Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Бруна Баніфацый з Кверфурта
12.07.2011 12:26

12 ліпеня Каталіцкі Касцёл узгадвае постаць св. Бруна з Кверфурта. Дзейнасць гэтага святога, а менавіта навяртанне язычнікаў, цесна звязана з землямі былой Кіеўскай Русі, тэрыторыяй пражывання печанегаў і цяперашняй Польшчай.

Бруно Баніфацый з Квенфурта быў прыхільнікам і рэалізатарам паяднання паміж усходняй і заходняй цывілізацыямі, вестуном спакою паміж народамі і адзінства сярод дзяржаў.

Бруно нарадзіўся каля 974 у Кверфурце (цяперашняя Германія) у сям’і арыстакратаў. Адукацыю атрымаў у Магдэбургу, пасля чаго служыў канонікам. Крыху пазней быў прадстаўлены да двара імператара Аттона ІІІ і ў 997 г. стаў яго капеланам. Вялікім узрушэннем для абодвух стала вестка аб мучаніцкай смерці св. Войцеха.

Прыехаў з імператарам у Рым, дзе і застаўся. Але вырашыў пакінуць прыдворную кар’еру і ўступіць у закон бэнэдыктынцаў у кляштар на Авеціме. У хуткім часе пазнаёміўся са св. Рамуальдам, вядомым рэформамі супольнасці, спалучанымі з шырокай місійнай дзейнасцю. Разам з ім у 1001 г. прыбыў у Перэум (Італія).

Па жаданні польскага караля Баляслава Адважнага восенню гэтага года ў  Польшчу накіравалася першая місійная група.

У 1002 г. адбылося біскупскае пасвячэнне св. Бруна. Імператар Генрых ІІ уручыў яму палій, нададзены папам Сільвестрам ІІ. Пасля быў накіраваны прапаведваць у Венгрыю сярод так званых «чорных» венграў. Пасля вярнуўся ў Германію. У 1007 г. адбылося другое падарожжа ў Венгрыю, адкуль святы накіраваўся на землі Кіеўскай Русі, а пасля і да печынегаў, каб прапаведваць ім хрысціянства. У 1008 г. вярнуўся ў Польшчу, адкуль накіроўваў місіянераў у Швецыю.

На пачатку 1009 г. разам з групай місіянераў накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Прусію. Панёс мучаніцкую смерць у сакавіку 1009 г. Дакладнае месца смерці невядома. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што адбылося гэта на мяжы Русі і Літвы.

Быў кананізаваны ў 1024 г. Напісаў два агіяграфічныя творы: «Жыццё св. Войцеха» і «Жыццё пяці братоў мучанікаў». Захаваўся таксама ліст св. Бруно да імператара Генрыха ІІ.

З’яўляецца апякуном Ломжыцкай дыяцэзіі (Польшча). У гонар святога названы некаторыя парафіі Польшчы, а таксама парафія ў Чыкага (ЗША).

Адноўлена 12.07.2011 12:51
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.