЕННЯ

7. Бог найласкавейшым чынам пастанавіў, каб тое, што Ён адкрыў для збаўлення ўсіх народаў, цягам вякоў заставалася непарушным і перадавалася ўсім пакаленням. Хрыстус Пан, у якім здзейснілася ўсё Аб’яўленне найвышэйшага Бога (пар. 2 Кар 1, 20 і 3, 16–4, 6), наказаў Апосталам перадаваць боскія дары і прапаведаваць усім8 Евангелле, абяцанае раней праз прарокаў, споўненае Ім і абвешчанае Ягонымі вуснамі як крыніца ўсякай збаўчай праўды і дысцыпліны звычаяў. Гэты загад верна выканалі як Апосталы, якія вуснай пропаведдзю, прыкладам і настаўленнямі перадавалі тое, што атрымалі з вуснаў, гутарак і спраў Хрыста і пра што даведаліся навучаныя Духам Святым, так і іншыя Апосталы і апостальскія мужы, якія пад натхненнем Духа Святога запісалі збаўчую навіну9.

Каб Евангелле заўсёды захоўвалася ў Касцёле непарушным і жывым, Апосталы пакінулі як сваіх наступнікаў біскупаў, «перадаючы ім сваю настаўніцкую пасаду»10. Такім чынам, Святая Традыцыя і Святое Пісанне абодвух Запаветаў з’яўляецца як бы люстрам, у якім Касцёл, пілігрымуючы па зямлі, сузірае Бога, ад якога ўсё атрымлівае, пакуль не прыйдзе да Яго, каб аглядаць Бога тварам у твар, якім Ён ёсць ( пар. 1 Ян 3, 2).

8. Так апостальская пропаведзь, асаблівым чынам прадстаўленая ў натхнёных кнігах, павінна была захоўвацца ў няспынным перадаванні ажно да сканчэння часоў.

Апосталы, перадаючы тое, што і самі атрымалі, наказваюць вернікам падтрымліваць традыцыі, якім тыя былі навучаныя праз слова ці пасланне (пар. 2 Тэс 2, 15), і змагацца за веру, якая аднойчы была перададзена ім (пар. Юд 3)11. Перададзенае Апосталамі ахоплівае ўсё, што спрыяе жыццю Божага народу ў святасці і ўмацаванню яго веры. Так Касцёл трывае ў сваім вучэнні, жыцці і кульце і перадае ўсім пакаленням тое, чым ёсць сам, і тое, ува што верыць.

Традыцыя, якая паходзіць ад Апосталаў, развіваецца ў Касцёле з дапамогай Духа Святога12, бо расце ўспрыманне як перададзеных спраў, так і слоў. Гэта адбываецца дзякуючы кантэмпляцыі і стараннасці вернікаў, якія разважаюць пра ўсё гэта ў сваім сэрцы (пар. Лк 2, 19 і 51); дзякуючы глыбокаму разуменню духоўнай рэчаіснасці, якую яны зведваюць, а таксама пропаведзі тых, хто разам з біскупскай сукцэсіяй атрымаў неад’емны дар праўды. Гэта значыць, цягам вякоў Касцёл няспынна ідзе да паўнаты Божай праўды, пакуль у Ім не споўняцца Божыя словы.

Выказванні святых айцоў сведчаць пра жыццядайную прысутнасць гэтай Традыцыі, багацце якой праліваецца ў дзейнасць і жыццё Касцёла, які верыць і моліцца. Дзякуючы гэтай Традыцыі Касцёл мае ўвесь канон Святых Кніг, а само Святое Пісанне ў ёй глыбей разумеецца і няспынна становіцца дзейсным. Так Бог, які калісьці прамовіў, няспынна размаўляе з абранніцай свайго ўмілаванага Сына. І Дух Святы, праз якога ў Касцёле, а праз яго і ва ўсім свеце гучыць жывы голас Евангелля, прыводзіць вернікаў да паўнаты праўды і шчодра пасяляе ў іх слова Хрыста (пар. Клс 3, 16).

