ПАВЕЛ БІСКУП СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ
ДЭКЛАРАЦЫЯ ПРА ХРЫСЦІЯНСКАЕ ВЫХАВАННЕ «GRAVISSIMUM EDUCATIONIS»Вялікае значэнне выхавання ў жыцці чалавека і яго ўзрастаючы ўплыў на грамадскае развіццё нашага часу сталі прадметам напружаных разважанняў Святога Сусветнага Сабору 1. Сапраўды, у сучасных умовах працяг адукацыі дарослых і выхаванне моладзі стала больш даступнай і ў той жа час больш неабходнай справай. Людзі, больш усведамляючы сваю годнасць і абавязкі, хочуць усё актыўней удзельнічаць у грамадскім і асабліва ў эканамічным і палітычным жыцці 2. Значны прагрэс тэхнікі і навуковых даследаванняў, а таксама новыя сродкі масавай камунікацыі даюць людзям, якія сёння маюць больш вольнага часу, лягчэйшы доступ да духоўных і культурных багаццяў і дазваляюць узаемна дапаўняць свае веды дзякуючы больш цесным сувязям паміж асобнымі грамадствамі і нават народамі. Таму ўсюды робяцца намаганні ўсё больш развіваць справу выхавання, а асноўныя правы, асабліва дзяцей і бацькоў, на выхаванне абвяшчаюцца і замацоўваюцца ў афіцыйных дакументах 3. Колькасць выхаванцаў хутка павялічваецца, таму памнажаюцца і развіваюцца школы і ствараюцца іншыя навучальныя ўстановы. Праводзяцца новыя эксперыменты для распрацоўкі метадаў выхавання і навучання. Затрачваюцца вялікія намаганні, каб забяспечыць усім людзям доступ да выхавання і адукацыі, аднак вялікая колькасць дзяцей і маладых людзей да гэтага часу пазбаўлена магчымасці атрымаць нават пачатковую адукацыю, а многім іншым не хапае належнага выхавання, у якім аддаецца перавага праўдзе і любові. Святая Маці-Касцёл павінен настолькі клапаціцца пра ўсё жыццё чалавека, у тым ліку і зямное, наколькі яно спалучана з нябесным пакліканнем, каб выканаць наказ, атрыманы ад свайго Боскага Заснавальніка — абвяшчаць таямніцу збаўлення ўсім людзям і ўсё аднавіць у Хрысце 4. Таму Касцёл удзельнічае ў развіцці і пашырэнні выхавання. З гэтай прычыны Святы Сабор абвяшчае некаторыя фундаментальныя прынцыпы хрысціянскага выхавання, асабліва ў школах. Прынцыпы, якія пасля заканчэння Сабору павінна больш падрабязна распрацаваць спецыяльная Камісія і якія павінны выкарыстоўвацца Канферэнцыямі Біскупаў ва ўмовах розных рэгіёнаў. 1. Паколькі ўсе людзі, незалежна ад іх паходжання, стану ці ўзросту маюць годнасць чалавечай асобы, у іх ёсць неад’емнае права на выхаванне 5, якое адпавядае іх уласнаму прызначэнню 6, згоднаму з іх здольнасцямі, полам, культурай і роднымі традыцыямі, а таксама адкрытаму на братэрскую лучнасць з іншымі народамі дзеля развіцця сапраўднай еднасці і спакою на зямлі. Сапраўднае выхаванне імкнецца фарміраваць чалавечую асобу згодна з яе найвышэйшай мэтай і на карысць грамадства, членам якога з’яўляецца чалавек і ў якім ён, стаўшы дарослым, будзе выконваць адпаведныя абавязкі. Таму трэба дапамагаць дзецям і маладым людзям, выкарыстоўваючы сучасныя дасягненні ў псіхалогіі, педагогіцы і дыдактыцы, гарманічна развіваць іх фізічныя, маральныя і інтэлектуальныя здольнасці так, каб яны паступова набылі больш дасканалае пачуццё адказнасці, імкнучыся пастаянна да правільнага стылю жыцця і да дасягнення сапраўднай свабоды, адважна і непахісна перамагаючы перашкоды. Па меры іхняга ўзрастання ім трэба даваць станоўчае і разумнае сексуальнае выхаванне. Больш за тое, іх трэба рыхтаваць да ўдзелу ў грамадскім жыцці, каб яны, маючы неабходныя і адпаведныя сродкі, маглі актыўна дзейнічаць у розных сферах чалавечага грамадства, быць адкрытымі на дыялог з іншымі людзьмі і гатовымі спрыяць агульнаму дабру. Святы Сабор таксама абвяшчае, што дзеці і маладыя людзі маюць права на тое, каб іх падтрымлівалі ў правільнай ацэнцы маральных каштоўнасцяў і заахвочвалі да іх прыняцця, а таксама да таго, каб лепш пазнаваць і любіць Бога. Таму Сабор настойліва просіць усіх, хто кіруе народамі або выхаваннем, клапаціцца, каб моладзь ніколі не была пазбаўлена гэтага святога права. Ён заклікае дзяцей Касцёла аддана працаваць ва ўсіх сферах выхавання, асабліва для таго, каб належныя даброты выхавання і адукацыі маглі хутчэй дасягнуць усіх людзей ва ўсім свеце 7. 