Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на май 2011
29.04.2011 12:26


«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім» (Мц 22, 37)

«Якая запаведзь найбольшая ў Законе?» У часы Езуса гэтае пытанне было класічнай тэмай дэбатаў у рабінскіх школах. І Езус, якога лічылі Настаўнікам, таксама ад яго не ўхіліўся і даў арыгінальны адказ, спалучаючы ў адно цэлае любоў да Бога і любоў да бліжняга. Яго вучні ўжо ніколі не змогуць раздзяліць гэтыя «дзве любові», таксама як немагчыма аддзяліць карані дрэва ад яго кароны: чым больш яны любяць Бога, тым мацнейшай становіцца любоў да братоў і сясцёр; і чым больш яны любяць братоў і сясцёр, тым глыбейшай становіцца іх любоў да Бога.

Езус, як ніхто іншы, ведае, кім ёсць Бог, якога мы павінны любіць, і ведае, як Яго трэба любіць: Бог — гэта Яго Айцец і наш Айцец, Ягоны Бог і наш Бог (пар. Ян 20, 17). Гэта Бог, які любіць кожнага асабіста — любіць мяне, любіць цябе. Гэта мой Бог, гэта твой Бог («любі Пана Бога твайго»).

І мы таксама можам Яго любіць, таму што Бог першы нас палюбіў. Такім чынам, запаведаная нам любоў будзе адказам на любоў Бога.

«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім» (Мц 22, 37)

Мы можам звяртацца да Бога з такім жа глыбокім даверам, які меў да Яго Езус, называючы Бога «Абба» — Ойча. Мы можам часта размаўляць з Богам, як рабіў Езус, адкрываючы Яму ўсе нашыя патрэбы, намеры, задумы, пацвярджаючы Яму нашу выключную любоў. І так жа, як Езус, мы прагнем з’яднацца з Богам у глыбокай малітве — дыялогу і супольнасці душаў, у шчырых сяброўскіх адносінах, з нецярпеннем чакаючы гэтага часу. І тады, нарэшце, мы зможам выразіць Яму ўсю нашу любоў: пакланяцца Яму, які жыве па-за межамі стварэння; праслаўляць Яго — прысутнага ў цэлым Сусвеце; спяваць Яму ў глыбіні нашага сэрца ці перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам; думаць пра Яго паўсюль — там, дзе мы ёсць: у пакоі, у рабочым кабінеце, на сустрэчах...

«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім» (Мц 22, 37)

Езус вучыць нас, як яшчэ можна любіць Бога. Любіць азначала для Езуса выконваць волю Айца, аддаючы ў Яго распараджэнне розум, сэрца, энергію і само жыццё. Ён аддаў Айцу ўсяго сябе, каб здзейснілася ўсё тое, што Айцец для Яго задумаў. Евангелле паказвае нам Езуса заўсёды і цалкам звернутага да Айца (пар. Ян 1, 18), заўсёды ў еднасці з Ім, заўсёды гатовага гаварыць толькі тое, што пачуў ад Айца, рабіць толькі тое, што сказаў Яму Айцец.

Гэтага самага Бог жадае ад нас.

Любіць азначае выконваць волю Любімага, і не на палову, а ўсім нашым існаваннем: «усім сэрцам, усёй душой, усім розумам». Любоў — гэта не проста пачуцце. «Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане“, а не выконваеце таго, што Я кажу?» (Лк 6, 46) — пытаецца Езус у тых, хто «любіць» Яго толькі на словах.

«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім» (Мц 22, 37)

Як жыць на практыцы гэтай запаведдзю Езуса?

Вядома, падтрымліваючы сяброўскія і сыноўнія адносіны з Богам. І асабліва — выконваючы Яго волю.

Нашы адносіны да Бога павінны стаць такімі, як адносіны Езуса да Айца: быць заўсёды звернутымі да Айца, слухаць Яго, быць паслухмянымі, каб ажыццявіць Яго задуму, толькі гэтую і ніякую іншую.

У гэтым ад нас патрабуецца найвышэйшая радыкальнасць, таму што Богу нельга даць менш, чым усё: усё сэрца, усю душу, увесь розум. Гэта азначае — добра і да канца выконваць тое, аб чым Ён нас просіць.

Каб жыць па Божай волі і ёй адпавядаць, нам часта давядзецца «паліць у агні» нашу асабістую волю, ахвяруючы ўсё тое, што ў нашым сэрцы ці ў думках не датычыць цяперашняга моманту. Гэта можа быць пэўная ідэя, ці пачуццё, ці думка, пэўнае жаданне, успамін, рэч ці асоба... І тады мы цалкам апынемся ў тым, што будзе ад нас патрабавацца ў цяперашні момант. Размаўляць, званіць па тэлефоне, слухаць, дапамагаць, вучыцца, маліцца, есці, спаць.... — жыць Божай воляй без адхіленняў, выконваць дасканала, «чыста», усім сэрцам, душой і розумам кожнае дзеянне, даводзячы ўсё да канца. Адзіным маторам усіх нашых дзеянняў павінна быць любоў, каб у кожны момант дня мы змаглі сказаць: «Так, Божа мой, у гэтым імгненні, у гэтым дзеянні я любіла Цябе ўсім сэрцам, усім маім існаваннем». Толькі тады мы зможам сказаць, што сапраўды любім Бога, і аддзячыць Яму за Яго любоў да нас.

«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім» (Мц 22, 37)

Каб жыць гэтым Словам жыцця на практыцы, было б карысна час ад часу запытацца ў саміх сябе: Бог сапраўды знаходзіцца на першым месцы ў маёй душы?

І ўрэшце, што нам трэба рабіць у гэтым месяцы? Неабходна нанава выбраць Бога Ідэалам (...) нашага жыцця: паставіць Яго на першае месца, дасканала выконваць Яго волю ў цяперашняй хвіліне. Мы павінны здолець сказаць Яму шчырым сэрцам: «Мой Бог і маё Усё», «Люблю Цябе», «Я — уся твая», «Ты — Бог, Ты — мой Бог, наш Бог — бясконцая Любоў».

К’яра Любіч,
апублікавана ў 2002 годзе

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.