9. Святая Традыцыя і Святое Пісанне цесна звязаны паміж сабой і пераклікаюцца адно з адным, бо абодва яны выцякаюць з адной боскай крыніцы, пэўным чынам зрастаецца ў адно і імкнецца да адной мэты. Святое Пісанне — гэта мова Бога, паколькі яно засведчана на пісьме пад натхненнем Божага Духа; Божае слова, якое Хрыстус Пан і Дух Святы даручылі Апосталам, Святая Традыцыя перадае ў цэласці іх паслядоўнікам, каб, ідучы за святлом Духа праўды, яны верна захоўвалі яго дзеля абвяшчэння, паказвалі і пашыралі яго. Дзякуючы гэтаму Касцёл чэрпае сваю ўпэўненасць ва ўсім, што было аб’яўлена, не толькі са Святога Пісання. Таму трэба адно і другое прымаць і ўшаноўваць з аднолькавай пабожнасцю і павагай13.

10. Святая Традыцыя і Святое Пісанне складаюць адзін святы дэпазіт Божага слова, даручаны Касцёлу. Грунтуючыся на ім, увесь святы народ, аб’яднаны са сваімі Пастырамі, няспынна трывае ў вучэнні Апосталаў, у супольнасці, у ламанні хлеба і малітвах (пар. Дз 2, 42), так што ў захаванні перададзенай веры, у яе практыкаванні і абвяшчэнні выяўляецца асаблівая еднасць кіраўнікоў і вернікаў14.

Аднак абавязак праўдзівай інтэрпрэтацыі пісьмовага ці перададзенага Божага слова15 даручаны толькі жывому Настаўніцкаму Інстытуту Касцёла16, улада якога ажыццяўляецца ў імя Езуса Хрыста. Гэты Настаўніцкі Інстытут Касцёла не вышэйшы за Божае слова, але служыць яму, навучаючы толькі таму, што было перададзена. З Божага наказу і з дапамогай Духа Святога ён пабожна слухае Божае слова, свята захоўвае, верна тлумачыць яго і чэрпае з гэтага адзінага дэпазіту веры ўсё тое, што падае для веры як аб’яўленае Богам.

Таму зразумела, што Святая Традыцыя, Святое Пісанне і Настаўніцкі Інстытут Касцёла паводле наймудрэйшай задумы Божай настолькі звязаны і злучаны паміж сабой, што без аднаго няма і другога, а ўсе разам — кожнае па-свойму пад натхненнем Духа Святога — дзейсна спрыяюць збаўленню душ.

РАЗДЗЕЛ ІІІ
БОЖАЕ НАТХНЕННЕ СВЯТОГА ПІСАННЯ І ЯГО ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ

11. Аб’яўленыя Богам праўды, змешчаныя і прадстаўленыя ў Святым Пісанні, былі запісаны пад натхненнем Духа Святога. Таму на падставе апостальскай веры святая Маці-Касцёл лічыць святымі і кананічнымі ўсе кнігі як Старога, так і Новага Запавету з усімі іх часткамі, паколькі яны, напісаныя пад натхненнем Духа Святога (пар. Ян 20, 31; 2 Цім 3, 16; 2 П 1, 19-21; 3, 15-16), належаць аўтарству Бога і ў такой якасці былі перададзены Касцёлу17. Пры складанні святых кніг Бог выбраў людзей і выкарыстаў іх здольнасці і сілы18, каб з дапамогай Яго дзеяння ў іх і праз іх19 яны, як сапраўдныя аўтары, перадалі на пісьме ўсё тое, і толькі тое, што Ён хацеў20.

Паколькі ўсё, што сцвярджаюць натхнёныя аўтары, або агіёграфы, павінна лічыцца сцвярджэннем Духа Святога, таму неабходна вызнаваць, што кнігі Пісання трывала, верна і беспамылкова вучаць праўдзе, якую Бог дзеля нашага збаўлення пажадаў замацаваць у Святым Пісанні21. Такім чынам, «усякае Пісанне натхнёна Богам і карысна для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы» (2 Цім 3, 16-17).

12. У Святым Пісанні Бог гаворыць праз людзей і па-чалавечы22, таму, каб выразна ўбачыць, чым Бог хацеў падзяліцца з намі, інтэрпрэтатар Святога Пісання павінен уважліва даследаваць, што сапраўды намерваліся сказаць агіёграфы і што Богу спадабалася паказаць нам праз іх словы.

Каб раскрыць намер агіёграфаў, трэба між іншым прыняць пад увагу таксама літаратурны жанр.

Сапраўды, абсалютна па-рознаму і разнастайнымі спосабамі праўда перадаецца і выражаецца ў гістарычных, прароцкіх, паэтычных тэкстах ці ў іншых моўных жанрах.

