Божае Нараджэнне |
17.07.2008 13:58 |
![]() Як усё чалавецтва калісьці чакала прыйсця Збаўцы, так заўсёды святу Божага Нараджэння папярэднічае Адвэнт - час падрыхтоўкі, час навяртання сэрцаў, час радаснага чакання. Яго завяршае менавіта гэтая вігілійная вячэра. Святочны настрой і прыгожыя, шчырыя пажаданні дабра і шчасця ў гэты вечар спалучаныя са строгім пастом: сярод страваў, якія знаходзяцца на стале, толькі посныя стравы. У тым, што датычыць стала, у свеце і нават у нашай невялікай краіне, існуе шмат розных традыцый і звычаяў. Але ўсе беларускія католікі неадменна распачынаюць вігілійную вячэру з дзялення аплаткай - прэсным белым хлебам, загадзя асвячаным у касцёле. Аплатка - гэта сімвал Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету, і да сканчэння вякоў прабывае з намі ў Хлебе эўхарыстычным. Калі ўсе сабраліся, бацька, або хтосьці самы старэйшы ў сям'і, пры святле свечкі, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку, чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме. Затым, пасля супольнай малітвы, усе бяруць у рукі аплаткі і, падыходзячы адзін да аднаго, абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Пры гэтым трэба падзяліцца аплаткай з кожным, хто ў гэты вечар знаходзіцца за адным сталом. Пасля вячэры ўсёй сям'ёй ідуць у касцёл. Апрача штогадовага адзначэння пасхальнай таямніцы няма нічога больш старажытнага ў Касцёле, чым цэлебрацыя ўспаміну Нараджэння Пана і Яго першых аб'яўленняў. Святая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка - ад лацінскага слова pastor (пастух) - бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі, што ў тую ноч пасвілі непадалёк свой статак. Менавіта яны першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам з імі - іх жывёла. Гэтую памятную сцэну сёння можна ўбачыць у кожным касцёле ў перыяд Божага Нараджэння: у найбольш заўважным месцы падрыхтаваныя яслі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца Яго Маці Марыя, святы Апякун Юзаф, і тут жа побач на сене - вол з вослікам, а крыху наводдаль з пашанаю кленчаць у вялікім здзіўленні сціпла апранутыя пастушкі... Глядзі таксама: Вігілійныя сімвалы |
Адноўлена 15.07.2009 16:43 |