Лк 24, 13-35 |
19.04.2017 03:00 |
«Пазналі Яго ў ламанні хлеба». Вось двое вучняў Езуса ў той жа дзень (першы пасля суботы) ішлі ў
вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад
Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі
яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з
імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён
сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся,
поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты
напэўна адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там
сталася. І спытаў у іх: Што? Яны сказалі Яму: Тое, што
сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове
перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі
Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен
вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень,
як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі
на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі,
што яны бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І
пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі
жанчыны, але Яго не бачылі. Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і
марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба
было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад
Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні
датычыла Яго. І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён
зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы:
Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб
застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго,
паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але
Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў
нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам
Пісанне?
|