| Мк 6, 17-29 |
| 29.08.2016 03:00 |
|
Хачу, каб ты даў мне зараз жа на місе галаву Яна Хрысціцеля У той час: Ірад паслаў схапіць Яна і зняволіў яго ў вязніцы
з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ажаніўся з ёй. Бо Ян
казаў Іраду: Не дазволена табе мець жонку брата твайго. А Ірадыяда
злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, таму што Ірад баяўся
Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат
разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай. І настаў
зручны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін прыгатаваў вячэру сваім
вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім. І ўвайшла дачка гэтай
Ірадыяды, і танцавала. І спадабалася яна Іраду і яго гасцям. Кароль
сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе. І шмат у чым
пакляўся ёй: Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства.
Яна выйшла і сказала маці сваёй: Чаго мне папрасіць? Тая адказала:
Галаву Яна Хрысціцеля. І яна адразу хутка ўвайшла да караля і
папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты даў мне зараз жа на місе галаву Яна
Хрысціцеля. Кароль вельмі засмуціўся, але з-за клятвы і тых, хто быў пры
стале, не захацеў ёй адмовіць. Кароль адразу паслаў ката і загадаў
прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву, і прынёс
на місе ягоную галаву, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй
маці. |


для друку