Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на кастрычнiк 2016
03.10.2016 21:54

Прэзентацыя >>>

«Даруй крыўду бліжняму твайму, і тады па малітве тваёй даруюцца грахі твае» (Сiр 28, 2).


У грамадстве, поўным насілля, такім, як тое, у якім мы жывём, прабачэнне з'яўляецца цяжкай справай. Як можна дараваць таму, хто разбурыў сям'ю, хто здзейсніў велізарнае злачынства ці таму, хто нас паранiў проста да жывога ў асабістых справах, руйнуючы нашу кар'еру, здрадзiўшы наш давер?

Інстынктыўна першым рухам бывае жаданне адплаціць злом за зло, а помста раскручвае спіраль нянавісці і агрэсіі, якая вядзе да здзiчэння грамадства. Таксама як i разарванне любых адносінаў, вырошчванне крыўды і абурэння, прыняцце паставы, якая напаўняе жыццё горыччу і атручвае адносіны.

Гэтае Слова Жыцця ўваходзіць з моцаю ў самыя розныя канфліктныя сітуацый і без недасказанасці прапануе самае цяжкае і адважнае рашэнне: дараваць.

Даруй крыўду бліжняму твайму, і тады па малітве тваёй даруюцца грахі твае.


На гэты раз заахвочванне зыходзіць ад старажытнага мудрага жыхара Ізраэля, ад Сираха, які паказвае абсурднасць просьбы прабачэння, звернутай да Бога ад асобы, якая сама не можа дараваць. «Каму [Бог] даруе грахі? – чытаем у старым тэксце габрэйскай традыцыі. – Таму, хто сам можа дараваць» (пар. Вавілонскі Талмуд, Мегіла 28а). Менавiта гэтаму сам Езус вучыў нас у малітве, якую мы кiруем да Айца: «Ойча ... адпусцi нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым» (Мц 6, 12).

Мы таксама ўпадаем у грэх, і кожны раз хочам, каб нам было даравана! Просім і маем надзею, што зноў атрымаем шанец распачаць усё нанова, што нас нанова адораць даверам. А калі так ёсць для нас, ці не будзе гэтаксама i для іншых? Хіба мы не павінны любіць сваіх бліжніх, як саміх сябе?

К'яра Любіч, якая ніколі не перастае натхняць нашае жаданне зразумець Слова, так каментуе заахвочванне да прабачэння: «Прабачэнне — гэта не забыццё, якое часта азначае ўцёкі ад таго, каб стаяць тварам да твару з рэальнасцю. Прабачэнне — гэта не слабасць, не маўчанне аб несправядлівасці з-за страху перад тым, мацнейшым, хто яе дапусціў. Прабачэнне не палягае на пагардзе да таго, што з'яўляецца значным, анi на акрэсленнi таго, што такое дабро, а што — зло. Прабачэнне ёсць актам волі і поўнае свядомасці, а найбольш — свабоды, якая заключаецца ў прыняцці свайго брата такiм, якiм ён ёсць, нягледзячы на тое зло, якое ён нам учынiў, гэтак жа як Бог прымае нас, грэшных, нягледзячы на нашыя недахопы. Прабачэнне палягае на тым, каб не адказваць узаемна абразай на абразу, але рабіць тое, аб чым кажа апостал Павел: «Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром» (Рым 12, 21).

Прабачэнне палягае на стварэннi магчымасцi новых адносін з табою для таго, хто цябе пакрыўдзiў; і тады адкрываецца і для яго, і для цябе шанец новага жыцця — будучынi, у якой зло не будзе мець апошняга слова».

Даруй крыўду бліжняму твайму, і тады па малітве тваёй даруюцца грахі твае.

Слова Жыцця дапаможа нам супрацьстаяць спакусе адразу ж рэагаваць, неадкладна «адузаемнiць» злом. Гэта дапаможа нам зірнуць новымі вачыма на таго, хто нам «вораг», убачыць у ім брата, які — хоць і дрэнны — мае патрэбу ў кімсьці, хто б яго любіў і дапамог яму змяніцца. Гэта будзе наша «помста любові».

«Скажаш: «Але гэта цяжка», — працягвае К'яра ў сваім каментары. — Гэта зразумела. Аднак у гэтым прыгажосць хрысціянства. Не выпадкова ж ты паслядоўнік Бога, які, памiраючы на крыжы, прасіў Айца дараваць тым, хто выдаў Яго на смерць. Адвагi! Так пачынаецца жыццё. Цябе напаўняе супакой, якога ты ніколі не адчуваў раней, і вялiкая невядомая радасць».

А. Фабіа К’ярдзі OMI

Адноўлена 05.10.2016 16:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.