2. Усе хрысціяне, якія праз адраджэнне з вады і Духа Святога сталі новым стварэннем 8, а таму называюцца і з’яўляюцца дзецьмі Божымі, маюць права на хрысціянскае выхаванне. Яно скіравана не толькі на дасягненне сталасці чалавечай асобы, як было акрэслена вышэй, але найперш на тое, каб ахрышчаныя праз большае пазнанне таямніц збаўлення ўсё лепш усведамлялі прыняты імі дар веры і вучыліся пакланяцца Богу Айцу ў духу і праўдзе (пар. Ян 4, 23), асабліва ў літургічным дзеянні, каб прызвычайваліся жыць як новы чалавек: у праведнасці і святасці праўды (Эф 4, 22-24), і праз гэта прыйшлі да «чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (пар. Эф 4, 13) і садзейнічалі ўзрастанню Містычнага цела. Больш за тое, усвядоміўшы сваё пакліканне, няхай сведчаць пра сваю надзею (пар. 1 П 3, 15) і прызвычайваюцца садзейнічаць хрысціянскаму пераўтварэнню свету, дзякуючы якому натуральныя каштоўнасці, прынятыя з поўнай увагай да адкупленага Хрыстом чалавека, памнажаюць дабрабыт усяго грамадства 9. Таму Святы Сабор нагадвае пастырам пра іх самы важны абавязак — сачыць, каб усе вернікі, асабліва моладзь, якая з’яўляецца надзеяй Касцёла, маглі атрымаць хрысціянскае выхаванне 10. 3. Паколькі дзецям далі жыццё бацькі, яны маюць яшчэ больш важны абавязак — выхаваць сваё патомства. Таму яны з’яўляюцца першаснымі і галоўнымі выхаваўцамі 11. Гэты абавязак выхавання настолькі важны, што яго занядбанне наўрад ці можна чым-небудзь выправіць. Бацькі павінны стварыць сямейную атмасферу, ажыўленую любоўю і павагай да Бога і чалавека, якая б садзейнічала інтэгральнаму асабістаму і грамадскаму выхаванню дзяцей. Таму сям’я з’яўляецца першай школай грамадскіх цнотаў, якіх патрабуе кожнае грамадства. Перш за ўсё ў хрысціянскай сям’і, якая адорана ласкай сакрамэнту сужэнства і якая прымае яго абавязкі, трэба з самых ранніх гадоў вучыць дзяцей пазнаваць і праслаўляць Бога, а таксама любіць бліжняга згодна з верай, прынятай падчас хросту. Тут яны атрымліваюць свой першы вопыт здаровага грамадства і Касцёла. Урэшце, менавіта праз сям’ю яны паступова ўваходзяць у грамадзянскую супольнасць і ў Божы народ. Таму бацькі павінны добра разумець, наколькі важнай для жыцця і развіцця Божага народу з’яўляецца сапраўдная хрысціянская сям’я 12. Каб выканаць абавязак выхавання, які ў першую чаргу мае сям’я, неабходна дапамога ўсяго грамадства. Таму, акрамя правоў бацькоў і іншых людзей, якім яны дазваляюць удзельнічаць у справе выхавання, некаторыя правы і абавязкі належаць і грамадзянскай супольнасці, якая павінна належна ўпарадкаваць тое, што неабходна для часовага агульнага дабра. У абавязкі грамадства ўваходзіць развіццё рознымі спосабамі выхавання моладзі, а менавіта: абарона абавязкаў і правоў бацькоў і іншых людзей, якія ўдзельнічаюць у выхаванні, і дапамога ім; ажыццяўленне выхавання згодна з прынцыпам субсідыярнасці тады, калі няма ініцыятыў з боку бацькоў і іншых арганізацый (аднак пры гэтым трэба ўлічваць пажаданні бацькоў); больш за тое, стварэнне ўласных школ і навучальных устаноў у такой ступені, у якой гэтага патрабуе агульнае дабро 13. Урэшце, абавязак навучання асаблівым чынам належыць Касцёлу. І не толькі таму, што яго, як і чалавечую супольнасць, трэба лічыць здольным даць выхаванне, але найперш таму, што ён павінен паказваць шлях збаўлення ўсім людзям, перадаваць вернікам Хрыстовае жыццё і стала дапамагаць ім у дасягненні паўнаты гэтага жыцця 14. Маці-Касцёл абавязаны даць сваім дзецям такое выхаванне, дзякуючы якому ўсё іх жыццё змагло б напоўніцца Хрыстовым духам. У той жа час ён дапамагае ўсім народам дасягнуць поўнай дасканаласці чалавечай асобы дзеля дабра самаго зямнога грамадства і для будавання больш гуманнага свету 15. 