Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі
17.07.2008 13:51

Размова з прафесарам кс. Альфонсам Скаўронкам

Прафесар кс. Альфонс Скаўронак (нар. у 1928 г. у Пякарах Слёнзскіх) — адзін з найбольш вядомых польскіх тэолагаў. Больш за 20 гадоў выкладаў у Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве, дзе заснаваў кафедру Экуменічнай тэалогіі, якою кіраваў да 1993 г. Уваходзіў у склад рэдакцыі міжнароднага тэалагічнага агляду «Concilium». Быў таксама душпастырам нямецкамоўных католікаў у Варшаве. У апошнія гады апублікаваў кнігі «Сакрамэнты ў экуменічным профілі» (5 тамоў), «Анёлы ёсць сярод нас», «Хто такі Езус з Назарэту?». 29 чэрвеня кс. Скаўронак адзначыў залаты юбілей святарства.

— У гэтым годзе спаўняецца 150 гадоў з дня абвяшчэння догмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Чаму гэта зроблена толькі праз васемнаццаць стагоддзяў існавання хрысціянства? У дадатак гэта зрабіў сам Папа, хоць раней догматы абвяшчаліся ўсімі сабранымі на Саборы біскупамі свету...

— Заўважым, што, напрыклад, догмат аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны яшчэ пазней — толькі ў ХХ стагоддзі. Адносна «хуткай» дагматызацыі дачакаўся толькі першы і найважнейшы марыйны догмат аб Яе Божым мацярынстве — ужо ў 431 г. на Эфескім Саборы. Адбылося гэта без ўрачыстай пракламацыі, але на падставе старых сімвалаў хросту (вызнанняў веры пры прыняцці гэтага сакрамэнту з ІІІ і ІV ст.). Інстытут Настаўніцтва Касцёла выказваўся яшчэ пра дзявоцтва Марыі (у акце зачацця Езуса, а таксама Яе дзявоцтва пасля нараджэння Сына).

Перадусім пералічаныя праўды з’яўляюцца не марыйнымі догматамі, а хрысталагічнымі, дакладней — хрыстацэнтрычнымі. А значыць, гэта звеннявыя формы развіцця біблійнага сведчання аб Хрысце — падобна да таго, як у ружанцовай малітве, якая па сваёй сутнасці зусім не марыйная малітва, хоць усімі чатырма сваімі часткамі складае набажэнства, у якім ідзе разважанне над таямніцамі жыцця Езуса Хрыста.

Абвяшчэнне догматаў Саборамі або толькі самім Папам адлюстраванае суадносінамі 2:2. Апрача Беззаганнага Зачацця толькі адзін з чатырох пералічаных — а менавіта догмат аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі — быў абвешчаны Папам Піем ХІІ без Сабору, але і не асабіста, таму што гэты Папа на працягу многіх гадоў перад абвяшчэннем догмату кансультаваўся з епіскапатамі і вернікамі ўсяго свету. Гэта прыгожы прыклад так званай эвалюцыі догмату, умацавання свядомасці веры ва ўсім людзе Божым.

— Некаторыя людзі, гаворачы пра Беззаганнае Зачацце, маюць на ўвазе зачацце Езуса ва ўлонні Марыі, у той жа час размова ідзе пра само зачацце Яго Маці...

— Сапраўды, гэтае непаразуменне даволі паўсюднае, і настаўнікі веры бяруць яго пад увагу і карэктуюць. У догмаце аб Беззаганным Зачацці напісана, што Марыя была зачатая сваёю маці Ганнаю без першароднага граху. Але найважнейшым з’яўляецца іншае, цяжкае да выкаранення непаразуменне, паводле якога гэты працэс зачацця Марыі, як выключны сярод многіх іншых, павінен кідаць цень першароднага граху на ўсе астатнія зачацці. З падобнымі інтэрпрэтацыямі наш догмат не мае нічога супольнага. Ці мог Бог назваць зачацце нячыстым актам, калі да гэтага сам стварыў чалавека, каб ён далей перадаваў струмень жыцця? Створца нават уключыў гэтую дзейнасць чалавечай пары ў кансэкраваную прастору сакрамэнтаў! Пра паводзіны ў гэтым акце бацькоў Марыі наш догмат увогуле не гаворыць. Затое плод іх дзейнасці (Марыя) знаходзіўся з першага моманту свайго існавання ў самай блізкай лучнасці з Богам, якую першапачаткова мелі прабацькі, а потым яе страцілі.

— Не ўсе тэолагі і нават святыя згаджаліся з тым, што Марыя была беззаганна зачатая. Напрыклад, св. Тамаш Аквінскі быў рашучым праціўнікам такога сцвярджэння...

