Ян 11, 3-7. 17. 20-27. 33b-45 |
02.04.2017 03:00 |
«Я — уваскрасенне і жыццё». У той час: Сёстры паслалі сказаць Езусу: Пане, той, каго
Ты любіш, хворы. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: Гэтая хвароба не вядзе да
смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе. Езус
жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе,
заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў
вучням: Пойдзем зноў у Юдэю. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо
чатыры дні ў магіле. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна
выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу:
Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб
чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе. Езус сказаў ёй:
Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас
уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё.
Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у
Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта? Яна адказала Яму:
Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў
свет. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: Дзе вы паклалі
яго? Адказалі Яму: Пане, ідзі і паглядзі. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі:
Глядзі, як Ён любіў яго. А некаторыя з іх сказалі: Ці не мог Ён, які
адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр? Езус жа,
ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень
ляжаў на ёй. Кажа Езус: Адсуньце камень. Сястра памерлага, Марта, кажа
Яму: Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр. Езус кажа Ёй: Ці
не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? Тады
адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты
пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу,
які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэта,
крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі. І выйшаў памерлы з нагамі і
рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус
кажа ім: Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць.
|