4. У выкананні свайго выхаваўчага абавязку Касцёл, ужываючы ўсе адпаведныя сродкі, клапоціцца найперш пра тых людзей, якія належаць да яго. Першым такім сродкам з’яўляецца катэхізацыя 16, якая тлумачыць і ўмацоўвае веру, напаўняе жыццё Хрыстовым духам, вядзе да свядомага і актыўнага ўдзелу ў літургічнай таямніцы 17 і пабуджае да апостальскай дзейнасці. Касцёл высока цэніць і імкнецца напоўніць сваім духам і ўзвысіць таксама іншыя сродкі, якія належаць да агульнай спадчыны чалавецтва і маюць вялікі ўплыў на духоўнае выхаванне і фарміраванне людзей. Такімі сродкамі з’яўляюцца сродкі масавай камунікацыі 18, розныя аб’яднанні духоўнага і спартыўнага характару, саюзы моладзі і асабліва школы. 5. Сярод усіх астатніх сродкаў выхавання асаблівае значэнне мае школа 19, якая згодна са сваёй місіяй з няспынным клопатам развівае інтэлектуальныя магчымасці, выпрацоўвае здольнасць да правільнага суджэння, знаёміць з культурнай спадчынай папярэдніх пакаленняў, выхоўвае пачуццё каштоўнасцяў, рыхтуе да прафесійнага жыцця, стварае сярод выхаванцаў, якія маюць розны характар і паходжанне, сяброўскія адносіны і падтрымлівае дух узаемаразумення. Акрамя таго, яна з’яўляецца нібы цэнтрам, у дзейнасці і развіцці якога павінны адначасова браць удзел сем’і, настаўнікі, розныя аб’яднанні, якія развіваюць культурнае, грамадзянскае, рэлігійнае і грамадскае жыццё, а таксама ўся чалавечая супольнасць. Сапраўды, прыгожым і вельмі важным з’яўляецца пакліканне ўсіх, хто дапамагае бацькам у выкананні іх абавязкаў і ў імя чалавечага грамадства прымае абавязак выхавання ў школах. Гэтае пакліканне патрабуе асаблівых інтэлектуальных і духоўных якасцяў, вельмі пільнай падрыхтоўкі і сталай гатоўнасці да аднаўлення і адаптацыі. 6. Бацькі, якія маюць першаснае і неад’емнае права і абавязак выхавання дзяцей, павінны карыстацца сапраўднай свабодай у выбары школы. Таму грамадзянская ўлада, абавязак якой — забяспечыць і абараняць свабоду грамадзян, памятаючы пра справядлівае размеркаванне, павінна сачыць за такім размеркаваннем грамадскіх субсідый, каб бацькі маглі сапраўды свабодна выбраць школу для сваіх дзяцей згодна са сваім сумленнем 20. У дадатак, дзяржава павінна сачыць за тым, каб усе грамадзяне маглі атрымаць роўны ўдзел у культуры і належным чынам падрыхтавацца да выканання сваіх грамадзянскіх абавязкаў і правоў. Таму дзяржава павінна абараняць правы дзяцей на адпаведнае школьнае выхаванне, сачыць за прыгоднасцю настаўнікаў і ўзроўнем падрыхтоўкі, за здароўем вучняў і ў цэлым развіваць усю сістэму школьнага выхавання, улічваючы прынцып субсідыярнасці, а таму выключаючы ўсялякую манаполію школ, бо гэта супярэчыць прыроджаным правам чалавечай асобы, развіццю і пашырэнню культуры, мірнаму суіснаванню грамадзян і плюралізму, які сёння квітнее ў многіх грамадствах 21. Таму Святы Сабор заклікае хрысціянаў і надалей дапамагаць у пошуку адпаведных метадаў выхавання і парадку навучання, у падрыхтоўцы настаўнікаў, здольных правільна выхоўваць моладзь, у падтрыманні, пераважна пры дапамозе бацькоўскіх аб’яднанняў, усёй працы школы, асабліва маральнага выхавання, якое яна павінна даваць 22. 7. Касцёл, усведамляючы свой вельмі важны абавязак старанна клапаціцца пра маральнае і рэлігійнае выхаванне ўсіх сваіх дзяцей, з асаблівай любоўю і дапамогай павінен спадарожнічаць тым шматлікім дзецям, якія атрымліваюць адукацыю ў некаталіцкіх школах. Гэта магчыма праз жыццёвае сведчанне настаўнікаў і кіраўнікоў, праз апостальскую дзейнасць іх вучняў 23 і асабліва праз служэнне святароў і свецкіх, якія выкладаюць ім вучэнне пра збаўленне адпаведна іх узросту і становішчу і духоўна дапамагаюць уласцівымі ініцыятывамі згодна з умовамі часу і месца. Касцёл нагадвае бацькам пра іх сур’ёзны абавязак забяспечыць ці нават патрабаваць усё неабходнае, каб іх дзеці маглі карыстацца гэтай дапамогай і ўзрастаць у хрысціянскім выхаванні нароўні са свецкім. Таму Касцёл высока цэніць тыя грамадзянскія ўлады і грамадствы, якія, памятаючы пра плюралізм сучаснага грамадства і клапоцячыся пра належную рэлігійную свабоду, дапамагаюць сем’ям, каб ва ўсіх школах навучанне іх дзяцей вялося згодна з маральнымі і рэлігійнымі прынцыпамі сем’яў 24. 