— Вы закранаеце чарговую блытаніну паняццяў. Адказваю контрпытаннем: «Ці мог Аквінскі (каля 1225–1274) не пратэставаць?!». Беззаганнае Зачацце было для яго праўдай, якая супярэчыла аўгустынскай традыцыі аб паўсюднасці першароднага граху, а значыць неабходнасці збаўлення ўсіх людзей, таму што ставілася пад сумненне хрысталагічнае і сатэрыялагічнае вучэнне веры, паводле якога Бог у Езусе Хрысце адкупіў усіх людзей без выключэння. Цяжкасцяў таксама дадаваў аўгустынскі тэзіс аб наследаванні першароднага граху шляхам перадачы жыцця бацькамі; гэты натуральны акт заўсёды прымаўся ў адносінах да зачацця Марыі (Ганнаю і Яўхімам). Таму св. Тамаш, а разам з ім уся дамініканская школа, радыкальна пярэчылі вучэнню аб Беззаганным Зачацці.

— Увогуле, чаму мы ўшаноўваем Марыю?

— Марыйны культ з’яўляецца поўным пашаны адказам вернікаў на гістарычную збаўчую місію Марыі і знаходзіць сваё выяўленне ў актах даверу, падзякі, заклікаў і малітве-просьбе аб заступніцтве. У пытанні культу разважлівую пазіцыю заняў Другі Ватыканскі Сабор. Да Марыі Сабор звяртаецца ў 8 раздзеле Дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле (а не ў асобным дэкрэце, як гэтага жадала шматлікая група Айцоў Сабору), а таксама праз выразнае ўказанне на тое, што ў паўсюднасці збаўлення існуе толькі адно адзінае пасрэдніцтва, а менавіта — Езуса Хрыста (КК 60). Некаторыя з тых жа Айцоў выказваліся за абвяшчэнне новага марыйнага догмату аб Марыі як Пасрэдніцы ўсялякіх ласкаў. Марыя ў Касцёле, як Дзева і Маці, з’яўляецца ўзнёслым першавобразам (КК 63), да якога прыпадабняецца Касцёл, што «пастаянна дзейнічае ў веры, надзеі і любові, шукаючы ва ўсім Божую волю» (КК 65). Марыя сама крочыць «у пілігрымцы веры» (КК 58). Марыйны культ можна разумець тэалагічна толькі з боку Езусавага пасрэдніцтва збаўлення і да яго адносіць культ.

— Калісьці Маці Божую надзялілі шматлікімі маляўнічымі тытуламі, але асабліва сёння падкрэсліваецца, што Яна з’яўляецца першаю хрысціянкаю. Чым была прадыктавана такая змена погляду на Марыю?

— Гэта была так званая марыялогія прывілеяў, «гірлянды» якіх спрабавалі плесці і ўпрыгожваць імі без абмежавання і бясконца. Такі тып упрыгожвання вобразу Марыі сёння, на шчасце, застаўся ў мінулым. У ім заключалася рэальная небяспека нівеліравання годнага ўшанавання Маці Пана, бо прывілеі могуць выклікаць захапленне і адначасова аддаляць вернікаў ад культу постаці недасяжнай хвалы, якая знікае ў аблоках. Да гэтага разумення набліжана зараджэнне марыйнага культу ў Сярэднявеччы. Акрэслены ў той час народнымі прапаведнікамі вобраз Бога як справядлівага і няўмольнага Суддзі паўплываў на шуканне паратунку людзей пад «плашчом» Маці Езуса ў шматлікіх марыйных санктуарыях. «А калі Айцец разгневаны карае, шчаслівы, хто ў Маці паратунку шукае», — да сённяшняга дня звяртаюцца вернікі да Марыі ў адной з папулярных песняў. Проста гратэскавым момантам гэтай кампазіцыі, акрамя таго, з’яўляецца акалічнасць, у якой Марыя выступае ў ролі сужонкі Бога Айца...

Сёння мы прагнем скіраваць нашыя малітвы, як кажа Пан, да Марыі як да нашай старэйшай сястры, а можа нават лепш — першай вучаніцы Езуса. Падыходжу да другой часткі вашага пытання, становячыся разам з Марыяй пад крыжам, дзе Яна пачула словы 21-га Псальма: «Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне?». У сваёй веры ў Сына Яна ў стане прыняць з Яго вуснаў слова «жанчына», якім Ён хоча яшчэ раз паказаць, што перавышае Яе. Марыя зносіць і тое, што Ён ужо не Яе Сын, і з гэтага часу ім павінен быць хтосьці іншы: Ян, які стаяў побач з Ёю. Той, які да гэтага часу быў Яе Сынам, сам стаў на вяршыні стварэння перад Богам справядлівасці як Збаўца і Пасрэднік свету. Але менавіта цяпер Яна стала больш блізкай Яму, чым гэтага можна было дасягнуць моцаю наймацнейшай цялеснай сувязі. Пад крыжам Марыя стала ў найбольшай ступені вучаніцаю Свайго Сына. Калі першы раз жанчына з народу пачала праслаўляць Марыю за яе мацярынства, Езус ухваліў гэтае благаславенне і пашырыў яго, гаворачы: «Так, але шчаслівыя тыя, хто чуе слова Божае і выконвае яго» (гл. Лк 11, 27). Езусаву Маці трэба праслаўляць, бо Яна належыць да тых людзей, якія слухаюць Божае слова і ў веры выконваюць яго. Пад крыжам Марыя набыла сваё найбольшае значэнне ў гісторыі збаўлення.