Інтэрпрэтатар павінен шукаць сэнс, які агіёграф у акрэсленых умовах свайго часу і культуры намерваўся выразіць і выразіў сродкамі літаратурных жанраў таго часу23. Для правільнага разумення таго, што святы аўтар хацеў выразіць на пісьме, трэба звярнуць належную ўвагу як на прывычны і натуральны лад мыслення, маўлення і апавядання, прыняты ў часы агіёграфа, так і на агульнапрынятыя спосабы зносін паміж людзьмі таго часу24.

Паколькі Святое Пісанне трэба чытаць і інтэрпрэтаваць у тым жа Духу, у якім яно было напісана25, то для правільнага яго разумення неабходна не менш старанна зважаць на змест і еднасць усяго Пісання, улічваючы жывую Традыцыю ўсяго Касцёла і аналогію веры. У сваю чаргу экзэгетам трэба рупліва працаваць паводле гэтых прынцыпаў над глыбейшым разуменнем і выкладаннем сэнсу Святога Пісання, каб дзякуючы гэтаму даследаванню, у нейкай ступені падрыхтоўчаму, сталела вучэнне Касцёла. Усё, што датычыць спосабу інтэрпрэтацыі Пісання, у выніку падлягае вучэнню Касцёла, які выконвае Божае даручэнне і служэнне: захоўваць і тлумачыць Божае слова26.

13. У Святым Пісанні, пры заўсёднай непарушнасці Божай праўды і святасці, паказваецца цудоўнае сыходжанне (condescensio) вечнай Мудрасці, «каб мы вучыліся невыказнай Божай ласкавасці і таму, у якой ступені Ён, праяўляючы прадбачлівасць і клопат пра нашу натуру, дастасаваў сваю мову да яе (quanta sermonis attemperatione usus sit)»27. Божыя словы, выражаныя чалавечай мовай, прыпадобніліся да чалавечай мовы, як калісьці Слова Спрадвечнага Айца, прыняўшы слабасць людскога цела, прыпадобнілася да чалавека.
 
РАЗДЗЕЛ ІV
СТАРЫ ЗАПАВЕТ

14. Найміласэрнейшы Бог, клапатліва імкнучыся да збаўлення ўсяго чалавечага роду і рыхтуючы яго, паводле асаблівай пастановы выбраў сабе народ, каб даручыць яму абяцанні. Заключыўшы запавет з Абрагамам (пар. Быц 15, 18) і праз Майсея — з народам Ізраэля (пар. Зых 24, 8), Ён словамі і справамі адкрыўся набытаму народу як адзіны, праўдзівы і жывы Бог, каб Ізраэль спазнаў Божыя шляхі ў дачыненні да людзей і каб дзякуючы самому Богу, які гаварыў праз вусны прарокаў, з кожным днём глыбей і выразней разумеў гэтыя шляхі і пашыраў іх сярод народаў (пар. Пс 22 [21], 28-29; 96 (95), 1-3; Іс 2, 1-4; Ер 3, 17). Эканомія збаўлення, прадказаная святымі аўтарамі, расказаная і растлумачаная, знаходзіцца як праўдзівае Божае слова ў кнігах Старога Запавету. Таму гэтыя кнігі, натхнёныя Богам, захоўваюць пастаянную каштоўнасць: «Усё, што напісана было раней, напісана дзеля нашага павучання, каб мы праз вытрываласць і заахвочванне Пісанняў мелі надзею» (Рым 15, 4).
15. Эканомія збаўлення ў Старым Запавеце была накіравана перадусім на тое, каб падрыхтаваць, прароцкім чынам абвясціць (пар. Лк 24, 44; Ян 5, 39; 1 П 1, 10) і рознымі вобразамі абазначыць (пар. 1 Кар 10, 11) прыйсце Хрыста, Адкупіцеля ўсіх, і Яго месіянскага Валадарства. Кнігі Старога Запавету адпаведна стану чалавечага роду перад збаўленнем, якое здзейсніў Хрыстус, дазваляюць усім пазнаць Бога і чалавека, а таксама дзеянне справядлівага і міласэрнага Бога адносна чалавека. Хоць гэтыя кнігі змяшчаюць таксама недасканалыя і часовыя рэчы, аднак яны паказваюць сапраўдную Божую педагогіку28. Хрысціяне павінны з пабожнасцю прымаць гэтыя кнігі, бо яны выражаюць жывое адчуванне Бога, у іх схавана ўзнёслае вучэнне пра Бога, збаўчая жыццёвая мудрасць і цудоўныя скарбы малітваў, у іх, нарэшце, заключана таямніца нашага збаўлення.

