Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Лепель — парафія Святога Казіміра |
Адрас: г. Лепель
фЗ гісторыі парафіі Першыя звесткі аб парафіі паходзяць з 1604 г., калі Леў Сапега аддаў гэта мястэчка віленскім законніцам бэрнардынкам, якія працавалі пры касцёле св. Міхала. У 1604 г. ён фундаваў і багата абсталяваў касцёл, які нагадваў вялікі карабель. Гэта быў адзін з першых трох касцёлаў на Полацкай зямлі. Святыня гарэла два разы, і пасля апошняга пажару ў 1833 г. набажэнствы адбываліся ў драўляным касцёле, перабудаваным з плябаніі. У 1857–1876 гг. быў пабудаваны мураваны касцёл пад тытулам св. Казіміра – помнік архітэктуры позняга класіцызму ў раманскім стылі, які да нашых дзён упрыгожвае цэнтр горада. Фундатарам касцёла быў мясцовы шляхціц Мальчэўскі. У лепельскай парафіі ў часы будаўніцтва святыні налічвалася 2976 католікаў, 400 з якіх пражывалі ў горадзе. Касцёл належыць да тыпу базылікальных святыняў, дзвюхвежавы, з цікавай унутранай кампазіцыяй. У галоўным барочным алтары змяшчаліся фігуры святых Пятра і Паўла і дэкаратыўныя вазы. Да найбольш вядомых абразоў належалі «Узвышэнне Святога Крыжа» і абраз святога Казіміра. З левага і правага боку знаходзіліся прыгожыя бочныя алтары ў стылі барока. Ва ўсходняй частцы святыні мясціліся хоры. На пачатку свайго існавання парафія св. Казіміра мела яшчэ некалькі капліцаў і касцёлаў у іншых паселішчах. Звычайна яны знаходзіліся ў багатых шляхецкіх маёнтках. У маёнтку Пышна ў 1780 г. намаганнямі шляхціца Шчытаў Кашчыца, які служыў тады пры каралеўскім двары, быў пабудаваны касцёл. У маёнтках Межычы і Лусішчы ў 1909 г. былі пабудаваныя і асвечаныя кс. Паўлам Карповічам драўляныя касцёлы, але ніводны з іх не захаваўся да нашых дзён. Касцёл св. Казіміра зноў пачаў дзейнічаць у 90-я гг. мінулага стагоддзя. З 1993 г. ў касцёле адбываюцца рэгулярныя набажэнствы, а ў 1995 г. касцёл нанава асвяцілі. Выгляд касцёла цяпер вельмі змяніўся, ён атынкаваны і пабелены як звонку, так і ўнутры. Змяніліся і касцёльныя вежы. Старыя роспісы на сценах замаляваныя. У галоўным алтары змешчаны абразы Пана Езуса і св. Казіміра, у левым бочным алтары – абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Алтары і лаўкі ў касцёле зроблены з дрэва і ўпрыгожаны разьбою. На тэрыторыі парафіі знаходзіцца вёска Весялова, дзе была зарэгістравана парафія. |
||
Адноўлена 11.10.2016 16:30 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.