Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Змененыя Пяцідзесятніцай
17.07.2008 14:26
«Праўду кажу вам: лепш для вас, каб Я пайшоў, бо калі Я не пайду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас»
(Ян 16,7)

Гэтым абяцаннем Езус Хрыстус загадзя падрыхтоўваў сваіх вучняў да прыняцця Святога Духа, Духа Суцяшальніка, Духа, які адзіны здольны на працягу ўсёй будучай гісторыі даваць тым, хто прыняў Добрую Навіну, суцяшэнне. «Ён, прыйшоўшы, выкрые свет у грэху і ў праўдзе, і ў судзе» (Ян 16,8). Дык які свет абвінаваціць, прыйшоўшы, Святы Дух? Наш, што патанае ў граху. Гэта менавіта наш свет пазнае тады свой грэх, праўду і суд з пазіцыі вечнасці. Каб прасачыць гэтую дынаміку дзейнасці Святога Духа ў сучасных паслядоўніках Божых вартасцяў і жыцця – хрысціянах, напэўна, трэба сягнуць да вытокаў Касцёла, першахрысціянскай супольнасці, да падзей, удзельнікамі якіх былі першыя вучні Пана Езуса.

Прыгадаем, што адбывалася з апосталамі пасля Унебаўшэсця Хрыста. У Дзеях Святых Апосталаў (1,12-14) сказана, што пасля таго як Пан Езус узышоў у неба, апосталы «вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай», і «падняліся ў святліцу», дзе і знаходзіліся, чакаючы, калі выканаецца абяцанне Хрыста. Але як яны там прабывалі? Будзем памятаць, што ў дзень Унебаўшэсця яны ўжо атрымалі ласку ад Пана супольна чакаць спаслання Святога Духа.

Вось гэтае іхняе малітоўнае духоўнае адзінства і гэтае агульнае прабыванне сталі залогам таго, што адбылося ў Пяцідзесятніцу.

«І калі падыходзіў да канца дзень Пяцідзесятніцы, былі яны ўсе разам». Гэта значыць, што яны трывалі разам на малітве ўсе дзесяць дзён пасля Унебаўшэсця свайго Пана.

Што такое «дзень Пяцідзесятніцы»? Гэта было вялікае юдэйскае свята, свята не толькі Жніва, але яшчэ і Аднаўлення Запавета з Богам, які быў парушаны Ізраэлем і адноўлены пры цары Асе, як пра гэта сказана ў Старым Запавеце (гл.2Кр 15,10-13). Гэтае свята заўсёды адбывалася на 50-ы дзень пасля Пасхі.

І не дзіўна, што менавіта ў гэтае свята адбываецца першае жніво Духа праз Яго Спасланне, калі робіцца бачным першы і галоўны плён Яго служэння на Зямлі. І ў гэты дзень Аднаўлення Запавету прыходзіць у дзеянне і здзяйсняецца ў гісторыі чалавецтва Новы Запавет, які быў заключаны Хрыстом на Крыжы і ў Змёртвыхпаўстанні. Тады ён быў заключаны, а цяпер, у Пяцідзесятніцу 30-га года н.э., ён пачаў дзейнічаць Дарам Святога Духа ў людзях. Ужо не ў адным Хрысце, але ва ўсёй Яго супольнасці, члены якой ад Унебаўшэсця былі разам і ўжо часткова складалі пэўнае духоўнае адзінства, хоць гэтая супольнасць і чакала яшчэ абяцанага спаслання ёй Святога Духа, Суцяшальніка.

«І раптам зрабіўся шум з неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі» (Дз 2,2).

«Раптам». Значыць, людзі хоць і чакалі, хоць, магчыма, і рыхтаваліся, але ўсё ж заставаліся не гатовыя да таго, што адбылося. Для іх Божая дзея была вышэй за іхнюю падрыхтоўку, вышэй за ўсе чалавечыя чаканні, бо адзін толькі Бог ведае час і тэрмін свайго дзеяння і яго выканання.

