Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мосар — парафія Святой Ганны |
Адрас: в. Мосар
ыЗ гісторыі парафіі Гісторыя касцёла і парафіяльнага цэнтра ў Мосары вельмі багатая. Парафіяльны касцёл пад тытулам св. Ганны фундаваны графам Робертам і Ганнай Бжастоўскімі, уладальнікамі Мосара. 8 сакавіка 1792 г. яны адпісалі на гэтую мэту 1000 злотых, фундуш быў зацверджаны 13 сакавіка 1792 г. эдыктам віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага. Прамавугольная па форме святыня пабудавана ў стылі неакласіцызму. На фасадзе змяшчаўся надпіс: «Дом Мой ёсць домам малітвы», які быў знішчаны пасля ІІ Сусветнай вайны. Будынак касцёла аднаўлялі ў 1922 г. і ў 90-я гг. ХХ стагоддзя. Напачатку пры касцёле была драўляная званіца, у 1926 г. на ахвяраванні вернікаў пачалося будаўніцтва мураванай, скончанае ў 1931 г. Галоўным святам парафіі з’яўляецца ўстаноўлены папам Піем Х у 1908 г. адпуст св. Яна Хрысціцеля, які ўрачыста адзначаецца 24 чэрвеня. У касцёле захаваліся табліцы з дакументамі аб кансэкрацыі касцёла, сапраўднасці рэліквіяў св. Юстына, якія атрымаў Антоній Кошчыц, староста Замыцкі ад Святога Айца Бэнэдыкта XIV (прывезеныя ў якасці асабістага падарунку пасля яго пілігрымкі ў Рым у 1754 г.), і аб устанаўленні дня адпусту св. Яна Хрысціцеля. Касцёл і парафія на працягу двухсотгадовай гісторыі перажывалі вялікія выпрабаванні веры. Спачатку тут спрабавалі ўвесці ў літургію рускую мову, пасля хацелі замяніць касцёл на праваслаўную царкву. Парафія перажывала росквіт у 30-я гг. ХХ ст., калі ў ёй налічвалася 5706 вернікаў. Тады паўсталі шматлікія парафіяльныя супольнасці і колы, нават ІІІ закон св. Францішка. Падчас ІІ Сусветнай вайны касцёл дзейнічаў, а пасля яе, насуперак спробам зачыніць святыню, тут працаваў пасля вяртання з сібірскай ссылкі кс. Міхал Сухарэвіч, які абараняў веру і парафію да сваёй смерці ў 1961 г. Святара не было да 1988 г., але вернікі збіраліся ў касцёле, маліліся, нягледзячы на пераслед. З 1988 г. апеку над парафіяй і касцёлам прыняў кс. Уладзіслаў Завальнюк, а з 1990 г. быў прызначаны пастаянны пробашч кс. пралат Юзаф Булька, які аднавіў касцёл. Перад святыняй закладзены парк, упарадкаваны могілкі і пабудавана 14 стацый Крыжовага шляху – Мосарская Кальварыя. Акрамя гэтага, кс. пралат Юзаф Булька пабудаваў касцёл у Варапаеве, больш за 100 прыдарожных фігур і крыжоў, а таксама грот Маці Божай і парафіяльны дом у Мосары. На тэрыторыі мосарскай парафіі знаходзяцца дзве філіяльныя капліцы: у Папшыцах і Салудках. У Папшыцах, якія аддалены ад Мосара на 15 км і знаходзяцца бліжэй да Глыбокага, – капліца пад тытулам Святога Духа, у Савутках, за 5 км ад Мосара, – капліца пад тытулам св. Юзафа Рамесніка. |
||
Адноўлена 11.10.2016 17:52 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.