Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чэрвень прысвечаны Сэрцу Езуса
17.07.2008 14:36
Слуга Божы Ян Павел ІІ падчас чэрвеньскага набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса сказаў: «Я вельмі ўзрадаваны тым, што гэтая пабожная практыка — штодня прамаўляць або спяваць у месяцы чэрвені літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, — (…) застаецца такою жывою і заўсёды падтрымліваецца» (Эльблёнг, 6 чэрвеня 1999 г.).

Чэрвеньскія набажэнствы на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса маюць багатую гісторыю. Прысвяціць месяц чэрвень Сэрцу Езуса першай прапанавала выхаванка пансіёна пры адным з парыжскіх кляштараў Анэля дэ Сэнт-Круа. Аднойчы гэтая дзяўчынка пасля таго, як прыняла святую Камунію, падумала, што калі месяц май прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, было б добра прысвяціць чэрвень Сэрцу Езуса. Яна падзялілася сваімі думкамі з выхавальніцай і сяброўкамі, і ім гэта вельмі спадабалася. Ініцыятыву маленькай Анэлі падтрымалі таксама настаяцельніца кляштара і Парыжскі біскуп. Праз пэўны час прапанова прысвяціць чэрвень Сэрцу Езуса дайшла да Папы, і ў 1873 г. Святы Айцец Пій ІХ зацвердзіў чэрвеньскае набажэнства.

Прысвячэнне чэрвеня асабліваму ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса адбылося не на пустым месцы. За шмат гадоў да гэтага адбыліся важныя аб’яўленні, якія сталі крыніцаю культу Сэрца Езуса. 16 чэрвеня 1675 г. у кляштары візітак у Парэ-лё-Маньяль у Францыі Езус Хрыстус трэці раз аб’явіўся сястры Маргарыце Марыі Алякок, калі тая малілася ў капліцы. Езус сказаў ёй: «Я хачу, каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела з гэтага часу стала асобным святам на ўшанаванне Майго Сэрца і праз святую Камунію і іншыя пабожныя практыкі была прысвечана перапрашэнню за знявагі, якія Я зношу ў той час, калі падчас актавы знаходжуся выстаўленым на алтарах. За гэта Я абяцаю табе, што Маё Сэрца спашле шчодрыя ласкі ўсім тым, хто такім чынам ушануе Маё Сэрца або будзе спрыяць пашырэнню яго ўшанавання». Святая Маргарыта Марыя Алякок і айцец Клод дэ ля Каламб’ер, езуіт, які быў спаведнікам сясцёр візітак, з таго часу пачалі рабіць усё для таго, каб выканаць просьбу Езуса.

Такім чынам, чэрвеньскае набажэнства — гэта пабожная практыка, праз якую мы выяўляем нашую падзяку за тую вялікую любоў, якой нас адорвае Езус Хрыстус. Праз гэтае набажэнства мы жадаем перапрасіць Пана Езуса за ўсе крыўды, якія Ён зносіць ад людзей, калі яны адкідваюць Яго любоў, а асабліва калі абражаецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. З аб’яўленнем Маргарыце Марыі Алякок звязана таксама традыцыя набажэнстваў першых пятніц месяца. Усім тым, хто дзевяць першых пятніц месяца запар будзе прымаць святую Камунію (безумоўна, знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі), Хрыстус абяцае даць ласку вытрываць у добрым да канца, а таксама ласку шчаслівай смерці.

Чэрвеньскае набажэнства на ўшанаванне Сэрца Езуса складаецца з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і спеву або прамаўлення літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэтую літанію склала сястра візітка Жанна Мадлена Жолі. Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса сталі паўсюдна прамаўляць у касцёлах падчас жахлівай эпідэміі, якая ахапіла Марсэль у 1720 г. Дзякуючы гэтай малітве горад быў уратаваны. У 1899 г. Кангрэгацыя Абрадаў зацвердзіла тэкст літаніі, якая складаецца з 33-х просьбаў-зваротаў, што нагадваюць пра кожны з гадоў зямнога жыцця Збаўцы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.