8. Прысутнасць Касцёла ў галіне школьнага навучання асаблівым чынам выяўляецца ў каталіцкіх школах. Зразумела, каталіцкая школа імкнецца да культурных мэтаў і займаецца гуманітарнай адукацыяй маладых людзей не менш за іншыя школы. Яе адметнай функцыяй з’яўляецца стварэнне ў школьным асяроддзі адмысловай атмасферы, ажыўленай евангельскім духам свабоды і любові, каб падлеткі па меры свайго асабістага развіцця адначасова ўзрасталі паводле вобраза новага стварэння, якім яны сталі пасля хросту, і ўрэшце, яна павінна так суадносіць усю агульначалавечую культуру са збаўчай навіной, каб веды пра свет, жыццё і чалавека, якія выхаванцы паступова набываюць, былі асветлены верай 25. Таму каталіцкая школа, калі яна належным чынам адкрыта на ўмовы сучаснага свету, вучыць сваіх выхаванцаў плённай працы дзеля дабра зямной дзяржавы, а таксама рыхтуе іх да служэння на карысць пашырэння Божага Валадарства, каб праз прыклад жыцця і апостальства яны сталі нібы рошчынай для чалавечай супольнасці. Такім чынам, каталіцкая школа, якая мае такую значную ролю ў выкананні місіі Божага народу і ў падтрыманні дыялогу паміж Касцёлам і чалавечым грамадствам дзеля іхняга дабра, захоўвае сваё вельмі важнае значэнне і ў сучасных абставінах. Таму Святы Сабор зноў абвяшчае тое, чаму ўжо навучаў у шматлікіх дакументах Настаўніцкі Інстытут Касцёла 26, а менавіта: права Касцёла свабодна ствараць школы любога віду і ўзроўню і кіраваць імі. Ён нагадвае, што ажыццяўленне гэтага права значна садзейнічае абароне свабоды сумлення, правоў бацькоў, а таксама развіццю культуры. Няхай настаўнікі памятаюць, што ад іх амаль цалкам залежыць выкананне каталіцкай школай яе мэтаў і праграм 27. Таму настаўнікаў трэба рыхтаваць з асаблівым клопатам, каб яны авалодалі як свецкімі, так і рэлігійнымі ведамі, пацверджанымі адпаведнай кваліфікацыяй, і мелі педагагічны вопыт на ўзроўні сучасных адкрыццяў. Звязаныя любоўю паміж сабой і са сваімі вучнямі і напоўненыя апостальскім духам, няхай сваім жыццём і навучаннем яны сведчаць пра Хрыста, адзінага Настаўніка. Няхай супрацоўнічаюць найперш з бацькамі; разам з імі ў цэласным выхаванні няхай улічваюць палавыя адрозненні і тое асаблівае прызначэнне, якім Божы Провід адарыў кожнага ў сям’і і ў грамадстве. Няхай заахвочваюць сваіх выхаванцаў да асабістай дзейнасці, а пасля заканчэння школы няхай працягваюць дапамагаць ім парадай і сяброўствам, у тым ліку і ствараючы адмысловыя аб’яднанні, прасякнутыя эклезіяльным духам. Святы Сабор абвяшчае, што праца гэтых настаўнікаў з’яўляецца сапраўдным апостальствам, найбольш адпаведным і неабходным у наш час, і ў той жа час — сапраўдным служэннем грамадству. Сабор нагадвае бацькам-католікам пра іх абавязак аддаваць, па меры магчымасці, сваіх дзяцей у каталіцкія школы, а таксама ўсяляк падтрымліваць гэтыя школы і супрацоўнічаць з імі для дабра сваіх дзяцей 28. 9. Хоць каталіцкая школа можа прымаць розныя формы ў залежнасці ад мясцовых умоў, усе школы, якія нейкім чынам залежаць ад Касцёла, павінны адпавядаць яе крытэрыям 29. Касцёл таксама вельмі шануе і тыя каталіцкія школы, якія, асабліва на тэрыторыях маладых Касцёлаў, наведваюць таксама вучні-некатолікі. Пры стварэнні каталіцкіх школ і ў кіраванні імі неабходна ўлічваць патрэбы сённяшняга прагрэсу. Таму, акрамя падтрымкі пачатковых і сярэдніх школ, якія складаюць фундамент выхавання, трэба высока цаніць і тыя школы, якія асабліва неабходны з увагі на сучасныя ўмовы, а менавіта: прафесійныя 30 і тэхнічныя школы; установы, прызначаныя