«Шум». Гэта заўсёды вобраз дзеяння нейкай сілы, чагосьці такога, што перапыняе звычайную плынь жыцця. Гэты шум – першы знак грознага і моцнага «ветру» з Неба, ад Пасаду Усявышняга, які з’явіўся апосталам. Гэта – яўны знак дзівоснай сілы Духа.

«Вецер». На старажытнагабрэйскай мове «руах» азначае тое ж, што і слова «дух». Прыгадаем тут «малую Пяцідзесятніцу», калі Пан Езус дзьмухнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога». Так Пяцідзесятніца стала нібы мабілізацыяй да чакання прыняцця нязнанага і неўсвядомленага.

Шум «напоўніў увесь дом, дзе яны былі». Гэта вельмі цікава: Дух, Вецер, які прыйшоў з шумам, напоўніў увесь дом. Ён, бязмежны, абмяжоўваецца!.. Здавалася б, калі ўсюдыісны і па сваім дзеянні бязмежны Бог пасылае свайго таксама бязмежнага Духа, то гэты Дух павінен запоўніць не толькі дом, не толькі Ерузалем, не толькі Юдэю і г.д., а ўвогуле – увесь свет. Адбываецца ж штосьці іншае – дзеянне Божага Духа лакалізуецца. Чаму? Таму, што хоць Божы Дух і бязмежны, але ж мы застаемся абмежаванымі. Божы Дух у адрозненне ад фізічнага ветру і нашых абстрактных уяўленняў пра Бога ўваходзіць у чалавечае сэрца, якое ў пэўнай ступені ўжо адкрыта для Бога, ужо гатова прыняць гэты Дух. Менавіта такія людзі, ужо адкрытыя для Бога і гатовыя прыняць Яго Дух, знаходзіліся тады ў святліцы, адзінадушныя ў сваім чаканні.

Пасля таго як шум Ветру, Духа напоўніў увесь дом, над апосталамі «з’явіліся языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусціліся па адным на кожнага з іх» (Дз 2,3).

Пра тое, што Бог – гэта Агонь, які здольны адных спапяліць, а іншых, адкрытых для Яго, сагрэць і нібы пераплавіць, высвеціць ды перамяніць знутры, мы ведаем яшчэ са Старога Запавету.

Аднак на Пяцідзесятніцу апосталам і іх блізкім адкрылася штосьці большае: ад Бога з’явіліся не проста нейкія вогненныя языкі, але яны яшчэ і «апусціліся па адным на кожнага».Чаму? Таму што гэта – аб’яўленне поўні Духа, а Бог кожнаму асабіста пасылае Свой дар Святога Духа.

Божы Дух ніколі не бывае бясплодным, усялякае Яго ўздзеянне прыносіць плён. Апосталы, як і ўсе члены гэтай супольнасці, аказаліся настолькі духоўна адзінымі, узаемнапранікнёнымі, што яны «напоўніліся ўсе (адным) Святым Духам і (усе разам, цяпер ужо якасна новыя, як поўныя члены толькі што народжанага новазапаветнага Касцёла) пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць» (Дз 2,4).

Апосталы гаварылі на вялікай мове Духа, поўнага адзінства з Богам і бліжнімі. Магчыма, гэтаю моваю стала мова чалавечага сэрца, мова дабрыні, адкрытасці і любові... Гэта здзейсніў дар Святога Духа, дар Пяцідзесятніцы. Цяпер нам павінна быць зразумела, што ён бывае магчымы толькі тады, калі чалавек пераадольвае сваю карэнную адчужанасць ад Бога і бліжніх – гэты галоўны яд грахоўнага падзення, і заключае ў сваім сэрцы з дапамогай Хрыста новы саюз з Богам.

Можна лічыць, што першае казанне Новага Запавету, па-сапраўднаму керыгматычнае (абвяшчэнне праўды аб збаўленні чалавецтва Езусам Хрыстом), прамовіў ад імя ўсёй першахрысціянскай супольнасці самы гарачы з вучняў – апостал Пётр. Яно, вядома ж, не выпадковае, у ім сказана самае патаемнае з таго, што «абвяшчаецца на дахах», адкрыта і для ўсіх. Апосталы ўжо больш не баяліся, яны ўжо не маглі больш таіцца ад людзей ды маўчаць. Яны выйшлі і па-прароцку звярнуліся да «горада і свету» (urbi et orbi).

