Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
| Мц 25, 31-46 |
| 23.11.2014 03:00 |
|
«Сядзе на троне славы сваёй і аддзеліць адных ад другіх» У той час: Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне. Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе? I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі. Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе? Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.


для друку