Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Лк 1, 5-25
19.12.2016 03:00

«Арханёл Габрыэль прадказвае нараджэнне Яна Хрысціцеля».

У часы Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар па імені Захарыя, з роду Абія. Жонка ягоная была з роду Аарона; і было імя яе Альжбета. Абодва яны былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце.

Калі Захарыя па вызначанай чарзе выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму, паводле святарскага звычаю, выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб кадзіць. Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння.

І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. І збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго.

Анёл жа сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян. І будзе табе радасць і вяселле, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, і не будзе піць ні віна, ні хмяльнога напою, і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй. І многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана Бога іхняга. І пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, непаслухмяных да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць для Пана народ дасканалы. І сказаў Захарыя анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце.

І сказаў анёл яму ў адказ: Я, Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе добрую вестку. І вось будзеш ты маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.

Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні. А калі ён выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што меў аб’яўленне ў святыні. Ён жа гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.

А калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом. Пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, і казала: Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Цытата дня

15.07 03:00Мц 23, 8-12
14.07 03:00Мц 10, 16-23
13.07 03:00Мц 10, 7-15
12.07 03:00Мц 10, 1-7
11.07 03:00Мц 19, 27-29
10.07 03:00Мц 9, 18-26
09.07 03:00Мц 11, 25-30
08.07 03:00Мц 9, 14-17
07.07 03:00Мц 9, 9-13
06.07 03:00Мц 9. 1-8