для адукацыі дарослых і развіцця сацыяльнай дапамогі, а таксама для тых, хто з прычыны прыродных недахопаў патрабуе асаблівай апекі; школы, дзе настаўнікі атрымліваюць падрыхтоўку як для рэлігійнага выхавання, так і для іншых форм адукацыі. Святы Сабор настойліва заклікае пастыраў Касцёла і ўсіх хрысціянаў ахвярна дапамагаць каталіцкім школам, каб яны маглі больш паспяхова выконваць свае заданні і клапаціцца найперш пра патрэбы матэрыяльна бедных людзей і тых, хто пазбаўлены дапамогі і любові сям’і, а таксама тых, хто не мае дару веры. 10. Касцёл таксама рупіцца пра вышэйшыя школы, асабліва універсітэты і факультэты. Найперш, ва ўсіх падпарадкаваных яму школах ён імкнецца, каб кожны прадмет вывучаўся паводле сваіх уласных прынцыпаў, метадаў, пры наяўнасці свабоды, уласцівай навуковаму пошуку, каб разуменне гэтых прадметаў штодня станавілася ўсё больш глыбокім, каб, дакладна разглядаючы новыя пытанні і праводзячы даследаванні згодна з навучаннем доктараў Касцёла, асабліва св. Тамаша Аквінскага 31, можна было глыбей пазнаць, як вера і розум вядуць да адной праўды. Такім чынам, прысутнасць хрысціянскага мыслення павінна публічна, моцна і ўсебакова выяўляцца ва ўсім імкненні развіваць вышэйшую культуру, а выхаванцаў такіх навучальных устаноў трэба рыхтаваць так, каб яны былі людзьмі сапраўды глыбокіх ведаў, гатовымі выконваць самыя важныя абавязкі ў грамадстве, і сведкамі веры ў свеце 32. У каталіцкіх універсітэтах, дзе няма факультэта тэалогіі, павінен існаваць інстытут ці кафедра тэалогіі, дзе чыталіся б лекцыі, дастасаваныя таксама да свецкіх студэнтаў. Паколькі навука развіваецца перш за ўсё дзякуючы спецыяльным даследаванням, якія маюць вялікае навуковае значэнне, у каталіцкіх універсітэтах і факультэтах трэба падтрымліваць найперш тыя інстытуты, якія займаюцца ў асноўным развіццём навуковых даследаванняў. Святы Сабор настойліва рэкамендуе развіваць каталіцкія універсітэты і факультэты, мэтанакіравана размешчаныя ў розных частках свету, каб яны вылучаліся не толькі колькасцю, але і ўзроўнем даследаванняў. Паступленне ў іх павінна быць заўсёды адкрыта для асабліва здольнай моладзі, нават калі ў яе недастаткова сродкаў. Перадусім гэта датычыць тых, хто паходзіць з развіццёвых краін. Паколькі лёс грамадства і самога Касцёла шчыльна звязаны з поспехам маладых людзей, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю 33, пастыры Касцёла павінны старанна клапаціцца пра духоўнае жыццё выхаванцаў, і не толькі тых, якія наведваюць каталіцкія універсітэты: пры наяўнасці агульнай згоды паміж біскупамі няхай пастыры, клапоцячыся пра духоўнае выхаванне ўсіх сваіх дзяцей, садзейнічаюць таму, каб таксама пры некаталіцкіх універсітэтах былі каталіцкія інтэрнаты і універсітэцкія цэнтры, у якіх святары, духоўныя і свецкія, старанна падабраныя і падрыхтаваныя, давалі б сталую духоўную і інтэлектуальную дапамогу універсітэцкай моладзі. Найбольш здольных маладых людзей з каталіцкіх і з іншых універсітэтаў, якія маюць настаўніцкія ці навукова-даследчыя здольнасці, трэба выхоўваць з асаблівым клопатам і скіроўваць да выкладчыцкай дзейнасці. 11. Касцёл шмат чакае ад факультэтаў сакральных дысцыплін 34, бо даверыў ім вельмі важны абавязак: рыхтаваць сваіх выхаванцаў не толькі да святарскага служэння, але найперш да выкладання ў касцёльных вышэйшых навучальных установах або да асабістай навукова-даследчай працы, або да выканання найбольш складаных функцый інтэлектуальнага апостальства. Гэтыя факультэты таксама займаюцца больш грунтоўнымі даследаваннямі розных аспектаў сакральных дысцыплін, каб дасягнуць больш глыбокага разумення святога Аб’яўлення, каб пашырыць доступ да перададзенай продкамі спадчыны хрысціянскай мудрасці, каб падтрымліваць дыялог з адлучанымі ад нас братамі і нехрысціянамі, а таксама адказваць на пытанні, якія ўзнікаюць у выніку навуковага прагрэсу 35. Таму каталіцкія факультэты, перагледзеўшы належным чынам свае законы, няхай старанна развіваюць сакральныя дысцыпліны і тыя, што з імі звязаны, а таксама, выкарыстоўваючы сучасныя метады і сродкі, рыхтуюць сваіх навучэнцаў да больш глыбокіх даследаванняў. 