— Колькасць марыйных святаў у літургічным календары значна перавышае колькасць святаў у гонар Асобаў Найсвяцейшай Тройцы. Уласна кажучы, няма дня, калі б у якім-небудзь кутку зямлі мясцовы Касцёл не адзначаў нейкай марыйнай урачыстасці. Як можна пагадзіць гэтыя шматлікія формы ўшанавання Маці Божай з тым, што ў цэнтры хрысціянскай веры павінен быць Езус Хрыстус?

— На адным уздыху можна было б пералічваць далей: цэлыя два марыйныя месяцы ў годзе, шматлікія марыйныя святыні, моцна абуджаны пілігрымкавы рух да мясцовых і замежных цудадзейных марыйных абразоў і фігур і г.д. Аднак хацелася б затрымацца на пэўных больш агульных тэалагічных фактах.

У гаворцы аб Марыі тэалогіі належыць (таксама) функцыя нагляду ў спецыфічным значэнні гэтага слова. Тэалогія павінна сысці (у прынцыпе, напэўна, ужо сышла) з віражу паняццевых спекуляцый і стаць (што, напэўна, ужо зрабіла або робіць) на шлях, які вядзе да паўнаты жыцця чалавека малітваю. Ушаноўваючы на малітве Марыю, сёння мы ўсведамляем псіхалагічную небяспеку пагружэння ў сентыментальнасць, летуценні, якія вядуць да слепаты і страты свабоды рухаў і да фальсіфікацыі Евангелля. Адчуваем псіхалагічную патрэбу колькаснага і якаснага вымярэння нашай марыйнай пабожнасці і не баімся ўжо больш ўвядзення антрапалагічных элементаў у нашы суадносіны з трансцэдэнтнасцю, у рэалізацыі якіх значную ролю адыгрывае сінтэз розуму, сэрца і пачуцця супольнасці; гэтая трохгучнасць належыць да сутнасці рэлігійнай цэлебрацыі.

У падобным сцвярджэнні крыецца важкае пытанне адносна нашых братніх евангелічных Цэркваў. Ці павінна быць яшчэ марыйная пабожнасць непераадольнаю падставаю для абурэння? Ці для нашай веры марыйная пабожнасць не з’яўляецца шанцам у яе хрысціянскім развіцці веры? Безумоўна, тут існуе праблема веравызнаўчай тоеснасці, і калі для каталіцкіх Касцёлаў гэтая праблема азначае, што марыйнага элементу мы не павінны страціць, то евангелічным Цэрквам указвае на тое, што раптоўна яны не могуць дазволіць сабе прадпісання культу марыйнай пабожнасці. Аднак смелае і няспыннае аказванне пашаны Марыі было б ужо вялікім экуменічным дарам.

Перад католікамі стаіць рашучае пытанне: «У якой ступені марыйная пабожнасць з’яўляецца абавязковай?». Але такое пытанне можна лічыць дрэнна сфармуляваным. Ва ўсялякім разе, у сферы формулаў веры і рэлігійных практык сённяшняя тэалогія не будзе сцвярджаць таго, што марыйная аснова “неабходная для збаўлення”. Усё ж такі існуюць біблійныя асновы ўспрымання Марыі, якіх ніводны хрысціянін не зможа абмінуць без сур’ёзнага роздуму. «Марыя належыць да Евангелля», — так гучыць назва выдадзенага ў 1975 г. вялікага «Евангелічнага катэхізіса для дарослых» (“Evangelisher Erwachsenenkatechismus”), у якім далей напісана: «Марыя з’яўляецца не толькі каталіцкай, але і евангелічнай». Супраць гэтага простага сцвярджэння не запратэстуе ніводны пратэстант. Тут узнікае пытанне, якое нельга абмінуць: ці існуе прычына для ігнаравання марыйнай пабожнасці і касцёльнай традыцыі або перасцярогі ад гэтай пабожнасці?

— Усё ж такі надалей існуе перакананне, што пратэстанты, адкідваючы культ святых, перасталі таксама ўшаноўваць Марыю. Але нам вядомы вельмі прыгожы каментар Марціна Лютэра да Magnificat, які з’яўляецца праяваю яго глыбокай марыйнай пабожнасці...