Заўважым, што ці не самы першы вынік Спаслання Святога Духа – адсутнасць боязі ў тых самых вучняў Хрыста, якія дагэтуль збіраліся толькі патаемна «ад страху перад юдэямі» (Ян 20,19). Пра гэты ж дар Святога Духа напісаў потым і святы Павел.

Якія страхі зазвычай перашкаджаюць чалавеку свабодна жыць сёння? Страх смерці, болі, пакутаў, страх зрабіць памылку, згубіць штосьці альбо кагосьці, страх перад невядомым... Гэтыя і іншыя страхі пераплятаюцца, утвараючы свайго роду сетку, якая паралізуе нашыя рухі. Што ж супрацьпастаўляе ім Святы Дух? Па-першае, Ён дае моц, не чалавечую, што толькі падмацоўвае нашую пыху і на якую заўсёды знойдзецца мацнейшая сіла, але дае нам моц Божую, якая здзяйсняецца ў нашай слабасці. А калі Бог за нас, то хто ж супраць нас? (Пар.Рым 8,31) Па-другое, Дух прыносіць з сабою любоў: да Бога, якая дазваляла хрысціянам усіх часоў бясстрашна прымаць пакуты і смерць, бо ў іх чалавек яднаецца з пераможцам смерці Хрыстом; да бліжняга, у якой няма страху страціць блізкіх нам людзей, бо яны належаць не нам, але ідуць сваім шляхам, а страта не можа быць вечнай таму, што вечная толькі любоў. І нарэшце, дар нявіннасці, цнотаў, які супрацьстаіць нашай боязі саміх сябе, боязі ўласных памылак.

Вось і спазналі мы сакрэт перамены Пяцідзесятніцай, вызвалення для сапраўднай хрысціянскай свабоды, якая заклікае нас жыць адкрыта і бясстрашна. Гэтую свабоду дае нам Святы Дух, які нясе з сабою сілу, любоў і цноты.

Пяцідзесятніца – гэта таямніца Хросту Духам Святым, тая самая, што была раней абвешчана Янам Хрысціцелем. Пяцідзесятніца з’яўляецца актуалізацыяй таго, што закладзена ў кожным чалавеку, асабліва праз дзейнасць Хрыста, Яго Крыж і Змёртвыхпаўстанне. Хрыстус ідзе да Айца, а Святы Дух сыходзіць на свет і застаецца з намі.

Касцёл – гэта супольнасць на чале з Хрыстом. У Касцёле, як казаў святы Ерыней Ліёнскі ў канцы ІІ стагоддзя, ёсць «поўня ласкаў і дароў». А дзе ёсць дары Святога Духа, там ёсць і Яго плён.

У Касцёле магчыма рэальная ўзаемадапамога ў рэалізацыі дароў. Яна будуецца на аснове духоўнага ўзаемаразумення і бескарыслівага жадання служыць іншым, выкарыстоўваючы атрыманы ад Бога дар. Таму кожны член Касцёла патрэбны іншым. Калі ж мы абыякавыя да свайго бліжняга (незалежна ад таго, добры ён хрысціянін альбо дрэнны), то мы самі яшчэ не добрыя хрысціяне. Бо сапраўдныя хрысціяне павінны тонка адчуваць пастаянную, неэгаістычную патрэбу ў іншым чалавеку.

Усім нам цяпер вельмі патрэбна паглыбленае адчуванне Касцёла. Нельга верыць у Бога толькі для сябе, толькі «ў душы». Калі ж чалавек кажа, што ён верыць, але з Касцёлам не хоча мець ніякіх дачыненняў, то такая вера вельмі нават сумніўная. Бо калі чалавек не мае той любові да бліжняга, што вядзе яго ў Касцёл, то ці ёсць тады і любоў да Бога? Будзем жа памятаць, што жывая вера і жывая любоў паходзяць ад Хрыста, і ім патрэбна полымя Святога Духа.

 

Кс. Сяргей Сурыновіч
Ave Maria №5-6(108-109) 2004
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.