12. Супрацоўніцтва, якое штодня ўзрастае на дыяцэзіяльным, нацыянальным і міжнародным узроўнях і становіцца ўсё больш неабходным, у большай ступені патрэбна і ў галіне адукацыі. Таму павінны выкарыстоўвацца ўсе сродкі для каардынацыі дзейнасці ўсіх каталіцкіх школ і для ўстанаўлення паміж імі і іншымі школамі супрацоўніцтва, якога патрабуе агульнае дабро ўсяго чалавецтва 36. Больш дакладная каардынацыя і сумесная праца прынясуць самыя шчодрыя плады, асабліва ў вышэйшых навучальных установах. Таму розныя факультэты кожнага універсітэта павінны дапамагаць адзін аднаму, наколькі дазваляе іх спецыялізацыя. Няхай універсітэты імкнуцца да цеснага супрацоўніцтва, арганізоўваючы міжнародныя канферэнцыі і сустрэчы, дзелячыся навуковымі даследаваннямі і вынаходствамі, абменьваючыся часова выкладчыкамі і, нарэшце, развіваючы ўсё, што можа садзейнічаць умацаванню супрацоўнітва. ЗАКАНЧЭННЕ Святы Сабор настойліва заклікае маладых людзей, каб яны, усведамляючы важнасць справы выхавання, выяўлялі велікадушную гатоўнасць далучыцца да яе, асабліва ў тых краінах, дзе з-за недахопу настаўнікаў выхаванне моладзі знаходзіцца пад пагрозай. Святы Сабор выказвае глыбокую падзяку тым святарам, кансэкраваным асобам і свецкім, якія ў духу Евангелля займаюцца высакароднай справай выхавання і выкладання ў школах любога тыпу і ўзроўню, і заахвочвае іх самааддана працягваць распачатае імі служэнне, імкнучыся выхоўваць сваіх вучняў у Хрыстовым духу, паляпшаць сваё педагагічнае майстэрства, паглыбляць веды, каб не толькі садзейнічаць унутранаму аднаўленню Касцёла, але захоўваць і павялічваць яго дабратворны ўплыў на сучасны свет, асабліва ў інтэлектуальнай сферы. Усё, што абвешчана ў гэтай Дэкларацыі — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.Рым, у св. Пятра, 28 кастрычніка 1965г.
Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА (Ідуць подпісы Айцоў)
Першапачатковы тэкст некалькі разоў перапрацоўваўся. Быў прадстаўлены на абмеркаванне ў 1964 годзе і абнародаваны на заключнай сесіі 28 кастрычніка 1965 года. Згодна з саборнай канцэпцыяй дыялога Касцёла з сучасным светам дакумент станоўча ацэньвае культурнае развіццё і падтрымлівае права кожнага чалавека на належную адукацыю, служэнне развіццю асобы і яе інтэграцыі ў сучаснае грамадства. Першыя выхаваўцы — гэта бацькі, якія павінны мець дастатковую падтрымку з боку дзяржавы і Касцёла для ажыццяўлення сваёй задачы выхавання, асабліва ў школах на ўсіх яе ступенях. Дакумент прызнае значэнне каталіцкай школы, патрабуе прысутнасці католікаў таксама ў свецкіх установах, жадае, каб каталіцкія універсітэты, культывуючы розныя дысцыпліны ў свабодзе навуковых даследаванняў, імкнуліся падтрымліваць еднасць веры і розуму і дзейнічаць, дзе гэта магчыма, у супрацоўніцтве з дзяржаўнымі універсітэтамі.
q Сярод шматлікіх дакументаў, якія сведчаць пра значэнне выхавання, гл. перад усім: BENEDICTUS XV, Ep. Apost. Communes Litteras, 10 apr. 1919: AAS 11 (1919), p. 172. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, 31 dec. 1929: AAS 22 (1930), pp. 49-86. PIUS XII, Allocutio ad Iuvenes A. C. I., 20 apr. 1946: Discorsi e Radiomessaggi VIII, pp. 53-57. — Allocutio ad Patres familias Galliae, 18 sept. 1951: Discorsi e Radiomessaggi XIII, pp. 241-245. IOANNES XXIII, Nuntius tricesimo exacto anno ex quo Litt. Encycl. Divini Illius Magistri editae sunt, 30 dec. 1959: AAS 52 (1960), pp. 57-59. PAULUS VI, Allocutio ad sodales F. I. D. A. E. (Federazione Istituti Dipendenti dall’Autoritа1 Ecclesiastica), 30 dec. 1963: Encicliche e Discorsi di S. S. Paolo VI, 1 Roma 1964, pp. 601-603. Insuper conferantur Acta et Documenta Concilio Oecumenico Vaticano II apparando, series I, Antepraeparatoria, vol. III, pp. 363-364, 370-371, 373-374. