Мк 5, 1-20 |
30.01.2017 03:00 |
«Выйдзі з чалавека, нячысты дух». У той час: Езус і Яго вучні прыбылі на другі бок мора ў
краіну гадарэнаў. А калі Ён выйшаў з чаўна, Яму насустрач адразу выйшаў
чалавек з могілак, апанаваны нячыстым духам. Жыллё ягонае было сярод
магілаў. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом, таму што часта яго
знявольвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разбіваў ланцугі і кайданы, і
ніхто не мог яго ўтаймаваць. Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў грабніцах і
ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі. Калі ж ён
здалёк убачыў Езуса, падбег і пакланіўся Яму, і закрычаў моцным голасам,
кажучы: Што Табе да мяне, Езу, сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю
Цябе, не мучай мяне. Бо Езус сказаў яму: Выйдзі з чалавека, нячысты дух.
І спытаўся ў яго: Як тваё імя? Той адказаў: Маё імя легіён, бо нас
шмат. І моцна прасіў Яго, каб не выганяў іх з гэтай ваколіцы. Пасвіўся
там каля гары вялікі статак свіней. І прасілі яго нячыстыя духі,
кажучы: Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх. І Ён дазволіў ім. І
выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і статак, каля дзвюх
тысяч, з абрыву кінуўся ў мора, і патанулі яны ў моры. Свінапасы
ж паўцякалі і абвясцілі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі
паглядзець, што адбылося. Яны прыйшлі да Езуса і ўбачылі, што апантаны, у
якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.
А тыя, хто бачыў, расказалі ім пра тое, што адбылося з апантаным і са
свіннямі. Тады пачалі яны прасіць Езуса, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.
|