Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ула — парафія Святой Троіцы |
Адрас: а.г. Ула
ыЗ гісторыі парафіі У Лепельскім павеце, над Дзвіною, пры ўпадзенні ў яе ракі Улы, у старажытнасці знаходзілася мястэчка, якое па назве рэчкі называлася Ула. Гісторыя тутэйшай парафіі пачалася з XVII ст. У 1699 г. тут на месцы зруйнаванага сярэднявечнага замка, каралеўскі сакратар Яўстахі Лукомскі і Браніслаў Прысецкі пабудавалі драўляны касцёл пад тытулам Святога Духа і перадалі яго айцам дамініканцам (рэзідэнцыі дамініканцаў з Чашнікаў), даючы на ўтрыманне айцоў маёнтак. На жаль, у 1782 г. адзін з нашчадкаў фундатара Прысецкага адабраў у дамініканцаў маёнтак і яны былі вымушаны пакінуць Улу. У 1800 г. новы ўладальнік Улы Ігнацы Рэут аднавіў фундацыю і заснаваў у мястэчку парафію. У 1853–1864 гг. дзякуючы вялікім намаганням, нястомнай працы і невычарпальнай энергіі ксяндзоў Якусевіча і Матузы ўдалося пабудаваць сучасную святыню: паўстаў мураваны касцёл, помнік архітэктуры позняга класіцызму. Гэта парафія, заселеная амаль выключна католікамі, мела вельмі нязручнае становішча: касцёл знаходзіўся на паўвостраве, адсечаны рэкамі ад усёй парафіі, дзе калісьці налічвалася 4860 вернікаў (яна была адной з самых шматлюдных). У 1812 г. тут працавалі 3 вікарыі, якімі на працягу доўгага часу былі кс. бэрнардынцы. Гэтыя людзі аддана любілі касцёл і людзей, энергічна змагаліся з п’янствам, звярталіся да людскіх сэрцаў на беларускай мове, прыгожа спявалі. Іх называлі нават Божымі апосталамі. Але пастаянныя змены святароў фатальна адбіліся на стане парафіі, дзе раней было і некалькі уніяцкіх цэркваў, у тым ліку пабудаваных дамініканамі. Касцёл у прыгожым неакласіцыстычным стылі, з дзвюма нізкімі вежамі, у 1914 г. быў цалкам адрамантаваны і абгароджаны. Галоўны алтар славіўся старажытнымі абразамі, напрыклад, абразом Маці Божай у срэбных шатах і вельмі старажытным абразом св. Антонія. Парафіяльны касцёл ужо ў 1935 г. быў адабраны ўладамі і прызначаны пад склад збожжа. Пасля яго перарабілі пад клуб, а ў 60-я гады мінулага стагоддзя спалілі. У 90-я гады наступілі змены. 19 ліпеня 1992 г. быў прыняты статут парафіі Найсвяцейшай Тройцы, і да яе тэрыторыі далучыліся вёскі не толькі з Бешанковіцкага, але і з Шумілінскага раёна. Парафіяне атрымалі і руіны касцёла. Дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Мечыслава Янцышына і вернікаў у 1999 г. касцёл быў адбудаваны, 18 верасня адбылася яго кансэкрацыя, здзейсненая кс. кардыналам Казімірам Свёнткам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Крыху раней кс. Мечыславам Янчышыным была пабудавана капліца ў вёсцы Мікалаева, дзе цяпер ужо зарэгістравана парафія. На жаль, вернікі Улы не маюць пастаяннага святара, сюды прыязджае пробашч з Бешанковічаў. Падчас візітацыі вернікі выказалі надзею на тое, што па магчымасці, кс. біскуп прызначыць сюды пастаяннага пробашча. |
||
Адноўлена 11.10.2016 16:39 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.