Ян 21, 1-14 |
21.04.2017 03:00 |
«Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу». У той час: Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля
Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы
Дыдым, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў
Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы
пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі. Калі
ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў
Езус. Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не. А Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады
вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: Гэта Пан. Калі Сымон Пётр
пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў
мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага,
локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою. І калі
выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і
хлеб. І сказаў ім Езус: Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі. Пайшоў
Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто
пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім
Езус: Хадзіце ж, снедайце! Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго:
Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім,
а таксама і рыбу.
|