16. Бог, натхняльнік і аўтар кніг абодвух Запаветаў, так мудра пастанавіў, што Новы Запавет хаваецца ў Старым, а Стары Запавет раскрываецца ў Новым29. Хоць Хрыстус і ўстанавіў у сваёй крыві Новы Запавет (пар. Лк 22, 20; 1 Кар 11, 25), аднак кнігі Старога Запавету, цалкам прынятыя ў абвяшчэнні Евангелля30, набываюць і праяўляюць у Новым Запавеце сваё поўнае значэнне (пар. Мц 5, 17; Лк 24, 27; Рым 16, 25-26; 2 Кар 3, 14-16) і са свайго боку асвятляюць і тлумачаць Новы Запавет.

РАЗДЗЕЛ V
НОВЫ ЗАПАВЕТ

17. Божае слова, якое з’яўляецца Божай сілай для збаўлення кожнага верніка (пар. Рым 1, 16), выдатным чынам увасабляецца і паказвае сваю моц у кнігах Новага Запавету. Бо калі настала паўната часу (пар. Гал 4, 4), Слова стала целам і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды (пар. Ян 1, 14). Хрыстус аднавіў на зямлі Божае Валадарства, справамі і словамі паказаў свайго Айца і сябе самога, а таксама смерцю, уваскрасеннем, слаўным унебаўшэсцем і спасланнем Духа Святога выканаў сваю справу. Узняты над зямлёй, Ён усіх прыцягнуў да сябе (пар. Ян 12, 32), Ён Адзіны мае словы вечнага жыцця (пар. Ян 6, 68). Гэтая таямніца не была адкрытая іншым пакаленням так, як цяпер адкрылася Яго святым Апосталам і прарокам у Духу Святым (пар. Эф 3, 4-6), каб яны прапаведавалі Евангелле, абуджалі веру ў Езуса, Хрыста і Пана, а таксама збіралі Касцёл. Кнігі Новага Запавету даюць вечнае боскае сведчанне пра гэтыя падзеі.

18. Агульнавядома, што сярод усіх кніг Пісання, у тым ліку Новага Запавету, пачэснае месца заслужана займаюць Евангеллі, паколькі яны з’яўляюцца галоўным сведчаннем пра жыццё і вучэнне ўцелаўлёнага Слова — нашага Збаўцы.

Касцёл заўсёды і ўсюды сцвярджаў і сцвярджае, што чатыры Евангеллі маюць апостальскае паходжанне. Тое, што Апосталы абвяшчалі на даручэнне Хрыста, пасля з Божага натхнення Духа Святога яны і апостальскія мужы перадалі нам на пісьме як падмурак веры — чатыры тэксты Евангелля: паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна31.

19. Святая Маці-Касцёл цвёрда і непахісна лічыў і лічыць, што чатыры згаданыя Евангеллі, гістарычнасць якіх сцвярджае без ваганняў, верна перадаюць тое, што Езус, Сын Божы, жывучы сярод людзей, насамрэч рабіў і чаму навучаў дзеля іх вечнага збаўлення ажно да дня, калі ўзышоў у неба (пар. Дз 1, 1-2). Пасля ўнебаўшэсця Пана тое, што Ён казаў і рабіў, Апосталы перадалі слухачам з самым поўным разуменнем, якім цешыліся32, навучаныя слаўнымі падзеямі Хрыстовага жыцця і святлом Духа праўды33. Святыя аўтары запісалі чатыры Евангеллі, выбраўшы пэўныя звесткі, перададзеныя вусна ці пісьмова; падаўшы некаторыя рэчы сінтэтычна або растлумачыўшы іх з улікам сітуацыі Касцёлаў; захаваўшы, нарэшце, форму пропаведзі, але заўсёды так, каб перадаць нам шчырую праўду пра Езуса34. Чэрпаючы звесткі з уласнай памяці і згадак або са сведчання тых, хто ад пачатку быў сведкам і слугою слова, яны пісалі дзеля таго, каб мы спасціглі праўду тых слоў, якімі былі навучаныя (пар. Лк 1, 2-4).