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961) pp. 413, 415-417, 424. — Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963) p. 278s. Пар. Professio Universalis iurium humanorum (Dйclaration des droits de l’homme) die 10 dec. 1948 a Foederatarum Nationum Coetu generali rata habita; і пар. Dйclaration des droits de l’enfant, 20 nov. 1959; Protocole additionnel а1 la convention de sauvegarde des droits de l’homme et des libertйs fondamentales, Parisiis, 20 mart. 1952; пра Дэкларацыю правоў чалавека гл. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963), p. 295s. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), p. 402. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, n. 17: AAS 57 (1965), p. 21. PIUS XII, Nuntius radiophonicus datus 24 dec. 1942: AAS 35 (1943), pp. 12, 19. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963), p. 259s. Пар. Declarationes iurium hominis, laudatas in nota 3. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, 31 dec. 1929: AAS 22 (1930), p. 50s. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), p. 441s. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 83. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, n. 36: AAS 57 (1965), p. 41s. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, nn. 12-14. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 59s.; Litt. Encycl. Mit brennender Sorge, 14 martii 1937: AAS 29 (1937), p. 164s. PIUS XII, Allocutio ad primum congressum nationalem Consociationis Italicae Magistrorum catholicorum (A.I.M.C.), 8 sept. 1946: Discorsi e Radiomessaggi VIII, p. 218. Пар. CONC. VAT. II, Constitutio dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 11 et 35: AAS 57 (1965), pp. 16 et 40s. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 63s. PIUS XII, Nuntius radiophonicus datus 1 iunii 1941: AAS 33 (1941) p. 200; Allocutio ad primum Congressum nationalem Consociationis Italicae Magistrorum catholicorum, 8 sept. 1946: Discorsi e Radiomessaggi VIII, p. 218. Пра прынцып субсідыярнасці гл. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963), p. 294. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., pp. 53s., 56s. Litt. Encycl. Non abbiamo bisogno, 29 iunii 1931: AAS 23 (1931), p. 311s. PIUS XII, Litt. Secretariae Status ad XXVIII Hebdomadam Soc. Ital. 20 sept. 1955: L’Osservatore Romano, 29 sept. 1955. Касцёл ухваляе тыя мясцовыя, нацыянальныя і міжнародныя грамадзянскія ўлады, якія, разумеючы вялікую неабходнасць нашага часу, прыкладваюць намаганні, каб усе народы мелі большы доступ да выхавання і чалавечай культуры. Пар. PAULUS VI, Allocutio in Consilio Nationum Unitarum, 4 oct. 1965: AAS 57 (1965), pp. 877-885. Пар. PIUS XI, Motu proprio Orbem catholicum, 29 iunii 1923: AAS 15 (1923), pp. 327-329. Decr. Provido sane, 12 ian. 1935: AAS 27 (1935), pp. 145-152. CONC. VAT. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, nn. 13 et 14. Пар. CONC. VAT. II, Constit. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 14: AAS 56 (1964), p. 104. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de instrumentis communicationis socialis, Inter mirifica, nn. 13 et 14: AAS 56 (1964), p. 149s. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 76; PIUS XII, Allocutio ad Associationem Magistrorum Catholicorum Bavariae, 31 dec. 1956: Discorsi e Radiomessaggi XVIII, p. 746. Пар. CONC. PROV. CINCINNATENSE III, a. 1861: Collectio Lacensis, III, col. 1240, c/d; PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., pp. 60, 63s. