Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Усіх Святых
17.07.2008 14:33
1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ў адной літургічнай цэлебрацыі аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе.

Наступны дзень, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

На працягу актавы Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, гэта значыць з 1 па 8 лістапада, Касцёл будзе асаблівым чынам маліцца за памерлых. У гэты час Касцёл дае нам магчымасць атрымаць поўны адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі, — які можна ахвяраваць за душы памерлых. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання — споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі. Больш падрабязную інфармацыю пра адпусты можна атрымаць у святароў або знайсці ў малітоўніку «Ойча наш» (1-е выданне — с. 331; 2-е выданне — с. 343).

Усе каталікі павінны паклапаціцца пра тое, каб перад святамі прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама занядбаныя магілы паблізу. Згодна з хрысціянскай традыцыяй недапушчальна прыносіць і спажываць на могілках ежу і спіртныя напоі, а таксама класці іх на магілы. Годным успамінам пра памерлых з’яўляецца запаленая на магіле свечка (або зніч) і кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы.

Глядзі таксама:
«Хэлоўін» — не для хрысціянаў!

Адноўлена 15.07.2009 16:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.