20. Канон Новага Запавету, акрамя чатырох Евангелляў, змяшчае таксама Пасланні св. Паўла і іншыя апостальскія тэксты, напісаныя пад натхненнем Духа Святога. У іх паводле мудрага Божага намеру пацвярджаюцца звесткі пра Езуса Хрыста, яшчэ больш выразна падаецца Яго праўдзівае вучэнне, абвяшчаецца збаўчая сіла Божай справы Хрыста, расказваецца пра пачаткі Касцёла і яго цудоўнае пашырэнне, а таксама прадвяшчаецца яго слаўнае спаўненне.

Пан Езус, як і абяцаў, быў са сваімі Апосталамі (пар. Мц 28, 20) і паслаў ім Духа Суцяшыцеля, каб Ён прывёў іх да паўнаты праўды (пар. Ян 16, 13).

РАЗДЗЕЛ VІ
СВЯТОЕ ПІСАННЕ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

21. Касцёл заўсёды шанаваў Божае Пісанне, як і само Цела Пана, паколькі, асабліва ў святой Літургіі, ён няспынна бярэ са стала Божага слова і Цела Хрыстовага хлеб жыцця і ўдзяляе яго вернікам. Касцёл заўсёды лічыў і лічыць Пісанне, як і Святую Традыцыю, найвышэйшым правілам сваёй веры. Натхнёнае Богам, раз і назаўсёды замацаванае на пісьме Святое Пісанне нязменна перадае слова самога Бога, а таксама дазваляе голасу Духа Святога гучаць у словах прарокаў і Апосталаў. Таму неабходна, каб усякая касцёльная пропаведзь, як і сама хрысціянская рэлігія, абапіралася на Святое Пісанне і кіравалася ім. У святых кнігах Айцец, які ў нябёсах, з найвялікшай любоўю выходзіць насустрач сваім дзецям і вядзе з імі гутарку. У слове Божым утоена такая сіла і моц, што яно з’яўляецца для Касцёла падтрымкай і энергіяй, спажыткам для душы, чыстай і невычэрпнай крыніцай духоўнага жыцця. Таму выдатна адпавядае Святому Пісанню сказанае: «Слова Божае жывое і дзейснае» (Гбр 4, 12), якое «можа збудаваць і даць спадчыну між усіх асвячаных» (Дз 20, 32; пар. 1 Тэс 2, 13).

22. Хрысціяне павінны мець шырокі доступ да Святога Пісання. Дзеля гэтага Касцёл ужо ад пачатку прызнаў сваім і прыняў вядомы найстаражытнейшы грэцкі пераклад Старога Запавету, назва якога паходзіць ад сямідзесяці мужоў, і заўсёды мае ў пашане іншыя ўсходнія і лацінскія пераклады, асабліва той, які называецца Вульгатай. Паколькі Божае слова павінна ва ўсе часы быць даступным, Касцёл з мацярынскім клопатам рупіцца пра выкананне належных і правільных перакладаў на розныя мовы, асабліва з арыгінальных тэкстаў Святых Кніг. Калі пры магчымасці са згоды касцёльнай улады такія пераклады будуць рабіцца ў супрацоўніцтве з адлучанымі братамі, то імі змогуць карыстацца ўсе хрысціяне.

23. Абранніца ўцелаўлёнага Слова — Касцёл, навучаны Духам Святым, стараецца з кожным днём дасягаць усё глыбейшага разумення Святога Пісання, каб няспынна насычаць сваіх дзяцей Божымі словамі. Таму ён належным чынам падтрымлівае вывучэнне святых айцоў, як усходніх, так і заходніх, а таксама святых Літургій. У сваю чаргу каталіцкія экзэгеты і іншыя рупліўцы святой тэалогіі павінны цесна аб’ядноўваць свае сілы і прыкладаць намаганні, каб пад кіраўніцтвам святога Настаўніцкага Інстытута Касцёла і з выкарыстаннем адпаведных дапаможных сродкаў Святое Пісанне так даследавалася і выкладалася, каб усе шматлікія слугі Божага слова маглі забяспечыць Божаму народу плённы спажытак Пісання, які б асвятляў дух, умацоўваў волю і запальваў у людскіх сэрцах любоў да Бога35. Святы Сабор заахвочвае дзяцей Касцёла, якія працуюць на ніве біблістыкі, штодня з новымі сіламі і ўсёй стараннасцю працягваць паспяхова распачатую справу паводле духу Касцёла36.