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 63; Litt. Encycl. Non abbiamo bisogno, 29 iunii 1931: AAS 23 (1931), p. 305. PIUS XII, Litt. Secretariae Status ad XXVIII Hebdomadam Soc. Ital., 20 sept. 1955: L’Osservatore Romano, 29 sept. 1955. PAULUS VI, Allocutio ad Associationem Christianam Operariorum Italiae (A. C. L. I.), 6 oct. 1963: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, I, Roma 1964, p. 230. Пар. IOANNES XXIII, Nuntius tricesimo exacto anno ex quo Litt. Encycl. Divini Illius Magistri editae sunt, 30 dec. 1959: AAS 52 (1960), p. 57. Касцёл высока ацэньвае тую апостальскую дзейнасць, якую вядуць у гэтых школах каталіцкія настаўнікі і іх вучні. Пар. PIUS XII, Allocutio ad Associationem Magistrorum Catholicorum Bavariae, 31 dec. 1956: Discorsi e Radiomessaggi XVIII, p. 745s. Пар. CONC. PROV. WESTMONASTERIENSE I, a. 1852: Collectio Lacensis III, col. 1334, a/b.; PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 77s.; PIUS XII, Allocutio ad Associationem Magistrorum Catholicorum Bavariae, 31 dec. 1956: Discorsi e Radiomessaggi XVIII, p. 746; PAULUS VI, Allocutio ad sodales F. I. D. A. E. (Federazione Istituti Dipendenti dall’Autoritа Ecclesiastica), 30 dec. 1963: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, I, Roma 1964, p. 602s. Пар. асабліва дакументы, згаданыя ў спасылцы 1; больш за тое, гэтае права Касцёла сцвярджаюць многія мясцовыя Сіноды, а таксама апошнія Дэкларацыі многіх Канферэнцый Біскупаў. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 80s.; PIUS XII, Allocutio ad Consociationem Catholicam Italicam Magistrorum scholarum secundariarum (U. C. I. I. M.), 5 ian. 1954: Discorsi e Radiomessaggi, XV, pp. 551-556; IOANNES XXIII, Allocutio ad VI Congressum Associationis Italicae Magistrorum Catholicorum (A. I. M. C.), 5 sept. 1959: Discorsi, Messaggi, Colloqui, I, Roma 1960, pp. 427-431. Пар. PIUS XII, Allocutio ad Consociationem Catholicam Italicam Magistrorum scholarum secundariarum (U. C. I. I. M.), 5 ian. 1954, l. c., p. 555. Пар. PAULUS VI, Allocutio ad Officium Internationale Educationis Catholicae (О. I. E. C.), 25 febr. 1964: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, II, Roma 1964, p. 232. Пар. PAULUS VI, Allocutio ad Associationem Christianam Operariorum Italiae (A. C. L. I.), 6 oct. 1963: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, I, Roma 1964, p. 229. Пар. PAULUS VI, Allocutio ad Associationem Christianam Operariorum Italiae (A. C. L. I.), 6 oct. 1963: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, I, Roma 1964, p. 229. Пар. PIUS XII, Allocutio ad magistros et alumnos Institutorum Superiorum Catholicorum Galliae, 21 sept. 1950: Discorsi e Radiomessaggi, XII, pp. 219-221; Ep. ad XXII Congressum «Pax Romana», 12 aug. 1952: Discorsi e Radiomessaggi, XIV, pp. 567-569; IOANNES XXIII, Allocutio ad Foederationem Universitatum Catholicarum, 1 apr. 1959: Discorsi, Messaggi, Colloqui, I, Roma 1960, pp. 226-229; PAULUS VI, Allocutio ad Senatum Academicum Universitatis Catholicae Mediolanensis, 5 apr. 1964: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, II, Roma 1964, pp. 438-443. Пар. PIUS XII, Allocutio ad Senatum Academicum et alumnos Universitatis Romanae, 15 iunii 1952: Discorsi e Radiomessaggi, XIV, p. 208: «La direzione della societа1 di domani и principalmente riposta nella mente e nel cuore degli universitari di oggi» (Пачатак кіраўніцтва заўтрашнім грамадствам закладваецца ў першую чаргу ў розумах і сэрцах сённяшніх студэнтаў). Пар. PIUS XI, Const. Apost. Deus Scientiarum Dominus, 24 maii 1931: AAS 23 (1931), pp. 245 -247. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Humani Generis, 12 aug. 1950: AAS 42 (1950), pp. 568s., 578; PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam Suam, Pars III, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), pp. 637-659; CONC. VAT. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis Redintegratio, AAS 57 (1965), pp. 90-107. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963), p. 284 et passim.
|