Лк 15, 1-3. 11-32 |
18.03.2017 03:00 |
«Гэты брат твой быў мёртвы і ажыў». У той час: Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб
паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае
грэшнікаў і есць з імі. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: У
аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: Ойча, дай
належную мне частку маёмасці. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз
некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там
растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі ён аддаў усё,
настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і
наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі
пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні,
але ніхто не даваў іх яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: Колькі
наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду.
Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць
неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як
аднаго з наймітаў тваіх. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі. А
калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны, і зжаліўся, і, пабегшы,
кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: Ойча, зграшыў я
супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Бацька
ж сказаў слугам сваім: Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце
яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце
адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў
памерлы і ажыў, прапаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца. А
старэйшы сын ягоны быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому,
пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся: Што гэта
такое. Той адказаў яму: Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў
адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым. Ён
разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў
прасіць яго. Але ён адказаў бацьку: Вось я столькі гадоў служу табе і
ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляня,
каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які
змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае
цяля. |