24. Святая тэалогія разам са святой Традыцыяй абапіраецца, як на вечны падмурак, на запісанае Божае слова. У ім яна найбольш цвёрда ўмацоўваецца і заўжды маладзее, даследуючы ў святле веры ўсю праўду, заключаную ў таямніцы Хрыста. Святое Пісанне змяшчае Божае слова і дзякуючы сваёй натхнёнасці з’яўляецца сапраўдным словам Бога. Таму вывучэнне Святога Пісання ўяўляе як бы душу святой тэалогіі37. Дзякуючы таму ж слову Пісання сілкуецца здаровым спажыткам і ўзрастае ў святасці таксама служэнне слова, а менавіта пастырская пропаведзь, катэхетычнае і ўсякае іншае хрысціянскае навучанне, у якім літургічная гамілія павінна займаць выключнае месца.

25. Таму неабходна, каб усё духавенства, перадусім святары Хрыстовы і іншыя, хто ў якасці дыяканаў ці катэхетаў паводле права займаецца служэннем слова, з дапамогай стараннага чытання і дапытлівага вывучэння прыгарнуліся да Пісання, каб ніхто з іх не стаў «пустым прапаведнікам Божага слова звонку, не з’яўляючыся яго слухачом унутры»38, бо ён павінен дзяліцца з даручанымі яму вернікамі найбагацейшым скарбам Божага слова, асабліва ў святой Літургіі. У той жа час Святы Сабор асабліва моцна заахвочвае ўсіх вернікаў, перадусім членаў манаскіх супольнасцяў, набываць праз частае чытанне Святога Пісання «перавагу пазнання Хрыста» (Флп 3, 8). «Бо няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста»39. Таму няхай яны з ахвотай падыходзяць да чытання святога тэксту ці праз святую Літургію, перапоўненую Божымі словамі, ці праз пабожнае чытанне, ці праз адпаведныя для гэтага ўстановы ці іншыя сродкі дапамогі, якія пры падтрымцы і пад апекай пастыраў Касцёла паўсюль слаўна пашыраюцца ў наш час. І няхай яны памятаюць, што чытанню Святога Пісання павінна спадарожнічаць малітва, каб адбывалася размова паміж Богам і чалавекам; бо «з Ім гаворым, калі молімся; Яго слухаем, калі чытаем Божыя словы»40.

Святыя кіраўнікі, «якім належыць апостальскае вучэнне»41, павінны адпаведным чынам настаўляць даручаных ім вернікаў, каб яны правільна карысталіся Святым Пісаннем, асабліва Новым Запаветам і перадусім Евангеллямі. Гэта можна зрабіць праз пераклады святых тэстаў, якія павінны быць забяспечаны неабходнымі вычарпальнымі каментарыямі, каб дзеці Касцёла маглі бяспечна і з карысцю знаёміцца са Святым Пісаннем і напаўняцца яго духам.

Акрамя таго, неабходна падрыхтаваць забяспечаныя адпаведнымі каментарыямі выданні Святога Пісання, дастасаваныя для ўжытку нехрысціянаў і іх умоваў, а пра іх распаўсюджанне няхай мудра клапоцяцца пастыры і хрысціяне кожнага стану.

26. Такім чынам, няхай праз чытанне і вывучэнне Святых Кніг «слова Пана пашыраецца і праслаўляецца» (2 Тэс 3, 1), а скарб Аб’яўлення, даручаны Касцёлу, усё больш і больш напаўняе людскія сэрцы. Як з няспыннага ўдзелу ў эўхарыстычнай таямніцы Касцёл чэрпае жыццёвыя сілы, так можна спадзявацца на новы імпульс духоўнага жыцця ад узрастаючай пашаны да Божага слова, якое «трывае навекі» (Іс 40, 8; 1 П 1, 23-25).

Усё, што абвешчана ў гэтай Дагматычнай канстытуцыі — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.


Рым, у св. Пятра, 18 лістапада 1965г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)


З АКТАЎ ДРУГОГА ВАТЫКАНСКАГА СУСВЕТНАГА СВЯТОГА САБОРУ
НАТЫФІКАЦЫЯ
ЗРОБЛЕНАЯ ГЕНЕРАЛЬНЫМ САКРАТАРОМ СВЯТОГА САБОРУ
НА 171-ЫМ ГЕНЕРАЛЬНЫМ СХОДЗЕ 15 ЛІСТАПАДА 1965Г.
 
Было зададзена пытанне, якой павінна быць тэалагічная кваліфікацыя вучэння, выкладзенага ў праекце Дагматычнай канстытуцыі пра Божае Аб’яўленне і вынесенага на галасаванне.

