Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на сакавік 2011
01.03.2011 12:55


«Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (пар. Лк 1, 38).

Як і для Марыі, Бог падрыхтаваў для кожнага з нас свой дзіўны план і прагне яго адкрыць, каб пазнаёміць нас з нашай сапраўднай адметнасцю. Ён як быццам кажа нам: «Хочаш, Я зраблю з цябе і з твайго жыцця шэдэўр? Трымайся шляху, які Я табе пакажу, і станеш тым, кім ты заўсёды быў і ёсць у Маім сэрцы! Так, бо Я спрадвеку цябе палюбіў, думаў пра цябе, гэта Я ўпершыню вымавіў тваё імя. Абвяшчаючы Маю волю, Я адкрываю табе тваё сапраўднае «я».

Такім чынам, Божая воля — гэта не прымусовы загад, а адкрыццё Яго любові, Яго задумы. Узнёслая, як сам Бог, яна прыводзіць у захапленне, як Яго Аблічча. У сваёй волі Бог дорыць нам сябе самога.

Божая воля — гэта залатая нітка, з якой тчэцца цудоўны ўзор нашага жыцця (...). Яна выходзіць з вечнасці і ідзе ў вечнасць: пачынаецца ў думцы Бога, праходзіць праз зямное жыццё і працягваецца ў небе.

Але каб Божы план змог рэалізавацца ўпоўні, Бог просіць тваёй і маёй згоды, гэтак жа, як прасіў аб гэтым Марыю. Толькі тады здзейсніцца слова, прамоўленае пра цябе і пра мяне. І мы, як Марыя, пакліканы сказаць у адказ: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова».

Канешне, Яго воля для нас не заўсёды ясная. Мы, як Марыя, павінны прасіць аб святле, каб зразумець, чаго хоча Бог. Трэба ўважліва і з чыстым сэрцам прыслухоўвацца да Яго голасу ў нашай душы і пры неабходнасці радзіцца з тымі, хто можа нам дапамагчы. Але, аднойчы зразумеўшы Яго волю, мы неадкладна скажам Яму: «Так». Бо калі мы сапраўды зразумелі, што Яго воля — гэта самае вялікае і цудоўнае, што толькі можа здарыцца ў нашым жыцці, то нам не трэба будзе мірыцца з ёю як з «неабходнасцю», але мы будзем рады магчымасці выконваць яе і супрацоўнічаць у рэалізацыі Божага «праекту», каб здзейснілася тое, што Ён для нас задумаў. Гэта — самае лепшае, самае разумнае, што мы можам зрабіць.

Такім чынам, словы Марыі «Вось я, слуга Пана...» — гэта і наш напоўнены любоўю адказ на Божую любоў. Гэтыя словы дапамагаюць нам быць заўсёды звернутымі да Бога: слухаць Яго голас, быць паслухмянымі, з адзіным прагненнем — выконваць Яго волю, каб стаць такімі, якімі Ён нас жадае бачыць.

Часам, усё ж, нам можа падацца абсурдным тое, што Ён ад нас просіць. Нам бы хацелася зрабіць ўсё iнакш і самім распараджацца сваім жыццём. Іншы раз у нас нават з’яўляецца жаданне падказаць Богу, што было б лепш ці горш. Але калі я веру, што Бог ёсць Любоў, і давяраюся Яму, то я ўпэўнены: усе тое, што Ён здзяйсняе ў маім жыцці і ў жыцці маіх бліжніх, вядзе да дабра для мяне і для іх. І я аддаюся Яму і з поўным даверам пакладаюся на Яго волю. Прагну яе ўсім сэрцам, аж да з’яднання з ёй у адно, ведаючы, што прыняць Божую волю азначае прыняць самога Бога, адкрыць Яму абдымкі, наталіць Ім душу.

Трэба верыць, што нічога не здараецца выпадкова. Ніякае здарэнне — радаснае, звычайнае ці сумнае, ніякія абставіны ў сям’і, на працы, у школе, ніякі фізічны ці маральны стан здароўя не пазбаўлены сэнсу. Усё — здарэнні, акалічнасці, людзі — нясе ў сабе нейкую вестку ад Бога, усё садзейнічае выкананню Божай задумы. І паступова, дзень за днём мы зможам яе адкрыць, выконваючы, як Марыя, Божую волю.


«Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (пар. Лк 1, 38).

Але як жыць гэтым словам? Нашае «так» Божаму слову на практыцы азначае добрасумленна і да канца выконваць у кожным моманце тое дзеянне, якога ад нас патрабуе Божая воля. Трэба «ўкласці» ў гэтую працу ўсяго сябе і выключыць усё тое, што да яе не адносіцца: думкі, жаданні, успаміны, якія датычацца іншых рэчаў.

Якая б ні была Божая воля — радасная, сумная ці штодзённая — мы заўсёды можам сказаць Богу: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова». Ці паўтараць, як нас навучыў Езус у малітве «Ойча наш»: «Будзь воля Твая». Перш, чым штосьці распачаць, скажам Яму: «няхай будзе» (...). І тады імгненне за імгненнем, шкельца за шкельцам мы складзём цудоўную, унікальную, непаўторную мазаіку нашага жыцця, якую Пан спрадвеку задумаў для кожнага з нас.

К’яра Любіч,
апублікавана ў 2002 годзе

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.