— Калі б толькі Magnificat! Хацелася б цытаваць выказванні Лютэра на марыйную тэму з многіх іншых лістоў, але ў дадзены момант гэта немагчыма. Маю перад сабою твор евангелісцкага тэолага Вальтэра Тапалета “Marienlob der Reformatoren” (“Праслаўленне Марыі рэфарматарамі”) з найбагацейшаю скарбніцаю марыйных выказванняў Марціна Лютэра, Жана Кальвіна, Ульрыха Цвінглі і Генрыка Булінгера. Абапіраючыся на шматлікія экуменічныя даследаванні аб Марыі, узнік нават праект абрання Маці Езуса «Апякункаю экуменізму». Гэтую думку выказаў у 1982 г. каталіцкі біскуп Хэльмут Вітлер з Оснабрука, які пісаў: «Мы хацелі б мець надзею, што ўшанаванне пакорнай Слугі Панскай, для якой Усемагутны ўчыніў столькі цудаў, у будучыні не будзе рабіць перашкоды, але стане шляхам і кропкай сутыкнення для ўсталявання еднасці ўсіх, хто верыць у Хрыста». На самай справе, астатнія адрозненні ў марыйным пытанні не апраўдваюць падзелу хрысціян.

— Пашана, якую мы аказваем Марыі, з’яўляецца адной з тэмаў экуменічнага дыялогу. Ці ўдалося ўжо знайсці агульныя элементы для розных хрысціянскіх традыцый у поглядах на Маці Хрыста?

— Папа Павел VI, а яшчэ больш Ян Павел ІІ, нястомна падкрэсліваюць, што ў экуменізме агульныя элементы празмерна дамінуюць над тым, што нас падзяляе. Аднак часта можна заўважыць, што гэтыя шматлікія сувязі раптоўна змяншаюцца пры вымаўленні двух імёнаў: Марыя і Пётр. Невыпадкова іх выкідаюць з экуменічнага дыялогу, можа быць і таму, што дыскусіі вакол іх асобаў былі безвыніковымі. Але нягледзячы на гэта, напр., двухбаковы дыялог рабочай групы Канферэнцыі біскупаў Германіі з Аб’яднанаю Евангелісцка-Лютэранскаю Царквою Германіі прынёс плён вельмі важным дакументам “Communio Sanctorium” («Касцёл як супольнасць святых», 2000 г. ). На апошніх старонках гэтага дакумента ідзе размова пра марыялагічны дыялог, які для евангелісцкіх хрысціянаў мае шмат перашкодаў. Яны галоўным чынам зводзяцца да дзвюх: евангелісты абураныя дагматызацыяй Беззаганнага Зачацця (1854 г.) і Унебаўзяццем Марыі (1950 г.), паколькі і адно, і другое не мае непасрэдных спасылак на Святое Пісанне. Для каталіцкага мыслення гэтыя «новыя» марыйныя догматы паўстаюць з медытацыйнага разважання на працягу стагоддзяў.

— На Вашу думку, што трэба было б зрабіць, каб у марыйнай пабожнасці мы не засяроджваліся на Маці, бо Яна сама пастаянна ўказвае на Сына?

— Пераарыентацыя на Сына была і існуе ў марыйным руху, хоць у мінулым, напэўна, недастаткова выразна. Калі нехта быў адзін раз у Люрдзе, свайго роду мітраполіі марыйнай пабожнасці, мог без цяжкасці ўбачыць хрыстацэнтрычную скіраванасць мясцовых марыйных урачыстасцяў (напр., вялікая начная эўхарыстычная працэсія са свечкамі). У канцы мая бягучага года ў аўстрыйскім горадзе Марыяцэль пад лозунгам «Хрыстус — надзея Еўропы» адбылася марыйная Пілігрымка народаў. Аб гэтым хрысталагічным вымярэнні марыялогіі ніколі не трэба забываць.

У Апостальскай адгартацыі Marialis cultus Павел VI падкрэслівае неабходнасць пастаяннай арыентацыі марыйнай пашаны на Хрыста. Марыйны культ павінен быць абгрунтаваны біблійна, літургічна і ў адпаведнасці з сучаснай антрапалогіяй, а таксама прасякнуты духам экуменізму. У сферы марыялагічных даследаванняў католікі і евангелісты павінны разам схіліцца над біблійнымі крыніцамі марыйнага зместу і іх тэалагічна-гістарычнага развіцця са старажытнасці, праз Сярэднявечча, сучаснасць аж да сённяшняга дня.

 

Размаўляў Павел Бялінскі.
«KAI», № 32 за 2004 г.
Пераклад з польскай мовы
Іны Ламакі

Глядзі таксама
Догмат аб Беззаганным Зачацці ў Апостальскім лісце Папы Пія IX «INEFFABILIS DEUS»

Адноўлена 09.12.2010 10:29
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.