Дактрынальная камісія веры і звычаяў дала такі адказ у Дэкларацыі ад 6 сакавіка 1964г.:

«Прымаючы пад увагу саборны звычай і пастырскую мэту цяперашняга Сабору, гэты Святы Сабор наказвае Касцёлу лічыць абавязковым для захавання ў справах веры ці звычаяў толькі тое, што сам такім адкрыта абвяшчае».

«Усё ж астатняе, што Святы Сабор падае як вучэнне Найвышэйшага Настаўніцкага Інстытута Касцёла, усе хрысціяне і кожны з іх паасобку павінны прымаць і прызнаваць згодна з думкаю самога Святога Сабору, якую можна спазнаць з пададзенага зместу або са спосабу маўлення паводле тэалагічных нормаў інтэрпрэтацыі».

† ПЕРЫКЛЕС ФЕЛІЧЫ
Тытулярны Арцыбіскуп Самасаты
Генеральны Сакратар Другога Ватыканскага
Сусветнага Святога Сабору
 
Дакумент мае пастырскі характар. Біблія з’яўляецца першаснай крыніцай як Літургіі, так і жыцця кожнага хрысціяніна, які праз Святыя Кнігі паглыбляе пазнанне Езуса. Аб’яўленне прадстаўлена як ініцыятыва Бога, які паказвае свой намер збаўлення праз дзеянні і словы; чалавек пакліканы з любоўю прыняць іх усёй сваёй сутнасцю. Святое Пісанне і Традыцыя — дзве ракі, якія выцякаюць з адной боскай крыніцы: Традыцыя перадае Пісанне, якое пастыры пакліканы захоўваць, абвяшчаць і ўзрошчваць у касцёльным досведзе, у той час як вучэнне Касцёла з’яўляецца гарантыяй яго правільнага тлумачэння.

q

  1. Пар. S. AUGUSTINUS, De catechizandis rudibus. 4, 8: PL 40, 316.
  2. Пар. Мц 11, 27; Ян 1, 14 і 17; 14, 6; 17, 1-3; 2 Кар 3, 16 і 4, 6; Эф 1, 3-14.
  3. Epist. ad Diognetum, 7, 4: FUNK, Patres Apostolici, I, p. 403.
  4. CONC. VAT. I, Const. dogm. de fide catholica, Dei Filius, cap. 3: DENZ. 1789 (3008).
  5. CONC. ARAUS. II, can. 7: DENZ. 180 (377); CONC. VAT. I, l. c.: DENZ. 1791 (3010).
  6. CONC. VAT. I, Const. dogm. de fide catholica, Dei Filius, cap. 2: DENZ. 1786 (3005).
  7. Тамсама: DENZ. 1785 et 1786 (3004 et 3005).
  8. Пар. 28, 19-20 і 16, 15. CONC. TRID., Decr. De canonicis Scripturis: DENZ. 783 (1501).
  9. Пар. CONC. TRID., l. c.; CONC. VAT. I, Const. dogm. de fide catholica, Dei Filius, cap. 2: DENZ. 1787 (3006).
  10. S. IRENAEUS, Adv. Haer., III, 3, 1: PG 7, 848; HARVEY, 2, p. 9.
  11. Пар. CONC. NIC. II: DENZ. 303 (602). CONC. CONTANT. IV, Sess. X, can. I: DENZ. 336 (650-652).
  12. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. de fide catholica, Dei Filius, cap. 4: DENZ. 1800 (3020).
  13. Пар. CONC. TRID., Decr. De canonicis Scripturis: DENZ. 783 (1501).
  14. Пар. PIUS XII, Const. Apost. Munificentissimus Deus, 1 nov. 1950: AAS 42 (1950), p. 756, collatis verbis S. CYPRIANI, Epist. 66, 8: CSEL 3, 2, 733: «Ecclesia plebs Sacerdoti adunata et Pastori suo grex adhaerens» (Касцёл — народ, сабраны вакол свайго Святара, і статак, які хінецца да свайго Пастыра).
  15. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. de fide catholica, Dei Filius, cap. 3: DENZ. 1792 (3011).
  16. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Humani Generis, 12 aug. 1950: AAS 42 (1950), pp. 568-569: DENZ. 2314 (3886).
  17. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. de fide catholica, Dei Filius, cap. 2: DENZ. 1787 (3006). PONT. COMM. BIBLICA, Decr. 18 iunii 1915: DENZ. 2180 (3629); EB 420. S. S. C. S. Officii, Epist. 22 dec. 1923: EB 499.
  18. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Divino afflante, 30 sept. 1943: AAS 35 (1943), p. 314; EB 556.
  19. У (іn) чалавеку і праз (per) яго: пар. Гбр 1, 1 і 4, 7 (in); 2 Сам 23, 2; Мц 1, 22 et passim (per); CONC. VAT. I: Schema de doctr. cath., nota 9: Coll. Lac. VII, 522.
  20. LEO XIII, Litt. Encycl. Providentissimus Deus, 18 nov. 1893: DENZ. 1952 (3293); EB 125.
  21. Пар. S. AUGUSTINUS, De Gen. ad litt., 2, 9, 20: PL 34, 270-271; CSEL 28, 1, 46-47 et Epist. 82, 3: PL 33, 277; CSEL 34, 2, 354. — S. THOMAS, De Ver., q. 12, a. 2, C. — CONC. TRID., Decr. De canonicis Scripturis: DENZ. 783 (1501) — LEO XIII, Litt. Encycl. Providentissimus Deus: EB 121, 124, 126-127. — PIUS XII, Litt. Encycl. Divino afflante: EB 539.
  22. Пар. S. AUGUSTINUS, De Civ. Dei, XVII, 6, 2: PL 41, 537; CSEL 40, 2, 228.
  23. Пар. S. AUGUSTINUS, De Doctr. Christ., III, 18, 26: PL 34, 75-76; CSEL 80, 95.
  24. Пар. PIUS XII, l. c.: DENZ. 2294 (3829-3830); EB 557-562.
  25. Пар. BENEDICTUS XV, Litt. Encycl. Spiritus Paraclitus, 15 sept. 1920: EB 469. — S. HIERONYMUS, In Gal. 5, 19-21: PL 26, 417A.
  26. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. de fide Catholica, Dei Filius, Cap. 2: DENZ. 1788 (3007).
  27. S. IO. CHRYSOSTOMUS, In Gen 3, 8 (hom. 17, 1): PG 53, 134. «Дастасаванне» (аttemperatio) па-грэцку «synkatбbasis» (сыходжанне).
  28. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Mit brennender Sorge, 14 martii 1937: AAS 29 (1937), p. 151.
  29. Пар. S. AUGUSTINUS, Quaest. in Hept. 2, 73: PL 34, 623.
  30. Пар. S. IRENAEUS, Adv. Haer., III, 21, 3: PG 7, 950; (= 25,1: HARVEY, 2, p. 115). S. CYRILLUS HIEROS., Catech., 4, 35: PG 33, 497. THEODORUS MOPS., In Soph., 1, 4-6: PG 66, 452D-453A.
  31. Пар. S. IRENAEUS, Adv. Haer., III, 11, 8: PG 7, 885; ed. Sagnard, p. 194.
  32. Пар. Ян 14, 26; 16, 13.
  33. Пар. Ян 2, 22; 12, 16; Ян 14, 26; 16, 12-13; 7, 39.
  34. Пар. Instructio Sancta Mater Ecclesia a Pontificio Consilio Studiis Bibliorum provehendis edita: AAS 56 (1964), p. 715.
  35. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Divino afflante, 30 sept. 1943: EB 551, 553, 567. PONT. COMM. BIBLICA, Instructio de S. Scriptura in Clericorum Seminariis et Religiosorum Collegiis recte docenda, 13 maii 1950: AAS 42 (1950), pp. 495-505.
  36. Пар. PIUS XII, тамсама: EB 569.
  37. Пар. LEO XIII, Litt. Encycl. Providentissimus Deus: EB 114; BENEDICTUS XV, Litt. Encycl. Spiritus Paraclitus, 15 sept. 1920: EB 483.
  38. S. AUGUSTINUS, Serm. 179, 1: PL 38, 966.
  39. S. HIERONYMUS, Comm. in Is., Prol.: PL 24, 17. — Пар. BENEDICTUS XV, Litt. Encycl. Spiritus Paraclitus: EB 475-480. PIUS XII, Litt. Enc. Divino afflante: EB 544.
  40. S. AMBROSIUS, De officiis ministrorum, I, 20, 88: PL 16, 50.
  41. S. IRENAEUS, Adv. Haer., IV, 32, 1: PG 7, 1071; (= 49, 2) HARVEY, 2, p. 255.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.